viasna on patreon

Вольга Кавалькова: Няхай Канстытуцыйны суд дасць ацэнку той прававой калізіі, якую маем зараз

2019 2019-05-02T08:14:10+0300 2019-05-02T08:14:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/volga_kavalkova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова

Лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова

29 красавіка арганізатараў Дня Волі ў Мінску асудзілі за адмову плаціць міліцыі за аказанне паслуг па ахове грамадскага парадку падчас мітынгу і канцэрта.

“Улады стварылі абсалютна рэпрэсіўны закон, які ў першую чаргу б’е па палітычных апанентах, і з гэтым патрэбна нейкім чынам змагацца”, – распавяла сайту palitviazni.info Вольга Кавалькова, якую аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

Палітыкі Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Ігар Барысаў і Мікалай Казлоў атрымалі з УУС Цэнтральнага раёна Мінска пратаколы аб здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле “Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства”.

Нагадаем, што арганізатары прынцыпова адмовіліся плаціць міліцыі. На іх думку, у такім выпадку парушаецца канстытуцыйнае права грамадзян на мірныя сходы. Акрамя таго, палітыкі заявілі, што праваахоўнікі падчас аховы парадку не ў поўнай меры выконвалі свае службовыя абавязкі. Трэба сказаць, што суд быў незвычайны, бо такога кшталту працэсаў у Беларусі да гэтага часу яшчэ ніколі не было.

У выніку суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес рашэнне пакараць Юрыя Губарэвіча, Вольгу Кавалькову і Мікалая Казлова штрафамі ў 30 базавых велічынь кожнага (па 765 рублёў). А вось Ігар Барысаў зараз знаходзіцца ў камандзіроўцы, а таму папрасіў суд перанесці разгляд справы на іншую дату.

“Я, безумоўна, буду абскарджваць рашэнне раённага суда, – кажа Вольга Кавалькова. – Мы на заканадаўчых падставах спрабавалі абараніць у судзе сваю пазіцыю, але ўсе нашы аргументы не былі прыняты да ўвагі. Мяркую, што вынесены прысуд знаходзіцца не ў плоскасці заканадаўства. Гэта цалкам палітычнае рашэнне”.

Са слоў суразмоўцы, улады вельмі хітрым чынам змянілі падыход да правядзення масавых мерапрыемствах.

“Усе вельмі захапляліся прынятай нормай, што масавыя мерапрыемствы можна будзе праводзіць па паведамляльным прынцыпе, – адзначае Вольга Кавалькова. – Некаторыя казалі пра крутую лібералізацыю ўладаў, а апошнія вельмі добра прадалі гэты тавар Захаду. Але затым з’явілася пастанова Савета міністраў, згодна з якой за кожную акцыю трэба плаціць некалькі тысяч долараў міліцыі за ахову парадку падчас мерапрыемства. Той самай міліцыі, якая атрымлівае грошы з кішэняў падаткаплацельшчыкаў, якія вырашылі рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы”.

Палітык кажа, што зараз практычна немагчыма правесці акцыю любога фармату, бо ў партый і грамадскіх арганізацый праблемы з фінансамі.

“Улады гэтую норму прынялі мэтанакіравана, каб людзі не маглі выказаць пратэст, – дадае Вольга Кавалькова. – Дзяржаўныя арганізацыі пазбаўлены ад такой пошліны пры правядзенні сваіх акцый, а простыя грамадзяне павінны аплочваць масавыя мерапрыемствы. І з гэтым трэба нейкім чынам змагацца.

Я, напрыклад, стварыла петыцыю за адмену вышэйзгаданай пастановы і ўнясення зменаў у Закон аб масавых мерапрыемствах. Другі крок – гэта зварот у Канстытуцыйны суд, каб ён даў прававую ацэнку той калізіі права, якую маем зараз. Чым большая колькасць людзей і арганізацый выкажацца з нагоды таго, што пастанова Савета міністраў парушае Асноўны закон, тым больш шанцаў нечага дамагчыся”.

Дарэчы, разгляд адміністрацыйнай справы Ігара Барысава адбудзецца ў судзе Цэнтральтнга раёна Мінска ў 16-30 2 траўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства