«Дыскрэдытуе Беларусь»: на праціўніка завода АКБ напісалі заяву ў міліцыю
На аднаго з лідараў руху пратэсту супраць завода АКБ ў Брэсце Дзмітрыя Бекалюка напісалі заяву ў міліцыю пра тое, што ён займаецца падрыўной дзейнасцю ўнутры Беларусі і такім чынам дыскрэдытуе Беларусь. Ён у сваю чаргу напісаў заяву з просьбай праверыць, ці няма ў гэтай заяве паклёпу. Пра гэта паведамляе «Брэсцкая газета».
«Нейкі Вадзім Уладзіміравіч Макееў напісаў і адправіў па электроннай пошце заяву на імя начальніка УУС Брэсцкага аблвыканкама і копію начальніку ўпраўлення ідэалогіі аблвыканкама. У заяве гаворыцца, што я пачкамі пішу звароты ў органы ўлады, а таксама ў Расійскую Федэрацыю і Польшчу, і тым самым дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь. Ён сцвярджае, што з-за маіх дзеянняў эканоміцы нашай краіны пагражае сур'ёзны ўрон: страты на экспарце могуць дасягнуць за 4,5 млрд даляраў, а краіна не далічыцца сотняў тысяч працоўных месцаў», — распавёў «БГ» Дзмітрый Бекалюк.
Паводле яго слоў, адрас Макеева для карэспандэнцыі паказаны пінскі, але жыве гэты чалавек у Маскве.
«Ён сцвярджае, што я займаюся падрыўной дзейнасцю ўнутры Беларусі, і просіць міліцыю гэта праверыць. Да заявы прыкладзены скрыншоты перапіскі ў вайбере з нагоды травеньскай забароны Рассельгаснагляду на ўвоз малочнай прадукцыі з 37 прадпрыемстваў Беларусі», — растлумачыў Бекалюк.
Па словах актывіста, у нядзелю 26 траўня ён па позве хадзіў у міліцыю для апытання. Праводзіцца праверка ў рамках Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. У міліцыі Дзмітрый Бекалюк напісаў сустрэчную заяву з просьбай праверыць у рамках ПВКаАП, ці няма ў заяве Макеева паклёпу.
Дзмітрый Бекалюк з'яўляецца адным з лідараў ініцыятыўнай групы, якая больш за год кажа пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта па будаўніцтве акумулятарнага завода ў Брэсцкім раёне. За актыўную грамадзянскую пазіцыю не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, быў аштрафаваны і ў якасці адміністрацыйна затрыманага сядзеў у ІЧУ.