viasna on patreon

Справа блогера Пятрухіна: допыт сведак абароны, паралельная экспертыза Фота Дапоўнена

2019 2019-04-10T08:16:03+0300 2019-04-10T16:30:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pyatruhin_1234.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Берасця 10 красавіка працягнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч. 2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Справу разглядае суддзя Аляксандр Семянчук. Пацярпелыя — супрацоўнікі Ленінскага РАУС Сяргей Ігнацюк, Дзмітрый Якушэвіч, Ігар Галянціч і Сяргей Такун.

pyatruhin_1234.jpg

У першы дзень працэсу суд дапытаў пацярпелых і сведак па справе. Перад пачаткам судовага паседжання залу запоўнілі супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РАУС у колькасці больш за 40 чалавек, што не спрыяла адкрытасці судовага працэсу, паколькі не быў забяспечаны доступ на працэс усіх жадаючых.

Сёння ў 11 гадзін пачнецца допыт эксперткі Вольгі Дудзінай, якая праводзіла судова-лінгвістычную экспертызу па справе. Затым будуць разгледжаныя зыскі пацярпелых.


Перад пачаткам судовага паседжання ў другі дзень, як і ў першы, залу запоўнілі супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РАУС г. Брэста. Учора намеснік начальніка Ленінскага РАУС назваў такую практыку "практычнымі заняткамі для асабовага складу". Праваабаронца Уладзімір Вялічкін называе суд над блогерам закрытым, бо зноў на суд не змог папасці амаль ніхто з грамадскасці і СМІ.

У суд прыйшла маці Паўла КамінскагаЛюдміла. Па паказанням пацярпелых міліцыянтаў менавіта яна збіла торбай на ўчастку міліцыі сына. Яна чакае пакуль яе выклікае суддзя на допыт у якасці сведкі.

У суд прыйшоў яшчэ адзін сведка — Вячаслаў Барысюк. Ён таксама сцвярджае, што быў збіты двойчы міліцыянерам Ігнацюком, якога нібы агаварыў блогер Пятрухін. Чакае і ён пакуль суд яго выклікае на допыт.

А тым часам у залі суда дапытваюць экспертку. Як перадае "Брэсцкая газета", лінгвістычная экспертыза паказала, што ў каментары Пятрухіна да відэароліка змяшчаецца негатыўная ацэнка пацярпелых-міліцыянтаў Ігнацюка і Якушевіча, "выяўленая лексічнымі сродкамі рускай літаратурнай мовы". Што тычыцца Такуна і Галянціча, то іх негатыўнай ацэнкі ў каментары няма, апошняе слова ў фразе "прапаршчыкі наогул падобныя на дэбілаў" — лаянкавае.

Праз паўтары гадзіны допыту эксперткі выклікалі на допыт Людмілу Камінскую. Як піша з залы суда  "Брэсцкая газета", яна распавядае, што ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2016 года ёй патэлефанаваў сын і папрасіў прыехаць у Ленінскі РАУС, таму што яго там "забіваюць". Убачыла ў кабінеце ў апорным пункце, што яе сын моцна збіты са слязамі пасля балончыка. Кажа, што на пытанне Камінскага "за што вы мяне збілі?" выйшаў Ігнацюк і сказаў, што "калі б было за што, мы б цябе наогул забілі".

Па словах жанчыны, яе сына збіваў акрамя Ігнацюка і яшчэ адзін супрацоўнік у самой апорцы. Яна кажа, што Павел не раз звяртаўся ў Следчы камітэт з гэтай нагоды, але атрымліваў адмовы.

Ігнацюк заявіў, што ён не збіваў Камінскага і што жанчына яго агаворвае.

Людміла Камінская спытала ў міліцыянтаў: "Чаму я тады на волі да гэтага часу, калі я сына збіла?". Жанчына са словамі "Я гэта так не пакіну" пакідае залу.

Пятрухін спытаў у Ігнацюка, ці аказваў Павел Камінскі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Ігнацюк адказвае, што пратакол па гэтым артыкуле на Камінскага складзены не быў. Таксама блогер спытаў, калі Ігнацюк пачаў маніторыць яго старонку УКантакце. Той адказвае, што з красавіка, каб паглядзець ці няма там абраз у яго адрас.

Пятрухін звяртае ўвагу, што цэлы год на тэлеканале Белсат вісела відэа, дзе распавядалася гісторыя Паўла Камінскага, але Ігнацюк ня звярнуўся нікуды, піша "Брэсцкая газета".

Абвешчаны перапынак да 14.30.

