Актывістаў будуць судзіць за «малітву ў недазволеным месцы»
Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў і Яўген Афнагель атрымалі адміністрацыйныя пратаколы, паводле якіх яны абвінавачваюцца ў тым, што маліліся без дазволу Мінгарвыканкама.
Пра гэта паведаміў «Новаму Часу» Леанід Кулакоў. Ён атрымаў не толькі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, але і СМС-паведамленне з суда Цэнтральнага раёна Мінска. Актывіста будуць судзіць па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).
«Паводле пратаколу я маліўся на плошчы Свабоды каля храма ў групе грамадзян у неўстаноўленым месцы і пры гэтым трымаў бел-чырвона-белы сцяг», — распавёў актывіст.
Пратакол на яго быў складзены за ўдзел у малебне ля Свята-Духава кафедральнага сабора 7 красавіка, на які пасля першага крыжалому ў Курапатах заклікаў прыйсці палітык Мікалай Статкевіч. Леаніда Кулакова будуць судзіць у Цэнтральным судзе Мінска 24 красавіка ў 9:40.
Па словах Леаніда Кулакова, такі ж пратакол атрымаў Яўген Афнагель.
«Атрымліваецца, на вуліцы маліцца нельга — толькі ў храме. Тады трэба прыцягваць да адказнасці ўсіх вернікаў, якія моляцца без адпаведнага дазволу», — іранізуе актывіст.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96