За перапост кліпа Rammstein гарадзенец атрымаў вялікі адміністрацыйны штраф
Гарадзенец Андрэй Галавенка распавёў Hrodna.life, што яшчэ ў пачатку траўня крымінальную справу закрылі, а замест яе пачалі адміністрацыйную. У выніку за перапост кліпа Rammstein ён атрымаў штраф – 1275 рублёў (50 базавых велічыняў).
Кліп Pussy нямецкага гурта Rammstein Андрэй размясціў на сваёй старонцы ў верасні 2014 года. Праз 4,5 гады аддзел культуралагічных экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз прызнаў кліп забароненым да распаўсюджвання з-за ўтрымання парнаграфічных сцэн.
На падставе экспертызы Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па ч.2 ст.343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфіі). За гэта пагражае ад 2 да 4 гадоў пазбаўлення волі.
"З-за тэрміну даўніны справу перавялі ў адміністрацыйную. Таксама мой працадаўца даў станоўчую характарыстыку з месца працы, – распавядае Андрэй. – У выніку 10 траўня мне агучылі рашэнне: абышлося штрафам у памеры 50 базавых. Прыйшлося яшчэ заплаціць за выдаткі суда і за праведзеную экспертызу. Добра, што ўсё так скончылася”.
Калі інфармацыя пра крымінальную справу стала публічнай, Андрэя падтрымалі многія беларусы. Хлопец прасіў дапамагчы сабраць грошы на адваката.
"Вялікі дзякуй усім тым, хто мне дапамог. Я не думаў, што людзі адгукнуцца і падтрымаюць мяне ў цяжкую хвіліну. Гэта вельмі прыемна, што ў нас ёсць такія людзі. Нават прадстаўнікі гурта Rammstein выходзілі на мяне і гатовыя былі дапамагчы, але на той момант дапамога ўжо не была патрэбная. Усе сабраныя сродкі пайшлі на адваката і на пагашэнне штрафу. Раю ўсім на будучыню глядзець, што дадаваць у сацыяльныя сеткі. За ўсімі намі сочаць”, – сказаў Андрэй.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96