viasna on patreon

У Рагачове спынена экстрэмісцкая справа

2019 2019-04-06T12:18:04+0300 2019-04-06T12:19:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenko_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рагачоўскі аддзел унутраных спраў спыніў распачатую адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара райцэнтра Сяргея Аляксейкава. Пра гэта 6 красавіка «Гомельскай Вясне» паведаміў сам Аляксейкаў.

Сяргей Аляксейкі і Леанід Судаленка ў судзе. Фота:

У верасні 2018 года Аляксейкаў пракаментаваў у Facebook у групе "За Еўрапейскую Беларусь" матэрыял пад назвай "Спецназавец са Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку". Жудасны ўчынак п'янага спецназаўца ён назваў "шуняўскім тэатралам".

Міліцыя склала і перадала ў суд адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.11 КаАП, абвінаваціўшы мужчыну ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раённая суддзя Валянціна Малюкова вынесла пастанову аб тым, што міліцыяй не вызначаныя тэрміны пачатку і заканчэння здзяйснення правапарушэння і вярнуў справу на дапрацоўку.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які праводзіць маніторынг экстрэмісцкіх спраў у рэгіёне, дзеянні міліцыянтаў называе вельмі непрафесійнымі.

"Міліцыя спыніла справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну, які быў прапушчаны і ў дзень пачатку адміністрацыйнага працэсу. Хіба гэтага людзі ў пагонах не бачылі? А калі бачылі, на што разлічвалі? Зараз Сяргей Аляксейкаў мае права на кампенсацыю выдаткаў па аплаце паслуг адваката, можа хоць гэта астудзіць гарачыя міліцэйскія галавы рагачоўскіх аніськіных", заявіў праваабаронца Судаленка.

Праваабаронца таксама адзначыў, што 2 красавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага.



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства