Андрэй Бастунец: Як Сяргея Пятрухіна наогул маглі судзіць за “абразу” і “паклёп”?
У чацвер, 18 красавіка, брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічыняў, які ён павінен выплаціць цягам месяца. palitviazni.info папрасіў старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца пракаментаваць вынесены прысуд блогеру Пятрухіну.
“Суд над блогерам Сяргеем Пятрухіным ў Берасці скончыўся прысудам яму штрафа (360 базавых) за “абразу” і “паклёп” і кампенсацыяй маральнай шкоды “пацярпелым” міліцыянтам, – пракаментаваў прысуд на сваёй старонцы ў Фэйсбук кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. – Пракурор прасіў 2 гады “хіміі” і кампенсацыю.
Зразумела, што справа была заказной ад самага пачатку. Яна паказала, наколькі хворыя ў нас і суды і міліцыя, наколькі яны ўсе павязаныя паміж сабой, і як яны пакрываюць самі сябе”.
Са словаў праваабаронцы, “супраціў грамадства і хваля абурэння і салідарнасці не дала ўладам здзейсніць задуманае і закатаць Пятрухіна на “хімію”.
“А штраф — перажывем!” – аптымістычна адзначае Алесь Бяляцкі.
“Калі хто не ведае, то я нагадаю, што рэпартаж Пятрухіна быў пабудаваны на выказваннях людзей, якія абвінавачвалі міліцыянтаў ў збіцці, – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. – Адзін з гэтых людзей падаў заяву аб ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць міліцыянераў, і да гэтага часу заява яшчэ не разгледжана. Калі тут не пастаўлена канчатковая кропка, то як наогул маглі судзіць Пятрухіна за “абразу” і “паклёп”?
Акрамя таго, лічыць кіраўнік БАЖ, сам факт крымінальнага пераследу за інфармацыйныя артыкулы няправільны, бо такія справы павінны разглядацца ў грамадзянскіх судах.
“Пра крымінальнае пакаранне па такіх справах наогул не павінна ісці гаворка, – дадае Андрэй Бастунец. – Але, як мы бачым, гэта не адзіная “справа блогераў” у апошні час. Зразумела, што ўлада бачыць нябеспеку і ў блогерах, і ў незалежных медыя. Мы памятаем, як і ў мінулым годзе пераследвалі журналістаў. Прырода пераследу простая. Улады спрабуюць зрабіць зачыстку інфармацыйнага поля перад выбарамі, і гэта відавочна”.
Пятрухіну па прысуду далі месяц на выплату штрафу і кампенсацыі