Брэст: Актывістаў судзяць у РАУС Фота Відэа Дапоўнена
Як стала вядома ПЦ "Вясна", затрыманых у апошнія дні актывістаў-праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце будут судзіць у Ленінскім РАУСе.
Справы будзе разглядаць суддзя Аляксандр Семянюк, які дагэтага пачаў разглядаць справу брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна.
Затрыманыя ў пятніцу: Дзяніс Малышэнка, Зміцер Андрасюк, Дзям'ян Лепясевіч, Уладзімер Казлоўскі, Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка, Уладзімір Вялічкін, Уладзіслаў Абрамовіч, Кацярына Басаргіна, Алег Вялаў.
Затрыманыя ў нядзелю: Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Бекалюк, Алесь Абляк, Ягор Кандрацюк, Таццяна Фесікава, Віталь Казак, Віктар Сэндэр, Мікалай Трацюк.
Аляксандра Кабанава і Зміцера Андрасюка адпусцілі праз тры гадзіны пасля затрымання. Ноччу была адпушчаная і Кацярына Басаргіна.
З РАУС выйшла Таццяна Фесікава, у дачыненні да яе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП ("удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве") за 31 сакавіка. Жанчыну вінавацяць у тым, што яна раздавала жоўтыя шарыкі з пратэсным заклікам.
"Брэсцкая міліцыя лічыць слова "жыць" лагатыпам пратэснага руху супраць будаўніцтва завода", - адзначыла Таццяна Фесікава.
Разгляд справы перанесены на 10 гадзін раніцы 25 красавіка па хадайніцтву аб удзелу абаронцы на працэсе.
"Парасюк (нейкі міліцыянт) выйшаў і сказаў каму павыпісваць павесткі", - распавяла жанчына.
Каля РАУС сабралася невялікая группа падтрымкі.
Стала вядома, што ўчорашнія затрыманні праводзіў міліцыянер Мікалай Самасюк.
З РАУСа выйшаў праваабронца Уладзімір Малей. Ён чакаў у файе, спрабаваў патрапіць на разгляды спраў. Але туды нікога не пускаюць.
Супрацоўнікі РАУС паведамілі, што ім паступіў загад не пускаць нікога, прадстаўнікам СМІ прапанавалі звярнуцца ў прэс-службу УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Выйшаў яшчэ адзін затрыманы Алег Вялаў. Кажа, што ўсіх вінавацяць у адным і тым жа. Яму таксама выдалі павестку на 25 красавіка.
"У адвакаце мне адмовілі. Правы не тлумачылі. Міліцыянт крычаў на мяне", - распавёў мужчына.
Наступным выйшаў Дзям'ян Лепясевіч:
"Яны робяць беззаконне. Вывелі з камеры ў актавую залу. Устаў Семянчук і сказаў, што судовы працэс пачынаецца. Я падпісваў адзін пратакол, а ўручылі мне іншы... З тым, што інкрымінуюць, я не згодны.
Гэта сітуацыя падобная з Асвенцыма. Нас гэтак жа сабралі ўсіх у пятніцу. Выклікалі па адным і чалавек больш не вяртаўся. Мы прасілі, каб хаця б жанчын адпусцілі, але нам было адмоўлена. Самасюк пры гэтым ўсміхаўся.
Лічу, што да мяне былі ўжытыя катаванні".
Зноў у суд Дзям'яна Лепясевіча вызываюць 18 красавіка.
Выйшаў праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін. Ён кажа, што Алесю Абляку стала дрэнна цяпер, але хуткую яму міліцыянеры не выклікаюць. Ён мае інваліднасць.
Суд над Уладзімірам Вялічкіным адбудзецца 18 красавіка ў 10.35.
Наступнымі адпусцілі Дзяніса Малышэнка і Уладзіміра Казлоўскага. Казлоўскаму таксама далі позву аб пераносе разгляда справы на 18 красавіка. Ён кажа, што нават за кратамі ім удалося пакарміць галубоў - прылетаў на вакно.
Уладзімір Казлоўскі распавядае, што судзя аб'яўляе, што "пачынаецца адкрытае судовае разбіральніцтва", аднак у на працэс па-ранейшаму нікога не дапускаюць.
"Фактычна мае месца закрыты судовы працэс. Акрамя таго, што ўрэшце людзей, нават журналістаў, перасталі пускаць на тэрыторыю РУУС, у тых, хто паспеў патрапіць туды раней, перапісалі асабістыя дадзеныя і ўручылі павесткі з'явіцца ў РУУС. Тыя, хто атрымаў такія павесткі ў пятніцу - правялі трое сутак у ІЧУ. Гэта можна разглядаць як запужванне", - каментуе сітуацыю юрыст ПЦ "Вясна" Алег Пашкевіч.
Алега Ярмоленку суд аштрафаваў на 30 базавых велічынь.
У актавай зале РАУС засталося тры чалавекі - Андрасюк, Свірскі, Абрамовіч. Пад РАУСам іх чакае группа падтрымкі з кавай, гарбатай і ежай - каля 15 чалавек.
Выйшаў Зміцер Андрасюк. Суд над ім перанесены на 18 красавіка таксама па яго хадайніцтве аб удзеле абаронцы ў працэсе. Яго вінавацяць па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у нядзельнай акцыі 7 красавіка.
Людміле Карчэўскай, якая зайшла ў РАУС, выпісалі позву на пятніцу.
З будынку РАУС выйшлі Уладзіслаў Абрамовіч і Сяргей Свірскі. Суд разгледзіць справы супраць іх 18 красавіка.
Тых, каго затрымалі ў нядзелю, пакуль не судзілі і не адпусцілі. Вядома, што разгляд справы супраць Дзмітрыя Бекалюка адбудзецца ў 14.30.
Выпусцілі Ягора Кандрацюка, у яго суд адбудзецца 25 красавіка. Учора яго затрымалі за тое, што ён крыкнуў: "За што мы плацім падаткі?!"
Пасля 14 гадзінаў дня выпусцілі ўсіх, хто быў затрыманы ў нядзелю, акрамя Дзмітрыя Бекалюка. Судовыя працэсы ў дачыненні да іх перанесеныя на іншыя дні.
Мікалаю Трацюку суд прызначыў пакаранне ў выглядзе 10 базавых велічынь штрафу.
Сёння ў 15.00 працягнецца разгляд крымінальнай справы супраць Сяргея Пятрухіна.
Справу ў дачыненні да Дзмітрыя Бекалюка разглядае ўсё той жа суддзя - Аляксандр Семянчук. Працэс праходзіць ужо ў будынку суда. Мужчыну вінавацяць у тым, што ён прыйшоў у РАУС не ў той час, які быў пазначаны ў позве.
Участковы Дзяніс Шумакоў сведчыць, што калі ён праглядаў відэазапісы па Таццяне Фесікавай, убачыў Бекалюка і папрасіў выклікаць яго ў якасці сведкі на 7 красавіка ў 12 гадзінаў, аднак мужчына прыйшоў толькі ў 15 гадзін. Яго апыталі ў якасці сведкі. Затрымалі па арт. 24.6 КаАП.
Дзмітрый Бекалюк заявіў, што ў карэнчыку позвы была пазначаная паважная прычына спазнення - хвароба дзяцей.
"Я лічу, што не парушаў закон. У мяне была паважная прычына спазніцца на тры гадзіны. Але я прыйшоў сам", - сказаў ён.
Аднак суддзя палічыў яго віну даказанай і, не выходзячы із залы, вынес пастанову аб прыцягненні Дзмітрыя Бекалюка да штрафу ў 1 базавую велічыню.
Акрамя таго, сёння ў 15.00 пачнецца адміністрацыйны працэс па справе Кацярыны Басаргінай. Маму дваіх дзяцей таксама затрымалі ў пятніцу і, нягледзячы на дапамогу адваката, зачынілі ў ізалятары. Праўда, у ноч з суботы на нядзелю адпусцілі з позвай на 15 красавіка.
Нагадаем, кожную нядзелю больш за год на плошчы Леніна ў Берасці збіраюцца людзі на ўжо традыцыйнае “кармленне галубоў” - акцыю ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.