Беларусь заняла 43 месца з 49 у рэйтынгу абароны правоў ЛГБТ
Беларусь займае 43 месца сярод 49 краін Эўропы ў галіне абароны правоў ЛГБТ супольнасці, паведамляе "Радыё Свабода". Адпаведны рэйтынг, які склала праваабарончая група ILGA-Europe, апублікавалі 13 траўня на штогадовым міжурадавым форуме, прысвечаным Міжнароднаму дню барацьбы з гамафобіяй, біфобіяй і трансфобіяй.
Як адзначаюць праваабаронцы, упершыню за дзесяцігадовую гісторыю рэйтынгу індэксы краін рухаюцца ў адваротным кірунку, праз згортванне пэўных праграм або змяненне заканадаўства.
«Вясёлкавы рэйтынг» ацэньвае краіны ў адпаведнасьці з іх заканадаўствам і палітыкай у дачыненні да ЛГБТ па шкале ад 0 да 100%, дзе 0% — грубыя парушэнні правоў чалавека і дыскрымінацыя да 100% — павага правоў чалавека, цалкам роўныя правы для меншасьцяў у грамадзтве.
Праваабаронцы выкарыстоўваюць адпаведны набор крытэраў — у гэтым годзе іх 69. Крытэры падзеленыя на шэсьць тэматычных катэгорый: роўнасць і недыскрымінацыя; сям’я; злачынствы па прыкмеце нянавісці і распальванне нянавісці; прававое прызнанне палоў і цялеснай недатыкальнасці; грамадзянская супольнасць; прытулак.
Згодна з гэтымі крытэрамі Беларусь атрымала 13,43%, апярэдзіўшы Сан-Марына і Манака.
Першае месца ў рэйтынгу чацьвёрты год запар займае Мальта (90,35%), далей ідуць Бельгія (73,08%) і Люксембург (70,40%). У першую пяцёрку таксама трапілі Фінляндыя (69,27%) і Данія (67,86%).
Замыкаюць «Вясёлкавы рэйтынг» Расія (10,20%), Арменія (6,4%), Турцыя (5,16%) і Азербайджан (3,33%).
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96