viasna on patreon

Адміністрацыйны пераслед за “распаўсюд экстрэмізму” у графіках і лічбах

2019 2019-05-24T15:15:21+0300 2019-05-24T15:59:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/extremizm_int.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У перыяд з 2014 па травень 2019 праваабаронцамі зафіксаваны 31 выпадак складання пратаколаў па артыкуле 17.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, то бок за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Большасць з іх (20) былі складзены цягам апошняга году.

Варта адзначыць, што пратаколы, складзеныя ў перыяд з 2014 па канец 2017 года, у асноным звязаны з распаўсюдам менавіта друкаваных матэрыялаў (улётак, літаратуры), якія ўтрымлівалі “экстрэмісцкі” тэкст ці спасылкі на забароненыя рэсурсы. За гэты перыяд амаль усе пратаколы складалі на актывістаў анархічнага руху.

Аднак з лета 2018 года сітуацыя мяняецца: колькасць спраў па “экстрэмісцкім” артыкуле пачала няспынна ўзрастаць. Таксама мяняецца сэнс адміністрацыйных спраў. На людзей пачынаюць складаць пратаколы не за друкаваныя матэрыялы, а за публікацыі ў сацыяльных сетках: за пасты, каментары і нават спасылкі, якія ўтрымліваюць прыкметы экстэмізму.

Праваабаронцам вядома пра 20 выпадкаў складання пратаколаў па артыкуле 17.11 КаАП за апошні год. З кастрычніка мінулага году не праходзіла ніводнага месяцу, каб не з’яўляліся новыя пратаколы.

Агульная колькасць судоў па арт. 17.11 КаАП за апошні год – 19. Толькі ў двух выпадках (у Гомелі і Рагачове) справы былі адпраўлены на дапрацоўку. У астатніх 17-ці - людзі атрымалі штрафы памерам ад 10 да 50 базавых велічынь, агульная сума якіх склала 586 базавых велічынь (14747 рублёў). Варта адзначыць, што сума штрафаў, атрыманых у 2019 годзе, амаль у два разы большая, чым у 2018 годзе.

Выпадкі прыцягнення да адказнасці па артыкуле за “распаўсюд экстрэмізма” у апошні год фіксаваліся на тэрыторыі Мінскай, Гомельскай  і Гарадзенскай абласцей. Больш за ўсё такіх выпадкаў было ў Мінску (12 разоў).

Часам адначасова з пратаколамі па артыкуле 17.11 на актывістаў складаліся пратаколы і па іншых артыкулах. У прыватнасці, гэта артыкул 17.10 адміністрацыйнага кодэксу (дэманстраванне нацысцкай сімволікі). Справы таксама датычыліся публікацый ў інтэрнэце. За апошні год праваабронцам вядома пра складанне чатырох пратаколаў па гэтым артыкуле.  


Праваабарончая супольнасць Беларусі занепакоеная адвольным прымяненнем антыэкстрэмісцкага заканадаўства з мэтай абмежавання свабоды меркаванняў і іх выказвання. У апошні час фіксуецца ўсё болей фактаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд так званых “экстрэмісцкіх матэрыялаў”, у тым ліку ў інтэрнэце. У большасці выпадкаў гэта з’яўляецца неправамерным і непрапарцыйным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў.

З гэтай нагоды праваабаронцы ладзяць міжнародную канферэнцыю “Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека”, якая пройдзе 4 чэрвеня ў Мінску. На мерапрыемстве будзе прадстаўлены даклад «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека. Нацыянальнае антыэкстрэмісцкае заканадаўства і правапрымяняльная практыка».

Праграма канферэнцыі


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства