viasna on patreon

Ці можа выйсці на волю па амністыі палітвязень Міхаіл Жамчужны?

2019 2019-06-19T09:40:39+0300 2019-06-24T13:18:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhamchuznyi_67_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палата прадстаўнікоў разгледзіць закон аб амністыі, які будзе прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення краіны. Адпаведны праект дакумента ужо паступіў у парламент. palitviazni.info разбіраецца з праваабаронцам "Вясны" Валянцінам Стэфановічам, ці можа патрапіць пад амністыю палітвязень Міхаіл Жамчужны?

Міхаіл Жамчужны. Фота: svaboda.org

Нагадаем, палітычны зняволены Міхаіл Жамчужны па-ранейшаму знаходзіцца ў ПКТ Горацкай калоніі і не губляе надзею патрапіць пад амністыю.

“Міхаіл мне напісаў, што мае вялікае жаданне выйсці на волю па амністыі, – распавёў праваабаронца Леанід Свецік, які лістуецца з вязнем. – Таму зараз дамагаецца таго, каб з яго знялі ўсе спагнанні, якія яму вынесла адміністрацыя калоніі. Калі суд стане на бок вязня, то тады для Жамчужнага ёсць шанц. Тым больш, што ён ужо дасягнуў пенсійнага ўзросту”.

Праваабаронца Валяцін Стэфановіч лічыць малаверагодным, што Жамчужны патрапіць пад амністыю, бо ў яго ёсць статус злоснага парушальніка рэжыма.

“Міхаіл неаднаразова змяшчаўся ў ШІЗА і ПКТ, у яго вельмі шмат спагнанняў, – кажа праваабаронца. – Не будзем зараз нагадваць, якім чынам выносіліся гэтыя спагнанні, але яны ёсць.

Іншая справа, што, калі будзе палітычная воля, то ўсё магчыма. Спагнанні адміністрацыя калоніі можа зняць і распаўсюдзіць на Міхаіла Жамчужны Закон аб амністыі. Калісьці такім чынам выйшаў на волю кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Яго вызвалілі паводле Закона аб амністыі, хаця фармальна не было падставаў амніставаць, бо ў Алеся таксама быў статус злоснага парушальніка рэжыму”.

У свой час праваабаронцы звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай аб памілаванні кіраўніком краіны Міхаіла Жамчужнага, у тым ліку, і на гуманітарных падставах, бо ён ужо пенсіянер, і яму складана пераносіць знаходжанне ў няволі.

“На жаль, мы атрымалі фармальны адказ, – адзначае Валянцін Стэфановіч. – Маўляў, Жамчужны мусіць сам звяртацца з просьбай аб памілаванні, а не хтосьці іншы. Хаця прававая практыка ў Беларусі склалася такім чынам, што прэзідэнт ужо неаднаразова вызваляў палітзняволеных і без іх зваротаў.

Адным словам, спадзявацца на амністыю Жамчужнаму, напэўна, не даводзіцца, але заўсёды застаецца нейкая надзея”.


Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства