viasna on patreon

“Іх праблемы – адлюстраванне нашага жыцця”. У Мінску прайшло ток-шоў пра людзей з інваліднасцю Фота

2019 2019-05-18T23:19:16+0300 2019-05-21T13:14:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tokshow1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Стрыжак, Леанід Каліценя і Сяргей Драздоўскі

Андрэй Стрыжак, Леанід Каліценя і Сяргей Драздоўскі

У суботу 18 траўня ў мінскай прасторы “Тэрыторыя правоў” прайшло праваабарончае ток-шоў "Без права на "Я", асноўнай тэмай якога сталі праблемы людзей з інваліднасцю. І ў прыватнасці - як і чаму гэтых людзей пазбаўляюць асобы.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла праграма ILIA (International Law in Advocacy). Спікерамі ток-шоў былі дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і прадзюсер Леанід Каліценя. Мадэраваў мерапрыемства праваабаронца, кіраўнік гомельскай філіі ПЦ "Вясна" Андрэй Стрыжак.

На жаль, беларускае грамадства працягвае падзяляць людзей на «нармальных» і «непаўнавартасных». Часам гэта адбываецца “з добрых памкненняў” - напрыклад, з жадання дапамагчы. Але нават у гэтай сітуацыі такое стаўленне параджае дыскрымінацыю людзей з інваліднасцю. Болей за тое, самі людзі з інваліднасцю часта ўспрымаюць такое падзяленне як належнае.

Удзельнікі ток-шоў, якое цягнулася больш за дзве гадзіны, спрабавалі разабрацца ў прычынах усіх гэтых з’яў.

Ток-шоў
Ток-шоў "Без права на "я"

Адразу ж размова пайшла пра сістэму інтэрнатаў для людзей з інваліднасцю і пра недасканаласць дадзенай сістэмы. Аднак ці ёсць у нас альтэрнатывы?

Леанід Каліценя разважаў з пункту гледжання гістарычнага развіцця грамадства. Ён лічыць, што на дадзеным этапе яно не гатовае да глабальных пераменаў.

“З 19 стагоддзя існуе практыка – людзей з інваліднасцю памяшчаюць у спецыяльныя інстытуцыі, якія павінны ім дапамагаць. Гэта такі механістычны падыход, якім мы карыстаемся і дагэтуль. Зразумела, у яго шмат мінусаў. Але ці гатовая Беларусь рухацца далей? Адной нагой мы канешне пераходзім у лічбавую эпоху, аднак мы не настолькі эканамічна развітыя, як, напрыклад, Амерыка ці Заходняя Еўропа. І таму пакуль мы не здольныя стварыць добрыя ўмовы для кожнага асобнага чалавека з інваліднасцю”.

Кіраўнік Офісу па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, у сваю чаргу, вельмі крытычна ставіцца да сістэмы інтэрнатаў, якая і склалася ў грамадстве. Ён лічыць, што дадзеная сістэма не можа развівацца, яна дэградуе па вызначэнні. 

Леанід Каліценя і Сяргей Драздоўск
Леанід Каліценя і Сяргей Драздоўскі

“Правілы, якія мы стварылі гістарычна, спраецыраваны не на людзей з інваліднасцю. І ўстае пытанне: дык хто неправільны – гэтыя людзі ці гэтыя правілы? Я думаю, што правілы. І ўсе існуючыя абмежаванні – гэта вынік дзеяння такіх правілаў, якія неабходна мяняць”.

Па меркаванні Драздоўскага, калі грамадства пэўны час жыло па гэтых правілах, гэта не значыць, што яны мусяць жыць па іх і у будучым. Ён лічыць, што механістычны падыход мусіць саступіць месца праваабарончаму падыходу да праблемы інваліднасці.

Сяргей Драздоўскі выказаў думку, што інваліднасць у сучасным свеце – гэта праблема хутчэй не самога чалавека, а яго атачэння.

“Калі мы кажам пра незалежнае існаванне, то варта памятаць, што ў поўнай меры ў сучасным свеце яно немагчыма. Мы ў сур’ёзнай ступені залежым адзін ад аднога. І таму менавіта ад стаўлення атачальных у вялікай ступені залежыць, наколькі камфортна будуць адчуваць сябе людзі з інваліднасцю. І стаўленне гэта мусіць быць як да роўных”.

Праблема, якая прама звязана з неразуменнем гэтага прынцыпу, - гэта нежаданне дзяржвы даваць людзям з інваліднасцю болей свабоды.

“Калі наша дзяржава аказвае дапамогу, то яна і вырашае, як чалавеку гэтай дапамогай карыстацца. Яна фактычна патрабуе ад чалавека выконваць пэўныя правілы паводзінаў. Гэта тупіковы падыход. Варта даваць магчымасць самому чалавеку распараджацца дапамогай, даваць магчымасць самастойна (наколькі гэта магчыма) прымаць рашэнні і быць адказным за сваё жыццё”.

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак, мадэратар ток-шоў

Таксама шмат увагі падчас дыскусіі надавалася пытанням правасуб’ектнасці і дзеяздольнасці. У якіх выпадках мэтазгодна, а ў якіх немэтазгодна пазбаўляць яе людзей з інваліднасцю?

Сяргей Драздоўскі:Зараз у інтэрнатах для людзей з інваліднасцю пражывае каля 16000 чалавек, якія пазбаўлены дзеяздольнасці. За іх, па законе, усё вырашае апякун. Што гэта значыць? Яны не могуць уступаць у брак, атрымліваць адукацыю, абіраць род заняткаў, не могуць галасаваць, ажыццяўляць здзелкі і г.д. Згадзіцеся, мусяць быць сур’ёзныя падставы, как пазбавіць чалавека дзеяздольнасці, а даволі часта такіх падстаў няма”.

У пацвярджэнне сваіх словаў Драздоўскі распавёў прыклады, як людзей пазбаўлялі дзеяздольнасці на вельмі сумнеўных падставах. Прыклад – як з карысных матываў дамагаюцца пазбаўлення дзеяздольнасці састарэлых сваякоў. Да таго ж, самі працэдуры выклікаюць шмат пытанняў: калі, напрыклад, суды праходзяць без удзелу саміх грамадзян, якіх пазбаўляюць дзеяздольнасці.

“Мы мусім перастаць “давіць” гэтых людзей, пазбаўляць іх чалавечай годнасці. Пазбаўляючы дзеяздольнасці, мы як бы здзяйсняем злачынства, а потым ужо думаем, што з гэтым рабіць”.

Леанід Каліценя, у сваю чаргу, прывёў прыклады, калі людзей з пэўнай формай інваліднасці, на яго думку, пазбаўляць дзеяздольнасці правільна. Напрыклад, людзей, хворых на алігафрэнію. Таму часам гэта кепска, а часам, наадварот, робіцца для выгады гэтых людзей. 

Леанід Каліценя
Леанід Каліценя

Напрыканцы дыскусіі Леанід Каліценя прызнаўся, што наконт хуткага наступлення пазітыўных зменаў ён настроены скептычна. “Менталітэт у адзін момант не зменіцца. Усе змены складаюцца з дробных, але канкрэтных дзеянняў”, - лічыць рэжысёр. Па яго меркаванні, у гэтым і ёсць задача НДА, якія працуюць з тэмай інваліднасці і іншымі актуальнымі тэмамі, – быць заўважнымі і натхняць сваёй дзейнасцю іншых.

“Мы часцяком спрабуем вырашаць праблемы па факце, а не разбірацца ў іх прычынах. Праблемы людзей з інваліднасцю ў нашай краіне – гэта адлюстраванне нашага агульнага жыцця. Нам трэба больш адказна ставіцца да таго, што робім сёння. Зараз мы, на жаль, недастаткова думаем і адказваем за наша грамадства”, - сказаў Сяргей Драздоўскі напрыканцы ток-шоў.

“Мы заўсёды мусім памятаць, што чалавечая годнасць – яна ёсць у кожнага. Гэта планка, ніжэй за якую мы не можам апусціцца”, - рэзюмаваў мадэратар Андрэй Стрыжак.  

Ток-шоў
Ток-шоў "Без права на "я"

Мерапрыемства праходзіла ў межаў Тыдня даступнасці.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства