viasna on patreon

“Убачыць схаваны бок іх жыцця”. У Мінску адкрылася выстава мастацкіх прац зняволеных Фота

2019 2019-05-23T16:10:08+0300 2019-06-19T13:15:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vistava3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На адукацыйнай прасторы “Тэрыторыя правоў” прайшло адкрыццё выставы мастацкіх прац зняволеных папраўчых устаноў і іншых месцаў несвабоды. Арганізатарам выставы “Мары з-за кратаў” выступіў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

З лютага па травень арганізатарам не зусім звычайнай выставы было даслана некалькі дзесяткаў цікавых і разнастайных па выяўленчым жанры прац.

Адкрыў выставу яе каардынатар, юрыст ПЦ “Вясна” Павел Сапелка. Ён падкрэсліў разнастайнасць прац, прадстаўленых на выставе, і разнастайнасць іх сэнсаў.

Павел Сапелка
Павел Сапелка

“Людзі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, жывуць тымі ж самымі каштоўнасцямі, што і мы. Яны гэтак жа сама мараць і спадзяюцца на штосьці. І ў іх ёсць вельмі важныя і цікавыя думкі, якія яны хочуць данесці”, - адзначыў Сапелка.

Павел Сапелка падзякаваў “Белгазеце” і “Народнай Волі”, дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы якіх зняволеныя змаглі даведацца пра прыём прац для выставы і конкурса.

Васіль Завадскі, юрыст арганізацыі “Тайм АКТ”, якая займаецца абаронай правоў зняволеных, адзначыў важнасць выставы, бо яна разбурае стэрэатыпы ў адносінах да зняволеных і паказвае вельмі важны бок іх жыцця.

“Я ўпэўнены ў тым, што самавыяўленне кожнага чалавека, раскрыццё яго патэнцыяла і яго талентаў – гэта найважнейшае, што мусіць рабіцца ў грамадстве і дзяржаве. У месцах пазбаўлення волі знаходзяцца вельмі розныя людзі з рознымі схільнасцямі і талентамі. І незалежна ад таго, па якіх прычынах яны там знаходзяцца, вельмі істотна даць ім магчымасць паказаць сябе, нейкім чынам пашырыць свае магчымасці для камунікацыі з грамадствам”.

Мастак Алесь Пушкін прызнаўся, што ўпершыню наведаў выставу падобнага кшталту, але вельмі ўражаны высокай якасцю прадстаўленых прац тых, хто “мае таленты і марыць пра волю”. Ён правёў своеасаблівую экскурсію па выставе, параўноўваючы карціны і ідэі, якія, на яго думку, хацелі данесці іх аўтары.

Алесь Пушкін распавядае пра карціны
Алесь Пушкін распавядае пра карціны

Напрыканцы Алесь Пушкін прэзентаваў фарбы для аднаго з аўтараў мастацкіх прац.

Выставу наведала маці аднаго са зняволеных, працы якога прадстаўлены на выставе. Яна кажа, што даведалася пра конкурс з адной з закрытых суполак.

Маці аднаго з аўтараў мастацкіх прац трымае падарунак ад сына
Маці аднаго з аўтараў мастацкіх прац трымае падарунак ад сына

Жанчына распавяла, што яе сын асуджаны па артыкуле 328, зараз знаходзіцца ў бабруйскай калоніі №2. Раней ён займаўся ў творчым гуртку, дзе вучыўся маляваць. Жанчына распавяла, што першыя месяцы, як ён трапіў у калонію, ён займаўся творчай працай – разьбой па дрэве і афармленнем стэндаў, аднак затым яго перанакіравалі на працу з дротам. Па меркаванні маці, гэта здарылася з-за артыкула, па якім асуджаны сын: “У калоніі вырашылі, што нельга асуджанаму па 328 займацца мастацтвам як працай. Толькі ў сваіх асабістых мэтах”. 

Выставу можа наведаць кожны жадаючы цягам бліжэйшага месяцу па адрасе вул. Ложынская, 16, пам. 404 (адукацыйная пляцоўка “Тэрыторя правоў”).

У хуткім часе журы абярэ двух лепшых аўтараў мастацкіх прац . Таксама за ўпадабанага аўтара могуць прагаласаваць наведвальнікі выставы. Гэтыя тры чалавекі і стануць пераможцамі, якія атрымаюць грашовы прыз.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства