Міліцыя затрымала музыкаў і забрала інструменты
Увечары 15 чэрвеня кампанія маладых музыкаў сабралася на мінскай Нямізе, піша TUT.BY. Гралі пад мастом, пакуль не з'явіліся супрацоўнікі міліцыі.
«Шэсць чалавек падышло, - успамінае Мікалай Салко. - Сказалі, што мы не маем права тут граць, што ў нас няма дазволу ад уладаў, хоць там заўсёды граюць музыкі. Мы сказалі: без праблем, гатовыя сысці. Але нам адказалі, каб мы заставаліся на месцы, нас затрымаюць за парушэнне грамадскага парадку. Праз пару хвілін пад'ехалі дзве машыны, нас з інструментамі пагрузілі і павезлі ў аддзяленне міліцыі».
У РУУС Цэнтральнага раёна Мінска, па словах Мікалая, кампанія з пяці чалавек прабыла некалькі гадзін, пратакол складалі ў кабінеце супрацоўніка па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.
«Пратакол два разы перапісвалі, - кажа суразмоўца. - Ніякіх артыкулаў аб парушэнні закона мы не бачылі. Проста запісалі, што мы гралі, што мы раскайваемся і абяцаем больш нічога не парушаць. Копіі пратаколаў на рукі не выдалі, хоць мы прасілі. Самае галоўнае - у нас забралі інструменты».
Маладзёны - студэнты музычнага каледжа, цяпер у іх праходзіць сесія. Інструменты ім патрэбныя, каб рыхтавацца да іспытаў, але калі іх вернуць (і вернуць наогул), музыкі не ведаюць.
«Забралі акардэон, дзве гітары, кахон (ўдарны інструмент), два комба-ўзмацняльніка, стойку для мікрафона і сам мікрафон, - кажа Мікалай. - Змаглі «адваяваць» толькі скрыпку, таму што ў дзяўчыны на носе быў іспыт, злітаваліся над ёй. Калі мы спыталі, чаму забіраюць інструменты, нам сказалі, што калі здзяйсняецца злачынства, таксама забіраецца зброя. Але мы проста гралі пад мастом! Нецэнзурных песень у нас не было, палітычных лозунгаў таксама не было».
Атрымаць аператыўны каментар у ГУУС Мінгарвыканкама TUT.BY пакуль не ўдалося.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96