viasna on patreon

У Гродна судзяць адразу трох журналістаў

2019 2019-04-22T17:52:14+0300 2019-04-23T16:04:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/grodna_sudy_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каля суда Алесь Дзянісаў, Аляксей Кайрыс і Катажына Ляўдацкая. Фота: “Гарадзенская Вясна”

Каля суда Алесь Дзянісаў, Аляксей Кайрыс і Катажына Ляўдацкая. Фота: “Гарадзенская Вясна”

У панядзелак, 22 красавіка, у судзе Ленінскага раёна г. Гродна пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыны Ляўдацкай. Іх вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі па арт. 22.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі). Але рашэнне суд 22 красавіка так вынесці і не змог. Суддзя Дзмітры Бубенчык працягваў перапынкі два разы, але потым увогуле абвесціў перапынак да серады 24 красавіка. Пра гэта паведаміў гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў.

Супрацоўнікі Шчучынскага РАУСа склалі на журналістаў пратаколы за фільм пра Чэслава Нёмана, які выйшаў на тэлеканале “Белсат”. На пачатку судовага працэса журналісты падалі хадайніцтва аб спыненні справы ў сувязі з тым, што яны не з’яўляюцца аўтарамі матэрыялу, за які іх судзяць.

Журналіст Аляксей Кайрыс патлумачыў суду, што ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гродненскай вобласці ён здымаў фільм, але для сябе. Да таго матэрыяла, што выйшаў на "Белсаце", ён не мае да гэтага аніякага дачынення. Тое самае сказалі журналісты Катажына Ляўдацкая і Алесь Дзянісаў.

У якасці сведак на судзе выступілі загадчык музея ў Старых Васілішках  Уладзімір Сінюта, а таксама 84-гадовы жыхар вёскі Тамаш Маркевіч, які патрапіў у сюжэт фільма “Белсат”.

Абодва не пазналі журналістаў. Сведка Сінюта паведаміў, што ён не даваў аніякага інтэрв’ю. Пры гэтым у пратаколе пазначана, што інтэрв’ю з ім адбылося.  Але загадчык музея паведаміў, што пры складанні пратаколу не казаў гэтага. Маркевіч таксама паведаміў, што не разумее, чаму ў пратаколе супрацоўнікі міліцыі напісалі, што ён пазнаў гэтых журналістаў. Сказаў, што для апазнання яму паказвалі фотаздымкі, а потым сказалі падпісаць пратакол, што ён і зрабіў.

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў лічыць, што гэты судовы працэс над журналістамі набывае форму абсурду:

“Негледзячы на тое, што журналісты заявілі ў судзе, што гэта не іх матэрыял, і нават прывялі доказы гэтага, суд усё роўна прадоўжыў займацца пошукам іх віны. Зразумела, калі іх не пазналі сведкі на судзе, то лагічна было б суддзе высвятляць, як увогуле складаліся тыя пратаколы. Але ніхто, акрамя саміх абвінавачваемых, на гэтым не стаў засяроджваць увагу. Відавочна, што справа ініцыянавана па палітычных матывах. Мэта яе — дадушыць незалежную журналістыку".

Чакаецца, што суд агучыць рашэнне па гэтай справе 24 красавіка ў 14:30.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства