Вярхоўны суд разгледзеў першую справу за карыкатуры
Актывіст Мікалай Дзядок абскардзіў з дапамогай юрыстаў праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Вярхоўны Суд штраф у памеры 10 базавых велічыняў па ч.1 ст.17.10 КаАП за размешчаныя публікацыі ў Facebook, якія суд палічыў за малюнкі, якія дэманструюць нацысцкую сімволіку і атрыбутыку.
Нагадаем, актывіста прыцягнулі да адказнасці за размешчаныя на сваёй старонцы ў фэйсбуку фатаграфіі:
- трамвая, упрыгожанага чатырма знакамі калаврата, якая з'яўляецца скрыншотам з папулярнага комік-шоў «Маскі-шоў». Па словах актывіста, публікуючы гэты малюнак з сатырычным кантэкстам, ён высмейваў то, як паказваюць на беларускім тэлебачанні анархічны рух. Пра гэта сведчыць подпіс да малюнка.
- фатаграфію з супольнасці сацыяльнай сетцы «ВКантакце», дзе быў тэкст пра беларускі нацыянал-анархізм. Мэтай дадзенай публікацыі, як сцвярджае Мікалай Дзядок, — высмеяць абсурдную канцэпцыю «нацыянал-анархізму».
- артыкула, размешчанага ў газеце «Новы час» «Дзень чырвонай стужачкі», у якой мелася выява калаврата і сярпа з молатам. На гэтым малюнку маюцца выявы сумешчанай сімволікі (свастыкі, сумешчаная з сярпом і молатам), якое было ўзята з адкрытага доступу на сайце «Новы час». Як кажа актывіст, дадзенай публікацыяй ён прыцягваў увагу да артыкула, прысвечанай дзядаўшчыне ў арміі і яе прычыне. Такім чынам ён заклікаў набыць выпуск газеты з дадзеным матэрыялам.
«Паколькі я з'яўляюся журналістам газеты «Новы час», мне было цікава з дапамогай публікацый на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Facebook» атрымаць зваротную сувязь ад маіх чытачоў. Размешчаныя мной тры публікацыі тычыліся таго, што я высмейваў у іх ідэалогію нацызму і таталітарызму, а таксама прапагандысцкія тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі і паказанымі па дзяржаўным тэлебачанні. Падобным чынам я выказваў сваё меркаванне і рэалізоўваў права на распаўсюд інфармацыі.
Я настойваю на тым, што гэтыя выявы размяшчаліся не ў мэтах прапаганды ідэй нацыянал-сацыялізму (нацызму), а, наадварот, у мэтах палітычнай сатыры на дадзеныя ідэі», — звярнуўся Мікалай Дзядок да Вярхоўнага Суду.
Аднак суддзі Вярхоўнага Суда прыйшлі да высновы, што віна актывіста па арт. 17.10 КаАП даказаная цалкам.
«Вынікі вывучэння справы паказалі, што вынесеныя пастановы з'яўляюцца законнымі і абгрунтаванымі», — адказаў Вярхоўны Суд за подпісам намесніка Старшыні Руслана Аніскевіча.
Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка лічыць, што ў дадзеным выпадку было незаконна абмежавана права на свабоду выказвання меркаванняў Мікалая Дзядка, а справа вырашына без уліку нормаў міжнародных дагавораў, якія падлягаюць прымяненню:
«Суд не абгрунтаваў для абароны якіх каштоўнасцяў было неабходна абмежаванне ў выглядзе адміністрацыйнай адказнасці, і наколькі дадзенае абмежаванне суразмерна размяшчэнні ў сетцы Інтэрнэт публікацый і малюнкаў, якія па сваёй сутнасці асуджаюць нацызм і камунізм».
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96