Алесь Бяляцкі: "Гэта былі важныя гады, якія закладалі падмурак абвяшчэння незалежнасці"
Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі прыняў удзел у дыскусіі «Сіла бяссільных. Барацьба за правы чалавека» ў межах міжнароднага форуму, прысвечанага тэме трансфармацыі ў Польшчы і рэгіёне Цэнтральна-ўсходняй Еўропы і яе выніках праз 30 гадоў.
Форум арганізаваны Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці, праходзіць 3-4 чэрвеня ў Гданьску (Польшча) і прысвечаны 30-годдзю першых свабодных выбараў у Польшчы, якія адбыліся 4 чэрвеня 1989 года.
Падчас дыскусіі абмяркоўваліся пытанні:
- Ці сталі ўсеагульныя правы чалавека адным з галоўных інструментаў апазіцыі антыкамуністаў?
- Якую ролю адыгрывае сіла і ўплыў грамадзянскага непадпарадкавання сёння?
- Правы чалавека: для ўсіх ці толькі для жыхароў Захаду?
- Як дапамагчы людзям, чые правы чалавека парушаныя?
Акрамя Алеся Бяляцкага ў абмеркаванні ўдзельнічалі Уладзімір Кара-Мурза, Адам Міхнік, Зузана Рудзінска-Блюшч, Вольга Ззорына і Людвіка Вуйец.
Кіраўнік "Вясны" распавёў, што падчас дыскусіі ўдзельнікі разважалі пра тое, што адбылося 30 гадоў таму ў Польшчы, што адбывалася ў суседніх краінах, у тым ліку ў Беларусі, Расіі, і якая сітуацыя складваецца зараз. Ці прыдатны той вопыт барацьбы за дэмакратыю, правы чалавека, незалежнасць, што адбывалася тады, – сёння?
У сваім выступе Алесь Бяляцкі згадаў некалькі асноўных падзей.
- 1989 год быў надзвычай важны для Беларусі, таму што менавіта ў гэтыя гады адбываліся імклівыя змены ў палітычных настроях і настроях людзей.
"Гэта былі важныя гады, якія закладалі падмурак абвяшчэння незалежнасці ў 1991 годзе. Нам трэба было дабіцца незалежнасці, бо мы выдатна разумелі, што ў гэтым агульным "калгасе", якім быў савецкі саюз, дасягнуць нейкай дэмакратыі, захавання правоў чалавека было немагчыма. І у нашых суседзяў – Літве, Латвіі, і ў Беларусі ішлі паралельна аднолькавыя працэсы: былі створаныя першыя грамадска-палітычныя арганізацыі. У нашай сітуацыі гэта быў Беларускі Народны Фронт, створаны ў кастрычніку 1988, з ягонымі некалькімі вельмі важнымі палітычнымі і грамадскімі кампаніямі", - падкрэсліў праваабаронца.
У той жа час адбыліся першыя часткова свабодныя выбары народных дэпутатаў СССР, дзе сярод іншых былі абраныя некалькі дэмакратычных дэпутатаў ад Беларусі: Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Аляксандр Дабравольскі, Віктар Карнеенка. Яны займелі ў рэшце рэшт легітымны дэмакратычны палітычны голас. І гэта быў першы вельмі сур’ёзны крок.
"Тады мы ўпершыню адчулі гэты п’янкі пах незалежнасці. Усё, што раней было абсалютнай тэорыяй і марамі пра незалежнасць, у 89-ым годзе магло адбыцца. Мы разумелі, што ёсць магчымасць пастарацца змяніць сітуацыю, аб’яднаўшыся з дэмакратычнымі сіламі ў розных рэспубліках. І таму для нас вось гэтыя вынікі выбараў у Польшчы былі харошым сігналам, які паказваў, што на нашых заходніх межах рэальна хутка мяняецца сітуацыя, што Польшча можа стаць першай дэмакратычнай краінай. І нам як бы паказвалі прыклад, што калі ідзе вось такое змаганне за дэмакратыю, то безумоўна чагосьці можна дасягнуць", - сказаў Алесь Бяляцкі.
- Ушанаванне “Курапатаў” – месца масавых растрэлаў
У 1989 годзе адбылася шматтысячная акцыя, якая ішла з цэнтра Мінска ў Курапаты – акцыя “Крыжа пакуты”. І гэта быў чарговы крок па ўшанаванню Курапатаў як вельмі важнага месца, якое "падпісывала прысуд злачынствам камуністычнай сістэмы".
"Тады ўлады страшна не хацелі, каб гэтае месца ўвайшло ў свядомасць людзей, бо яно мела магутны антысталінскі, антытаталітарны сэнс. І таму ж сённяшняе посткамуністычная лукашэнкаўская ўлада таксама робіць усё, каб замоўчваць гэтае месца, ці спрабуе нівеліраваць ягонае значэнне".
- Упершыню праведзены агромісты Чарнобыльскі Шлях
Па галоўным праспекце Мінска - ад парка Чалюскінцаў да Дома Урада - упершыню прайшла шматтысячная дэманстрацыя, дзе была актуалізаваная тэма Чарнобыльскай катастрофы. У той час інфармацыю пра яе ўлады замоўчвалі, і яшчэ дзесяткі тысяч беларусаў жылі на тэрыторыях, забруджанных радыяцыяй, на якіх нельга было жыць.
"Гэта быў такі магутны штуршок, каб урэшце рэшт улады сказалі праўду, што робіцца ў Чарнобыльскай зоне - на забруджаных землях Гомельшчыны і Магілёўшчыны, і пачаліся праграмы планамернага адсялення людзей з гэтых тэрыторый.
Гэта былі важныя палітычныя і грамадскія рэчы 1989 года, якія рабілі нас на крок бліжэй да незалежнасці".
На дыскусіі прысутнічала некалькі сотняў чалавек, сярод якіх амбасадары розных краінаў, у тым ліку Украіны, Велікабрытаніі, Францыі, Германіі, а таксама вядомыя польскія палітыкі і ветэраны “Салідарнасці”.