viasna on patreon

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі?

2019 2019-04-19T12:32:21+0300 2019-04-19T12:32:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikola_dzyadok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі ўтрымлівае больш за 240 кніг, сайтаў і паблікаў (а таксама магнітаў і аўдыёфайлаў). Новы закон аб СМІ легалізуе пазасудовую блакіроўку, якая дэ-факта адбываецца ўжо зараз, а таксама дазволіць блакаваць цэлыя сацсеткі. Але што гэта за спіс, як ён фармулюецца і ў якім парадку блакуюцца сайты? Журналіст "Новагу Часу" Мікола Дзядок, якога самога час ад часу прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.11 КаАП (Выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў), вырашыў разабрацца ў гэтым пытанні.

Фота прадастаўлена Мікалаем Дзядком

— Для разумення каранёў экстрэмістафобіі беларускай улады трэба пачаць з аналізу таго самага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, створанага сумеснымі высілкамі МУС і Мінінфарму. Аналіз яго зместу дае такія вынікі: прыкладна палова матэрыялаў прама ці ўскосна датычацца неанацыстаў і іх субкультуры. Каля чвэрці — анархісцкія. Астатні кавалак дзеляць між сабой кнігі, брашуры і файлы ісламісцкага, руска-шавіністычнага і радыкальна-праваслаўнага кшталту.

Пры падрабязным аглядзе бачныя матэрыялы, якія апынуліся ў спісе з абсалютна незразумелай нагоды. Напрыклад, кніга «Indirect Fire Infantryman: Skill level», якая з’яўляецца інструкцыяй для пехацінцаў ЗША 1976 года. Дыск з песняй «Go vegan» (што экстрэмісцкага ў закліку рабіцца веганам?), а таксама таямнічая «брошь серого цвета» (праверце, ці не завалялася ў вас такой?)

Зразумела, у спіс трапля­юць не толькі матэрыялы, якія маюць найменшы намёк на гвалт, але і ўсе, што хоць неяк крытыкуе дзяржаву. Ярлык «экстрэмізму» навесілі на альбом «Прэс-фота Беларусі 2011», кнігу «Анархія працуе» амерыканскага пісьменніка і вандроўніка Пітэра Гелдэрлоаса, навінава-аналітычны анархісцкі сайт «Прамень».

Мінінфарм: «Чытайце дакументы», ААЦ: «Мы ні пры чым»

Тое, як фармуецца спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, дагэтуль застаецца таямніцай. Мы вырашылі патэлефанаваць у структуры, якія так ці інакш адказваюць за рэгуляванне інтэрнэт-прасторы ў Беларусі, каб высветліць гэты момант. І перш за ўсе, вядома, звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі, якое і публікуе на сваім сайце «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Мы змаглі дазваніцца да Юрыя Уладзіміравіча Бябешкі, намесніка начальніка сектара па прававым забеспячэнні і кантролі за адпаведнасцю заканадаўству.

— Юрый Уладзіміравіч, добры дзень. Вашае ведамства наўпрост удзельнічае ў блакіроўках, ажыццяўляючы іх тэхнічны бок, я правільна разумею?

— Няправільна.

— А як тады?

— Вы можаце адкрыць пастанову №6\8 ААЦ і Міністэрства сувязі, і Закон «Аб СМІ». Там ёсць парадак прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу і яго ўзнаўлення.

— У законе аб СМІ напісана, што матэрыялы могуць блакавацца паводле рашэння суда. Аднак па некаторых блакіроўках няма рашэнняў суда. Такім чынам, яны блакуюцца ў пазасудовым парадку. Правільна?

— Так, гледзячы ў якім выпадку.

— А калі ў пазасудовым парадку, як гэта адбываецца?

— Гэта кожны канкрэтны выпадак і кожны орган — у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй. Ёсць дэкрэт прэзідэнта №6, напрыклад, дзе ўскладзены такія функцыі на Міністэрства ўнутраных спраў.

— То-бок, МУС можа прымаць такое рашэнне?

— Яно не прымае рашэнне. Прымае рашэнне Мінінфарм. А МУС накіроўвае пісьмовае паведамленне. Адкрыйце дакументы, там усё напісана.

— Яно накіроўвае пісьмовае паведамленне вам, і вы гэта прымаеце рашэнне?

— Так.

— У вас збіраецца орган ці камісія, якая гэтым займаецца?

На гэтым моманце ў Юрыя Уладзіміравіча зазваніў тэлефон, ён сказаў, што яго выклікае міністр. Пасля неаднаразовых званкоў да яго слухаўку падняла жанчына, якая раіла перазваніць «хвілін праз 20». Але ані праз 20, ані праз 40 хвілін слухаўку ніхто не ўзяў. Не ўзяў яе ніхто і на наступны дзень.

Па парадзе Юрыя Ула­дзіміравіча мы адкрылі згаданыя ім дакументы, аднак адказаў на пытанні ў іх так і не знайшлі — пераважна агульныя фразы. Не высветленай таксама засталася і роля ААЦ у блакіроўках. Мы пазванілі па тэлефоне, указаным на яго сайце.

Мужчына, які падняў слухаўку, пачуўшы, па якой тэме ў яго хочуць узяць каментар, спачатку некалькі разоў пільна перапытваў імя журналіста і назву газеты, а потым папрасіў перазваніць пазней, бо яму трэба пракансультавацца. Але і пасля другога званку каментар быў не вельмі шчодры:

— Якое ў вас пытанне было? Па блакіроўцы сайтаў?

— Так. Ці займаецца гэтым вашае ведамства. І калі так, то ў якой ролі?

— Нашае ведамства гэтым не займаецца. Гэта паўнамоцтвы Закону «Аб СМІ». Усе звароты ў Міністэрства інфармацыі.

— А можа вы займаецеся вызначэннем сайтаў, якія неабходна заблакаваць?

— Уся інфармацыя вамі будзе атрыманая ў Міністэрстве інфармацыі.

— Я званіў туды...

— Мы не займаемся блакіроўкай сайтаў.

— Вы падаеце інфармацыю?

— Не, не падаем.

Аднак Пастанова №6\8 прымалася сумесна Міністэрствам сувязі і ААЦ. Таму казаць, што гэтая структура зусім «не мае дачынення» да блакіровак, не выпадае. Згодна з гэтай пастановай, любыя дзяржорганы, а таксама арганізацыі (!) у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй могуць даслаць у Мінінфарм пісьмовыя паведамленні аб неабходнасці абмежавання інфармацыі. Паведамленні высылаюцца па вызначанай форме, з пацвярджэннямі і абгрунтаваннямі неабходнасці блакіроўкі.

Мінінфарм жа цягам «трох працоўных дзён» з дня прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу накіроўвае копію рашэння ў Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі Міністэрства сувязі.

Праваабаронца: «Гэта празмернае абмежаванне свабоды выказвання меркавання і свабоды слова»

Аднак хто ж, такім чынам, акрамя суда, можа прызнаць матэрыялы экстрэмісцкімі? І калі блакіроўку ажыццяўляе Мінінфарм, то кім непасрэдна прымаецца рашэнне?

Пра гэта мы паразмаўлялі з праваабаронцай, супрацоўніцай праваабарончай арганізацыі Нuman Constanta Настай Лойка.

kazlyk-mini

— Выразна апісанай працэдуры, якім чынам прызнаюць матэрыялы экстрэмісцкімі, няма. Пра гэта можна толькі здагадвацца з дэ-факта існуючай практыкі і асобных палажэнняў заканадаўства. Пакуль бачыцца такі алгарытм:

  1. У законе «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» ў артыкуле 6 прапісваецца спіс суб’ектаў, якія могуць у розных формах удзельнічаць у працэдуры: гэта органы дзяржаўнай бяспекі, органы ўнутраных спраў, органы пракуратуры, органы памежнай службы, мытныя органы, орган дзяржаўнай аховы, Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі. Гэтыя органы выяўляюць падазроныя прадметы ці інфармацыю, прычым пра крытэры нам пакуль ніхто адказаць не можа. Пры неабходнасці прадметы канфіскоўваюць.
  2. Прадметы ці інфармацыю накіроўваюць у Рэспубліканскую экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праяваў экстрэмізму пры Міністэрстве інфармацыі. Склад камісіі прызначаецца Саветам міністраў (незразумела, па якіх крытэрах і як туды трапіць). Ёсць абласныя камісіі.
  3. Экспертная камісія піша сваё заключэнне. Калі камісія знаходзіць экстрэмізм, орган, які накіроўваў матэрыялы, перадае вынікі ў суд для канчатковага прызнання. Калі разгляд датычны прадметаў, то ў якасці зацікаўленай асобы ў грамадзянскі працэс запрашаюць чалавека, у якога канфіскавалі прадмет. Механізму альтэрнатыўных экспертыз няма. Судовае рашэнне прымаецца толькі на падставе заключэння камісіі. Калі размова пра блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў, нікога не запрашаюць, — і даведваемся толькі пры аднаўленні спіса.
  4. Адбываецца суд, на якім матэрыялы прызнаюцца экстрэмісцкімі. Рашэнне могуць абскарджваць толькі ўдзельнікі працэсу. Пасля ўступлення судовага рашэння ў сілу, яно з’яўляецца ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма.
  5. Часам экстрэмісцкай прызнаецца старонка ў інтэрнэце, старонкі ў сацыяльных сетках і нават нядаўна — тэлеграм-канал. Сайты блакуюцца праз дамовы з правайдарамі, а астатнія працэдуры незразумелыя. Хутчэй за ўсё, ідуць перамовы з самімі сацыяльнымі сеткамі (часта яны яшчэ некаторы час працуюць).

— Наколькі такая працэдура адпавядае міжнародным нормам і Канстытуцыі?

— Тое, што мы нават на сайце Міністэрства юстыцыі пра экспертныя камісіі знаходзім кароткія навіны пра змены ў складзе, і адсутнасць асобнай старонкі, прысвечанай ім, паказвае пэўную закрытасць. Незразумела, па якім прынцыпе туды набіраюцца лю­дзі, якімі метадычнымі матэрыяламі яны кіруюцца, што разглядаюць як экстрэмізм. Няма агульнага спісу матэрыялаў, якія праходзяць экспертызу, што дазваляе канфіскоўваць адны і тыя ж прадметы па некалькі разоў, а на практыцы розныя абласныя камісіі могуць па адных і тых жа матэрыялах прыйсці да розных высноў. Мяне непакоіць немагчымасць зрабіць альтэрнатыўныя экспертызы і тое, што суды складаюць сваё меркаванне толькі на заключэннях экспертаў, а таксама тое, што мы зусім не можам ведаць пра суды, якія датычныя анлайн-рэсурсаў. Мне падаецца, што часам гэта празмернае абмежаванне свабоды выказвання меркавання і свабоды слова.

Хто стане экстрэмістам заўтра?

Як бачым, адзінага дзяржоргана, які б займаўся «экстрэмізмам», няма. Дзяржава дала даволі шырокія паўнамоцтвы ў забароне інфармацыі як Міністэрству сувязі, так і яшчэ паўтузіну іншых дзяржаўных службаў. Асаблівую цікаўнасць выклікае фактычна сакрэтная праца камісій (відавочнае капіяванне практыкі савецкай цэнзуры), якая, да таго ж, не пакідае нават маленькага шанцу яе аспрэчыць у судовым парадку. Адсутнасць якой-кольвечы адказнасці дае велізарную глебу для злоўжыванняў, а адсутнасць у камісіі метадалогіі і экспертных ведаў (што мы бачым на прыкладзе «броши серого цвета» ці інструкцыі для пехацінцаў ЗША) дазваляе паставіць па-за законам любую інфармацыйную прадукцыю.

Занадта шырокія крытэры экстрэмізму могуць падацца камусьці недапрацоўкай дзяржаўнай сістэмы: маўляў, законы адпаведныя былі прынятыя нядаўна, і няма прававой практыкі. Пакуль жа, гледзячы на дзейнасць дзяржорганаў і шалёную хуткасць росту «Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў», гэта выглядае, хутчэй, як прадуманая стратэгія. Дзяржаве і тым жа камісіям не выгадна абмяжоўваць экстрэмізм строгімі рамкамі — бо тады давядзецца іх прытрымлівацца. А ў нефармальных рухаў і радыкалаў ці проста нязгодных тады з’явяцца прававыя рычагі для размовы з дзяржорганамі і камісіямі. З той жа самай мэтай не акрэсленыя належным чынам ролі кожнай з дзяржструктур у працэсе забароны.

Гэта — не выпадковая прававая недасканаласць, а, хутчэй за ўсе, цвярозы разлік з прыцэлам, калі спатрэбіцца, на забарону любой крытыкі ўлады.

novychas.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства