Праваабаронцу "Вясны" Андрэя Стрыжака ўзнагародзілі медалём БНР-100
Праваабаронца "Вясны", сябра Савета прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак узнагароджаны медалём у гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, піша praca-by.info.
Прафсаюзны актывіст падзякаваў ураду БНР за ўзнагароджанне і выступіў са зваротам з нагоды ўзнагароды:
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла мяне медалём, прысвечаным да 100-годдзя БНР.
Лічу асабістым гонарам быць у шэрагу тых, каго урад нашай першай беларускай дзяржавы, палічыў быць вартымі гэтай высокай узнагароды.
Гэтая ўзнагарода асабліва важная для мяне менавіта зараз, калі мой прафесіянальны шлях ёсць вельмі пакручастым і хуткасць, з якой я іду па ім, увесь час павялічваецца.
Кожны з тых, з кім я працую на карысць Беларусі атрымаў гэтую ўзнагароду разам са мной. Я разумею важнасць ролі асобы ў гісторыі, але таксама разумею тое, што ў камандзе можна дасягнуць большага, чым у адзіноце.
Разам са мной гэтую ўзнагароду атрымала і мая сям'я, падтрымка якой — адна з галоўных крыніц майго натхнення, жыццёвых моцаў і імпэту далей рабіць гэты свет лепшым, чым ён ёсць.
Дзякуй усім, хто побач і ў адным шыхце! Жыве Беларусь! Жыве Беларуская Народная Рэспубліка!
Сярод тых, хто быў таксама ўдастоены высокай узнагароды — былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, навукоўцы Адам Мальдзіс і Радзім Гарэцкі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыкі Вераніка Круглова і Зміцер Вайцюшкевіч і многія іншыя, паведамляе "Радыё Свабода".
*Медаль быў заснаваны ў снежні 2018 года ўрадам БНР у дні святкавання 100-годдзя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і «ўручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».
Уручэнне ўзнагарод мае адбывацца на працягу 2019 году. Адпаведны дэкрэт падпісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Сярод узнагароджаных ужо больш за 130 чалавек: дыпламаты, навукоўцы, артысты, грамадзянскія і палітычныя дзеячы.