Адміністрацыя прэзыдэнта адказала віцебскім вернікам на просьбу аб вяртанні ксяндза Паўла Кнурэка
Віцебскія вернікі-каталікі атрымалі адказ з Адміністрацыі прэзыдэнта на просьбу дазволіць пробашчу катэдральнага касцёлу ў Віцебску ксяндзу Паўлу Кнурэку служыць у Беларусі, паведамляе “Віцебская Вясна”. Адміністрацыя выказала меркаванне, што Ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў, які не працягнуў ксяндзу дазвол на служэнне, беларускага заканадаўства не парушаў.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзянаў Рыгор Шлык запэўніў, што ў Адміністрацыі прэзыдэнта зварот вернікаў быў уважліва разгледжаны. Паведаміў, што, згодна з беларускім заканадаўствам, Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў “не абавязаны раскрываць прычыну сваіх рашэнняў”.
“Мяркуем, што пры прыняцці рашэння Упаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў аб непрацягненні знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь грамадзяніна Паўла Кнурэка нормы беларускага заканадаўства не парушаныя”, – гаворыцца ў адказе з Адміністрацыі.
Павал Кнурэк, які мае польскае грамадзянства, праслужыў у Віцебску крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск святар амаль 17 год узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён).
Спачатку віцебскія каталікі звярталіся да Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, каб змяніў рашэнне, але атрымалі адмоўны адказ. Гуляка напісаў, што “падставаў для перагляду прынятага рашэння ня маецца”.
Тады вернікі напісалі прэзыдэнту. Пад калектыўным зваротам да яго падпісаліся каля 500 чалавек.
“На наш погляд, адбываецца неабгрунтаванае умяшанне з боку дзяржавы ў справы Касцёлу. Нам не хацелася б сумнявацца ў прыхільных адносінах Дзяржавы да Каталіцкага касцёлу, пра якое заўсёды гаворыцца і падкрэсліваецца. Ці ў гэтых адносінах нешта змянілася і каталікі перасталі быць часткай нашага народа?..” – пыталіся ў лісце вернікі.