Брэсцкіх актывістаў выклікалі ў пракуратуру
Намеснік пракурора горада г. Брэста 30 красавіка выклікаў пецярых актывістаў кампаніі супраць будаўніцтва завода АКБ. У пракуратуры г. Брэста іх афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасці парушэння Закона "Аб масавых мерапрыемствах". Пра гэта паведаміў «Брэсцкай газеце» праваабаронца Раман Кісляк, якога таксама выклікалі.
«На маё пытанне аб тым, ці парушылі мы нешта, намеснік пракурора горада адказаў, што не, нас папярэджваюць на будучыню. Асноўнае пытанне ў тым, што калі была інфармацыя ў сацсетках, мэсенджерах па законе ў выпадку забароны мерапрыемства інфармацыя аб забароне павінна быць распаўсюджана ў тых жа крыніцах. Мы гэтае патрабаванне закона ўжо выканалі. Расцэньваю дадзены выклік у пракуратуру як запалохванне актывістаў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода», – сказаў Кісляк.
Нагадаем, напярэдадні, праз некалькі гадзін пасля з'яўлення ў сацсетках і СМІ інфармацыі аб тым, што брэсцкія актывісты рыхтуюць мітынг супраць завода АКБ у сувязі з тым, што ад мясцовых органаў улады пярэчанняў не паступала, гарвыканкам выступіў з заявай, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Пісьмовае паведамленне пра тое, што мітынг не можа адбыцца, заяўнікі атрымалі за 2 дні да планаванага мерапрыемства, хоць па закону іх павінны былі паведаміць не пазней як за 5 дзён.