viasna on patreon

Суд прызнаў, што Полацкі райвыканкам парушыў правы грамадзяніна на стварэнне арганізацыі

2019 2019-05-01T11:16:09+0300 2019-05-01T11:16:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sharah-mikola-polackk-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Эканамічным судзе Віцебскай вобласці 29 красавіка прайшло слуханне справы па заяве полацкага актывіста Міколы Шараха аб прызнанні незаконнымі дзеянняў чыноўнікаў Полацкага райвыканкаму, якія адмовіліся зарэгістраваць прыватную ўстанову “Адвакацыя”. Суд стаў на бок грамадзяніна. Пра гэта паведамляе “Віцебская Вясна”.

Мікалай Шарах

Чаму адмовілі ў рэгістрацыі

20 ліпеня 2018 году жыхар Полацку Мікола Шарах звярнуўся ў Полацкі райвыканкам па рэгістрацыю прыватнай установы “Цэнтар інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна ўразлівых групаў насельніцтва “Адвакацыя”. Працэдура рэгістрацыі простая: атрыманне дазволу адбываецца па заяве. На сайце Міністэрства юстыцыі ёсць пералік усіх неабходных для гэтага дакумэнтаў. Ад заяўніка патрабуецца толькі распрацаваць уласны статут. Зазвычай пытанне рэгістрацыі вырашаецца цягам аднаго-двух дзён.

“Статут распрацаваў, усе неабходныя дакумэнты сабраў, узгадніў назву і накіраваўся ў выканкам. У выканкаме параілі прыходзіць па дазвол у панядзелак, бо ў пятніцу яны не паспяваюць. Прыйшоў у панядзелак забіраць пасведчанне аб рэгістрацыі, а мне кажуць, што заява напісаная з парушэннямі заканадаўства – і ў  рэгістрацыі адмоўлена”, – распавядае Мікола Шарах.

З такім рашэннем заяўнік не пагадзіўся і звярнуўся да старшыні райвыканкаму па тлумачэнні. Канкрэтнага адказу не атрымаў, таму напісаў пісьмовы зварот. У атрыманым адказе паведамлялася, што ўсё законна. Са скаргай на рашэнне Полацкага райвыканкаму звярнуўся ў аблвыканкам. Аблвыканкам параіў шукаць праўду ў судзе.

Як узніклі праблемы з юрыдычным адрасам

Судовыя слуханні прайшлі без удзелу прадстаўніка Полацкага райвыканкаму, хаця на папярэдніх слуханнях ён прысутнічаў. Справу разглядала суддзя Ірына Кавалёва.

З пісьмовага тлумачэння прадстаўніка райвыканкаму вынікала, што адмова ў рэгістрацыі адбылася ў выніку вуснага звароту прадстаўніка таварыства з абмежаванай адказнасцю “ЮТЭК-Бел” аб адмове ў прадастаўленні Міколу Шараху юрыдычнага адрасу для ўстановы, якая рэгіструецца.

Як патлумачыў суду Мікола Шарах, у адпаведнасці з “Палажэннем аб дзяржрэгістрацыі”, не зарэгістраваць установу могуць толькі тады, калі заяўнік не падаў усе неабходныя звесткі ці аформіў заявы з парушэннем патрабаванняў заканадаўства. На 20 ліпеня ніякіх прэтэнзіяў да яго орган, які ажыццяўляе рэгістрацыю, не прад’яўляў, законных падставаў для адмовы ў рэгістрацыі не было.

Пасля адмовы ў рэгістрацыі, мяркуючы, што праблемы маглі быць звязаныя з юрыдычным адрасам, ён звярнуўся па тлумачэнне ў ТАА “ЮТЭК-Бел”. У пісьмовым адказе прадстаўнік таварыства, які афармляў гарантыйны ліст, запэўніў, што ліст яны не адклікалі і да іх з такой просьбай ніхто не звяртаўся. Праўда, ужо 9 жніўня ў дасланым лісьце паведамлялася, што ў сувязі з вытворчай неабходнасцю “ЮТЭК-Бел” адмаўляе Міколу Шараху ў прадастаўленні юрыдычнага адрасу. Акурат у гэты дзень Шарах быў на прыёме ў райвыканкаме, і там яму канкрэтную прычыну адмовы патлумачыць не здолелі.

Суд: адмова ў рэгістрацыі – незаконная

Напрыканцы судовых слуханняў Мікола Шарах нагадаў, што дзейнасць мясцовых органаў улады мусіць быць скіраваная на паляпшэнне жыцця і пашырэнне дадатковых відаў паслугаў для жыхароў таго рэгіёну, якім яны кіруюць. На яго погляд, на дадзены момант даступнасць да камэрцыйных паслугаў абмежаваная нізкім матэрыяльным узроўнем жыцця. Найперш гэта тычыцца неабароненых групаў насельніцтва: людзей з інваліднасцю, пэнсіянераў, шматдзетных сем’яў.

“Магчымасць аказання бясплатных паслугаў абмежаваная (студэнцкія і валанцёрскія  арганізацыі,Чырвоны Крыж), таму мясцовыя органы ўлады мусяць спрыяць ініцыятыве грамадзянаў у дадзеным кірунку. Я доўгі час займаўся прафсаюзнай дзейнасцю, маю юрыдычную адукацыю, жаданне і магчымасць аказваць прававыя паслугі, бо разумею, як важна для чалавека атрымліваць хаця б мінімальныя магчымасці для абароны сваіх правоў і інтарэсаў”, – тлумачыў у судзе Мікола Шарах.  

Пасля вывучэння ўсіх матэрыялаў справы суд прызнаў незаконным адмову Полацкага райвыканкаму ў рэгістрацыі «Цэнтру інфармацыйна-прававой падтрымкі «Адвакацыя». Полацкі райвыканкам парушыў правы грамадзяніна на стварэнне арганізацыі.

Шарах: Яны зноў змогуць спаслацца на ўяўнае парушэнне

Мікола Шарах кажа, што ўражанне ад судовай пастановы дваістае:

“З аднаго боку, тое, што рашэнне прынятае на маю карысць і суд падтрымаў грамадзяніна, – гэта добры знак. Хаця і прыняць іншае рашэнне ў дадзенай сітуацыі было б складана.

З другога боку, судовае рашэнне нейкай рэальнай моцы само па сабе не мае. Яно толькі засведчыла, што правы грамадзяніна органамі ўлады былі парушаныя. Цяпер працэдуру рэгістрацыі трэба праходзіць нанова. Выканкам спаслаўся на парушэнне пры складанні заявы. Але скласці новую заяву нейкім іншым чынам – немагчыма, і яны зноў змогуць спаслацца на ўяўнае парушэнне. І зноў прыйдзецца хадзіць па тым жа самым коле”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства