viasna on patreon

У Берасці падалі заяўкі на шэсць мітынгаў супраць завода АКБ

2019 2019-05-03T11:06:43+0300 2019-05-03T11:06:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/img_5986.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя супраць будаўніцтва завода АКБ ў Берасці. Фота: "Берасцейская газета".

Акцыя супраць будаўніцтва завода АКБ ў Берасці. Фота: "Берасцейская газета".

Група актывістаў другога траўня падала ў Берасцейскі гарвыканкам паведамленні пра правядзенне шасці мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, усе мітынгі — па тры 13 і 14 мая — плануюцца на пляцоўцы каля сцэны ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

„Гэта буднія дні, і спадзяюся, што там у гэты час не будзе запланаваных раней мерапрыемстваў, як звычайна адказвае на нашы апавяшчэнні гарвыканкам і на гэтай падставе забараняе акцыі супраць гэтага завода”, — заявіў Кісляк.

Праваабаронца адзначыў, што грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 94 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшлі прыкладна дзве тысячы чалавек. Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці. Апошнім часам пасля “кармлення галубоў” людзі ідуць шэсцем па цэнтральных вуліцах горада.

У той жа час пераслед праціўнікаў акумулятарнага завода ў Брэсце толькі ўзрастае. Так, праваабаронца “Вясны” Уладзімір Вялічкін у гутарцы з “Радыё Рацыя” адзначыў, што 2019 год хутчэй за ўсё стане для берасцейцаў рэкордным па колькасці атрыманых штрафаў.

“З кожным разам павялічваецца ціск, невядома чаго чакаць да канца года. Статыстыка вельмі простая. У мінулым годзе, мы памятаем, судзілі блогераў і грамадскіх актывістаў. Яны недзе 15 тысячаў штрафаў набралі. Асобна журналістаў, недзе таксама тысяч на 15. А сёння мы бачым, што толькі за адзін месяц ужо 7. А наперадзе яшчэ восем месяцаў”, - кажа Уладзімір Вялічкін.

Праваабаронца не выключае, што такая колькасць штрафаў можа быць звязана з набліжэннем адразу двух кампаній — парламенцкай і прэзідэнцкай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства