viasna on patreon

Адміністрацыйны пераслед у траўні ў графіках і лічбах

2019 2019-06-05T16:50:45+0300 2019-06-05T17:41:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shliah-2019-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У траўні працягвалася практыка прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў, у тым ліку і за адмову аплочваць расходы па іх правядзенню. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваліся і журналісты, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

У Брэсце ўлады працягваюць ціск на ўдзельнікаў пратэстных акцый супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй. Так, 11 траўня суддзя Дзмітрый Шурын аштрафаваў актывіста Дзмітрыя Бекалюка на 1020 рублёў (40 базавых велічынь) за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў па арт. 23.34 ч. 3 КаАП, а Аляксандра Марачэўскага – на 255 рублёў (10 базавых велічынь). Людмілу Карчэўскую суддзя Аляксандр Семянчук аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (510 рублёў) за ўдзел у «кармленні галубоў» 14 красавіка. Акрамя таго штраф у 10 базавых велічынь атрымаў Павел Каскевіч, у 8 базавых велічынь – Аляксандр Казлянка, у 5 базавых – Ірына Сіліцкая.

Яшчэ адзін праціўнік будаўніцтва завода АКБ Віталь Шавяленкаў быў брутальна затрыманы і змешчаны ў ІЧУ на трое сутак, пасля чаго асуджаны на дзве базавыя велічыні штрафу.

Агульная колькасць штрафаў для брэсцкіх актывістаў склала 2 422 рублёў 50 капеек.

У другой палове траўня былі аштрафаваныя некалькі ўдзельнікаў несанкцыянаванага шэсьця “Чарнобыльскі шлях”. Так суд Савецкага раёна г. Мінска вынес пастанову ў дачыненні да Сяргея Чалага на штраф у 10 базавых велічынь (255 рублёў). Гэты ж суд аштрафаў і Валерыя Рабцава на 15 базавых велічынь (328,5 рублёў). Першамайскім судом г. Мінска былі аштрафаваныя Вольга Кавалькова і Аляксей Драбышэўскі на 15 базавых велічынь кожны.

Акрамя таго Юлію Ляшкевіч таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакаралі штрафам 20 базавых велічынь. Такі ж штраф был прызначаны і Дзмітрыю Кучуку

У той жа час была аштрафаваная на 15 базавых велічынь Таццяна Барэль за правядзенне адзіночнага пікету падчас несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 26 красавіка на ўгодкі чарнобыльскай аварыі.

У Лагойску былі затрыманыя пяць маладафронтаўцаў, якія збіралі подпісы пад патрабаваннем аб адкліканні з Беларусі пасла Міхаіла Бабіча. Дваіх з іх - Івана Мірончыка і Віталя Трыгубава – абвінавацілі ў «парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» і аштрафавалі на 20 і 15 базавых велічынь суадносна.

Старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава, як раней і іншых арганізатараў святкавання Дня Волі, пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь за адмову ад аплаты аказаных паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас мітынгу і канцэрту ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка.

Глеб Рубанаў быў затрыманы ноччу 7 траўня за репост у сацыяльных сетках у межах флэшмоба #яэкстрэміст, а 13 траўня суддзя Вера Галаўкова аштрафавала яго на 40 базавых велічынь (1020 рублёў). Таксама па “экстрэмісцкім” артыкуле прыцягваўся і Пётр Маркоўскі, але справа ў дачыненні да яго была спыненая.

У траўні адбыўся суд і над кіраўніком незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі Віталём Максімавым, якога абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянавага іншага масавага мерапрыемства і аштрафавалі на 765 рублёў (30 базавых велічынь).  

Незалежных журналістаў працягваюць вінаваціць у супрацы з замежнымі СМІ і на падставе гэтага выносіць вялікія штрафы па артыкуле 22.9 КаАП. За здымку відэасюжэту, паказанага ў перадачы «Кожны з нас» на тэлеканале «Белсат», журналістам Алене Шабуні і Вячаславу Лазараву прызначаныя штрафы агульнай сумай у 1275 рублёў.

Агулам да адміністрацыйнай адказнасці за травень прыцягнулі 21 чалавека, але ніхто не быў арыштаваны. Сумма штрафаў склала 9 945‬ беларускіх рублёў.

Больш падрабязна - у "Базе дадзеных адміністрацыйнага пераследу"


Навіныад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства