“Пратэстуем супраць затрыманняў літаратараў, музыкаў і іншых мірных удзельнікаў Дня Волі”
Беларускі ПЭН-цэнтр асуджае затрыманні літаратараў, музыкаў і іншых удзельнікаў мірнай акцыі – святкавання Дня Волі - 101 угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
25 сакавіка ў Мінску затрымалі вядомых беларускіх музыкаў. Выканаўцы анансавалі вулічны канцэрт, але яшчэ перад яго пачаткам на месцы правядзення меркаванай імпрэзы да сябра ПЭН-цэнтра Лявона Вольскага падышлі супрацоўнікі міліцыі і папярэдзілі, што канцэрт будзе лічыцца "несанкцыянаваным мерапрыемствам". Праз некалькі хвілін адбылося затрыманне (канцэрт яшчэ не быў распачаты). Сярод затрыманых выканаўцаў: Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевiч, Ігар Варашкевiч, Павел Аракелян.
Праз дзве з паловай гадзіны музыкаў вызвалілі, склаўшы пратаколы затрыманя (але не правапарушэння) і правёўшы “прафілактычную гутарку”.
Беларускі ПЭН-цэнтр канстатуе, што 25 сакавіка 2019 года ў Мінску было парушана права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання.
У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі спыніць затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый і вызваліць іншых затрыманых падчас святкавання Дня Волі.
Рада Беларускага ПЭН-цэнтру.