У судзе Ленінскага раёна г. Брэста пасля першага дня разгляду справы блогера Сяргей Пятрухіна. Фота: ПЦ
У судзе Ленінскага раёна г. Брэста пасля першага дня разгляду справы блогера Сяргея Пятрухіна. Фота: ПЦ "Вясна"

Сяргей Пятрухін даў паказанні ў судзе, дзе падкрэсліў, што выказаў сваё меркаванне:

“У каментарах я выказаў сваю думку, гэта не публічная абраза. Абраза — гэта выказванне у непрыстойнай форме. А гэтага няма. Прапаршчыкі — гэта інстытут, а не асоба. Таму і абразы тут няма. Я хацеў папярэдзіць людзей, што Ігнацюк небяспечны. І людзі агучылі факты”.

Затым суд выклікаў на допыт сведку Вячаслава Барысюка. На судзе ён паведаміў, што пры адміністрацыйным затрыманні некалькі тыдняў таму Ігнацюк з іншымі міліцыянтамі жорстка збіў яго, абражаў.

“Пры затрыманні збілі, хаця я не супраціўляўся, бо быў у кайданках. Ігнацюк некалькі разоў ударыў мяне кулаком па галаве. Гэта было два-тры тыдні таму. Завозяць у апорку, адразу б'юць. Я скардзіўся некалькі разоў — нічога…”

Суддзя зачытаў заяву праваабарончых арганізацый, якую ўчора далучыў да матэрыялаў справы па хадайніцтву Пятрухіна. У ёй праваабаронцы патрабуюць неадкладна спыніць крымінальны пераслед Сяргея Пятрухіна і зняць з яго ўсе выстаўленыя абвінавачанні.

У судзе таксама праглядзелі відэа відэа з Белсата 2017 года пра сітуацыю з Паўлам Камінскім. Як паведамляе Уладзімір Вялічкін кампутар быў павернуты да міліцэйскай аўдыторыі.

“Звычайна так не робяць”, — сказаў праваабаронца.

У судзе зачыталі заключэнне паралельнай экспертызы.


А што кажа паралельная экспертыза?

А паміж тым, не ўсё так адназначна па пытанні судова-лінгвістычнай экспертызы, якая праводзіла экспертка Вольга Дудзіна. Блогер Сяргей Пятрухін паралельна замовіў экспертызу ў знакамітага спецыяліста доктара філалагічных навук, прафесара Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Лукашанца. У сваім заключэнні спецыяліст адзначыў, што ў каментары адсутнічаюць лінгвістычныя сродкі (прозвішчы, ініцыялы), якія дазваляюць адназначна сцвярджаць, што словы і выразы, якія маюць лінгвістычныя прыкметы абразлівасці, прыніжэння гонару і годнасці асобы, адносяцца да грамадзян Якушэвіча, Ігнацюка, Галянціча, Такуна. Таксама Аляксандр Лукашэнец зазначыў, што прадастаўлены тэкст не можа лічыцца "публічна дэманстраваным творам".

У заключэнні эксперта таксама пазначаецца, што асобныя словы і выразы (дэбіл, тупаваты, мусарны (у значэнні "які мае адносіны да міліцыі, міліцыянтам), ублюдачны) маюць лінгвістычныя прыкметы абразлівасці, прыніжэння гонару і годнасці асобы пры ўмове, калі яны неабгрунтавана (нематывавана) выкарыстоўваюцца у адрас канкрэтнага чалавека. Дадзеныя словы і выразы не з'яўляюцца непрыстойнымі па сваёй форме.


Суд аб’явіў перапынак да панядзелака 15 красавіка да 15:00.

Пасля суду стала вядома, што затрымалі Вячаслава Барысюка, які выступіў сведкай абароны у судзе і заявіў пра збіццё супрацоўнікамі міліцыі.

Першы дзень суда над блогерам Пятрухіным: у зале поўна міліцыі, правабаронцаў выдалілі

У судзе Ленінскага раёна Берасця пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага блогера Сяргея Пятрухіна. Яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч.2 арт. 189(“Абраза”) Крымінальнага кодэкса.

Што вядома пра суддзю Аляксандра Семянчука?

Толькі за апошнія два гады суддзя Ленінскага раёна Берасця Семянчук пакараў арыштамі і штрафамі 18 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, актывістаў і незалежных журналістаў, прычым некаторых па некалькі разоў. Сярод ягоных “ахвяраў” – Мікола Стакевіч, Віталь Казак, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Яўген Скрабец, Андрэй Шарэнда і многія іншыя актывісты.


З патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна выступілі шэраг праваабарончых і дэмакратычных арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства