viasna on patreon

Светлагорск: людзей запалохваюць звальненнем за подпісы пад зваротам у Міністэрства аховы здароўя

2019 2019-05-28T16:55:12+0300 2019-05-28T17:11:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/1_516.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Светлагорскі завод беленай цэлюлозы. Фота: TUT.BY

Светлагорскі завод беленай цэлюлозы. Фота: TUT.BY

Некалькі дзён таму бацькі дзяцей, якія жывуць у Светлагорску і Якімавай Слабадзе, пачалі збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З нагоды рэгулярных выкідаў з Завода беленай цэлюлозы ядаў, шкодных для здароўя, яны просяць чыноўнікаў з Міністэрства паўплываць на гэтую сітуацыю і паспрыяць закрыццю прадпрыемства да ліквідацыі ўсіх тэхнічных непаладак. У гэтым звароце яны спасылаюцца на Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», якім вызначана неад’емнае права кожнага дзіця на ахову i ўмацаванне здароўя. Бацькі таксама настойваюць на забароне шпацыраў дзяцей у дзіцячых садках і ўроках фізкультуры на адкрытым паветры ў школах падчас з'яўлення дрэнных пахаў.

Як паведамляе светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова, на дадзены момант сабрана ўжо больш за 100 подпісаў. Але, як ёй стала вядома раніцай 28 траўня, на некаторых прадпрыемствах і ўстановах людзей пачалі запалохваць звальненнем, калі тыя падпішуцца пад зваротам. Па гэтай прычыне некаторыя з бацькоў папрасілі іх подпісы ануляваць, баючыся згубіць месца працы.

Праваабаронца Алена Маслюкова лічыць гэта ціскам на людзей, якія проста хочуць скарыстацца канстытуцыйнымі правамі ў абароне сваіх дзяцей і экалагічных правоў:

“Я ў гэтым выпадку раю звяртацца з заявай у пракуратуру на гэтых кіраўнікоў і чыноўнікаў. Трэба адстойваць свае правы. Мяняць трэба акцэнт — не мы для іх, а яны для нас.

Артыкул 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дае права любому грамадзяніну або групе асобаў звяртацца ў любы дзяржаўны орган па любым пытанні. Звяртаючыся ў Міністэрства аховы здароўя, людзі абараняюць здароўе сваіх дзяцей, родных і блізкіх, а таксама права дыхаць чыстым паветрам, але ніяк не парушаюць закон і парадак. Гэта трэба дакладна самім разумець і даводзіць свайму начальству. Людзі хочуць скарыстацца сваім канстытуцыйным правам, але ім не даюць гэта зрабіць”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства