Рэчыца: суд падтрымаў забарону "дармаедскай" акцыі пратэсту
10 чэрвеня суддзя суда Рэчыцкага раёна Святлана Пырх адмовіла ў задавальненні скаргі гомельскай актывісткі Марыі Тарасенка аб забароне вулічнага шэсця, якое планавалася ў райцэнтры ў выглядзе пратэсту супраць сумнавядомага дэкрэта №3 аб дармаедах, паведамляе "Гомельская Вясна".
Па словах Марыі Тарасенка, адбыўся першы суд у рэгіёне пра забароны 25 заяўленых мірных акцый пратэстаў, якія планавалася правесці для прыцягнення ўвагі на праблемы для тых, хто страціў працу ці не можа яе знайсці.
«Мне дзяржава з пачатку года налічыла за гарачую ваду ў 5,5 разоў больш, чым тым, хто мае працу. З восені ў разы падаражэе яшчэ ацяпленне і газ. Я лічу, што з гэтай сацыяльнай несправядлівасцю трэба змагацца. Ва ўсіх краінах дзяржава дапамагае тым, хто не можа працаўладкавацца, нашы ж чыноўнікі вырашылі інакш, суды, як бачым, становяцца на іх бок», - упэўненая ў сваёй праваце жанчына.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які аказвае актывістцы дапамогу ў абароне яе правоў, заяўляе, што ўсе 25 забаронаў на мірныя акцыі і выказвання меркавання будуць абскарджаны ў судах.
«Сёння сітуацыя з правамі чалавека ў краіне складаецца не на карысць грамадзян. Асноўны закон не абавязвае кожнага працаваць па найму, дэкрэт №3 урываючыся ў прыватную жыццё, фактычна змушае незанятых грамадзян да працы, ставіць іх у няроўнасць перад законам у сілу сацыяльнага статусу. Канстытуцыя гарантуе кожнаму свабоду правядзення мірных сходаў, у законе ж гэтыя гарантыі абстаўлены цэлым шэрагам непрапарцыйных абмежаванняў, фактычна ён павінен выключаць гэта права, што мы і бачым на практыцы», - пракаментаваў сітуацыя юрыст.
Ён таксама дадаў, што ўраду яшчэ не позна адмовіцца ад ідэі дзяліць людзей на катэгорыі ў залежнасці ад іх сацыяльнага статусу, прадаючы незанятым паслугі ЖКГ з нацэнкай больш чым у 500%.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96