viasna on patreon

Суд аштрафаваў Глеба Рубанава на 40 базавых

2019 2019-05-13T15:19:39+0300 2019-05-15T18:07:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rubanay.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Глеб Рубанаў. Фота "Новы час"

Глеб Рубанаў. Фота "Новы час"

ІТ-кансультанта Глеба Рубанава прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1020 рублёў). Рэпартаж з суда Савецкага раёна вёў "Новы час".

Нагадаем, што Рубанава абвінавачвалі ў тым, што 5 сакавіка ён распаўсюдзіў у Фэйсбуку абрэвіятуру A**AB, прызнаную экстрэмісцкай.

«Нарэшце стала вядома што мне інкрымінуюць размяшчэнне чатырохлітарнай абрэвіятуры ПАД постам (у каментарах) на старонцы Hleb Rubanau. Прычым тэхнічна гэта выглядае так: каментар ад імя Hleb Rubanau пад постам утрымлівае лінк на пост іншага карыстальніка Фэйсбук. Фэйсбук аўтаматычна адлюстроўвае preview таго поста, на які ідзе спасылка, і ў межах гэтага preview бачна фатаграфія, на якой выяўлены плакат з абрэвіятурай. І нават калі другі карыстальнік памяняе фатаграфію ў сваім допісе (напрыклад, дадасць выяву з забароненай абрэвіятурай), яна гэтак жа зменіцца і ў лінку карыстальніка з іменем Hleb Rubanau, — заявіў Глеб Рубанаў перад пачаткам судовага пасяджэння. — У мяне вельмі шмат пытанняў, і я буду намагацца, каб яны былі разгледжаныя ў гэтым жа пасяджэнні».

Глеб вінаватым сябе не прызнаў, таму што не ўстаноўленая асоба, якая размясціла выяву з абрэвіятурай у сетцы Фэйсбук. Як IT-спецыяліст, Глеб лічыць, што ўстанаўленне МУС такіх асоб прынцыпова немагчыма. Такімі дадзенымі валодае толькі амерыканскі сегмент Фэйсбука. Адзіная інфармацыя, якую могуць дкладна ўстанавіць беларускія сілавікі разам з Фэйсбукам, — гэта ІР-адрас карыстальніка. Аднак наўрад ці карпарацыя Фэйсбук выдасць беларускім сілавым органам, з якога ІР-адрасу быў пакінуты пэўны каментар. Нават калі так — даказаць асобу, якая размясціла допіс, амаль немагчыма. Гэта можа быць любы чалавек, які, напрыклад, ведае пароль ад вай-фая. Так што магчымасці ідэнтыфікаваць асобу ў сеціве амаль няма, калі справа не з’яўляецца выключнай і да яе не падключаць Інтэрпал.

ІТ-кансультант адмовіўся адказваць на пытанне суддзі, ці зарэгістраваны ён у сетцы Фэйсбук, паколькі ён не павінен даказваць сваю невінаватасць і сведчыць супраць сябе.

Суд распачаўся ў 10.00, вяла працэс суддзя Вера Галаўкова.

Напачатку пасяджэння Глеб Рубанаў заявіў хадайніцтва аб выкліку сведак — маёра Варанішча і капітана Белага. Першы непасрэдна затрымліваў Глеба і вядзе супраць яго адміністрацыйны працэс. Другі ўзгаданы як выканаўца ў многіх дакументах справы. Суддзя хадайніцтва задаволіла. 

Другое хадайніцтва Глеба тычылася візуальнага агляду справы, каб пераканацца, што дакументы ў суддзі маюць той жа выгляд, з якімі знаёміўся Глеб з адвакатаму РУУСе. Суддзя гэтае хадайніцтва таксама задаволіла. 

Яшчэ адно пісьмовае хадайніцтва — аб разглядзе законнасці затрымання Глеба сёмага траўня. Ён лічыць яго адвольным, што парушае артыкул 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Глеб папрасіў прызнаць за ім права на кампенсацыю шкоды, нанесенай затрыманнем.  І, нарэшце, хадайніцтва даследаваць пратакол агляду прадметаў і дакументаў ад 14 скавіка, які знаходзіцца ў матэрыялах справы, на прадмет фальсіфікацыі.

«У пратаколе ўказана дата 5 сакавіка 2019 года, час 15.13. Гэты час Фэйсбук фіксуе як час пакідання каментара са спасылкай. Але на скрыншоце са звестак сеткі Фэйсбук таксама бачна, што фізічна ён быў зроблены праз 9 тыдняў пасля 5 сакавіка. Я паглядзеў па календары — гэта 7 траўня, дзень майго затрымання. Такім чынам ёсць вялікая верагоднасць, што пратакол агляду (які і з’яўляецца нібыта падставай для пачатку адміністрацыйнага працэсу) быў складзены пасля таго, як я быў змешчаны пад варту альбо непасрэдна перад маім затрыманнем, а не 14 сакавіка», — зазначыў Глеб Рубанаў.

Адвакат Аляксандр Галіеў папрасіў накіраваць згаданы пратакол не ў Савецкі РУУС, а дзеля ацэнкі ў Следчы камітэт па Мінску.

У судзе старшы ўчастковы Савецкага РУУС маёр міліцыі Дзяніс Варанішча распавёў, што 7 траўня 2019 года каля 4 — 5 раніцы ён затрымаў Глеба Рубанава ў двары аднаго з дамоў на вуліцы Гамарніка па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. 

«Выклікала падазрэнні ваша машына: было спушчана кола, дах і капот мелі пашкоджанні. Вы былі выкліканыя аператыўным дзяжурным для агляду», — патлумачыў участковы.

Ён пацвердзіў, што Глеб пагадзіўся праехаць у РУУС добраахвотна, але пры гэтым затрыманне адбылося пасля пасадкі ў міліцэйскую машыну. Адміністрацыйны працэс пачаўся 14 сакавіка, з моманту складання пратаколу агляду старонкі ў Фэйсбуку. Ён сцвярджае, што час даследавання старонкі — 16.09. Аднак гэтыя звесткі разыходзяцца з тым, што напісана ў пратаколе агляду.

І яшчэ адзін момант: 10 траўня матэрыялы былі накіраваныя ў суд, а з пратаколам Рубанаў з адвакатам змаглі азнаёміцца толькі 11 траўня. Варанішча сказаў, што Глеб быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, аднак у пратаколе сказана, што — для забеспячэння ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе. 

«Гэта не супярэчанне, а ўдакладненне», — патлумачыў участковы.

Якім чынам устанавілі, што акаўнт Hleb Rubanau у Фэйсбуку належыць Глебу Рубанаву, яму невядома — гэтым займалася ГУБАЗіК.

Наступны сведка, участковы Аляксандр Белы, патлумачыў, што ведае Рубанава, паколькі складаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Таксама сведка сцяврджае, што Рубанава запрашалі прыйсці ў міліцыю, у тым ліку дасылалі позву па пошце. 

Глеб Рубанаў заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд начальніка ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па супрацьдзеянні экстрэмізму, які ўстанаўліваў асобу Рубанава ў сетцы Фэйсбук. Да таго ж асоба Рубанава нібыта была ўстаноўленая 18 сакавіка, а пратакол агляду быў складзены 14 сакавіка. Аднак суд хадайніцтва адхіліў.

Глеб перакананы, што асоба, якая здзейсніла правапарушэнне, не ўстаноўленая, а грамадская небяспека ад яго — вельмі малая. Таму ён лічыць, што адміністрацыйны працэс у адносінах да яго неабходна спыніць за адсутнасцю падзеі правапарушэння.

У сваю чаргу адвакат Аляксандр Галіеў звярнуў увагу на поўную некампетэнтнасць і прававы нігілізм супрацоўнікаў МУС. Праз гэта чалавек, у якога на ўтрыманні знаходзіцца маці-інвалід 1 групы і чатырохгадовае дзіця, апошнія дні вымушаны амаль не спаць, пакутаваць ад павышэння ціску, а ўся яго сям’я — жыць у нервовай абстаноўцы.

Аднак суддзя Вера Галаўкова палічыла, што гэтага недастаткова, і аштрафавала Глеба Рубанава на 40 базавых велічынь (1020 рублёў).


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства