viasna on patreon

Прадстаўнікі магілёўскай ГНК не змаглі наведаць асуджанага Пятра Кучуру ў калоніі

2019 2019-05-20T16:07:24+0300 2019-05-21T13:13:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/colony15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Аляксандра Буракова (DW)

Фота Аляксандра Буракова (DW)

16 траўня грамадская назіральная камісія (ГНК) па Магілёўская вобласці не змагла наведаць у калоніі №15 зняволенага Пятра Кучуру. Гэта прасіла зрабіць яго жонка Людміла Кучура, якая напрацягу многіх гадоў змагаецца за выкананне яго правоў.

Людміла Кучура паведаміла ПЦ “Вясна”, што прыкладна два месяцы не мела аніякіх звестак ад мужа – лісты ад яго не даходзілі. Каб даведацца пра яго лёс, яна звярнулася ў абласную ГНК з заявай, у якой прасіла чальцоў камісіі наведаць яе мужа.

16 траўня прадстаўнікі ГНК наведалі калонію №15 з мэтай правядзення анкетавання зняволеных, аднак пабачыць Пятра Кучуру яны так і не змаглі.

Падрабязнасці візіта распавядае сакратар камісіі, праваабаронца “Вясны” Барыс Бухель:

“Мы адмыслова некалькі разоў прасілі, каб нам дазволілі сустрэцца з Кучурам. А адміністрацыя адмаўляла. Яны кажуць: “Мы не хочам, каб па адным асуджаным судзілі пра ўсю калонію”. Нам нават адмовіліся казаць, дзе ён на той момант знаходзіўся: у атрадзе, у ПКТ ці ў ШІЗА. У гэты раз у нас увогуле не было магчымасці паразмаўляць са зняволенымі – ўсе памяшканні, па якіх нас вадзілі, былі пустымі. Фактычна адзіныя зняволеныя, якіх мы бачылі, - гэта каля 20 чалавек, якіх адміністрацыя сабрала ў актавай залі, каб перадаць ім нашыя анкеты”.

Людміла Кучура літаральна сёння, 20 траўня, атрымала першы за два месяцы ліст ад мужа. Як аказалася, за гэты час ён пісаў ёй яшчэ тры лісты, аднак два з іх не прапусціла адміністрацыя калоніі праз цэнзуру, яшчэ адзін ліст дзесьці згубіўся.

Нагадаем, Пётр Кучура асуджаны на 18 гадоў за наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету. Суд прыйшоў да высновы, што мужчына займаўся браканьерствам, а калі ўбачыў інспектара – застрэліў яго. 14 гадоў тэрміна Кучура ўжо адбыў, зараз ён знаходзіцца ў магілёўскай калоніі №15.

Значную частку гэтага часу, як сцвярджае яго жонка Людміла, мужчына падпадае пад неабгрунтаваныя прыдзіркі і здзекі з боку адміністрацыі калоніі.

Так, у лютым гэтага года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва пакінуў у сіле рашэнне аб дысцыплінарных спагнаннях з Кучуры, якое вынесла адміністрацыя. Мужчына вырашыў абскардзіць гэтае судовае рашэнне, аднак на ўвесь тэрмін абскарджвання яго змясцілі ў ШІЗА. Калі пасля ШІЗА Кучура ўсё ж накіраваў апеляцыйную скаргу, то, як стала вядома пазней, за сцены калоніі яна так і не выйшла.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства