viasna on patreon

Суд па экстрэмізму над «Вечерним Могилевом» перанеслі Відэа

2019 2019-07-09T09:18:13+0300 2019-07-09T10:39:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud-vm-main.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна г. Магілёва 8 ліпеня пачаў разгляд адміністрацыйнай справы рэдакцыі газеты «Вечернего Магілёва» па арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд і выраб інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць). Пра гэта паведамляе mspring.online.

sud-vm-main.jpg
Група падтрымкі "Вечернего Могилёва" каля суда. Фота: mspring.online

Справу распачалі пасля таго, як Рэспубліканская экспертная камісія па інфармацыйнай прадукцыі па скарзе маладзечанскага актывіста Валянціна Цішко знайшла ў матэрыялах абласной газеты прыкметы экстрэмізму.

Згодна з экспертным заключэннем камісіі прыкметы экстрэмізму знайшлі ў двух артыкулах газеты: «У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?» і «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны».

Судовае разбіральніцтва па гэтай справе вядзе суддзя Аляксандр Бушкевіч, які павінен устанавіць, ці сапраўды матэрыялы газеты з'яўляюцца экстрэмісцкімі. Падтрымаць газету прыйшлі каля двух дзесяткаў праваслаўных актывістаў. З сабой яны прынеслі іконы. Некаторыя прывялі нават дзяцей, аднак сакратарка судовага пасяджэння забараніла непаўналетнім прысутнічала на працэсе.

Юрыст газеты Станіслаў Леўчанка заяўляў суддзі адвод. Ён матываваў гэта тым, што Бушкевіч — былы следчы Следчага камітэта і, як былы сілавік, негатыўна ставіцца да ЛГБТ. Хадайніцтва аб адводзе было адхілена.

Юрыст "Вечернего Могилёва" распавёў на судзе, што экспертная камісія, якая знайшла прыкметы экстрэмізму ў матэрыялах газеты, не паведаміла пра дату і месца свайго пасяджэння, а таксама не прыслала сваё заключэнне ў рэдакцыю газеты. Акрамя таго, выданне не атрымала копію пратакола пасяджэння камісіі. Станіслаў Леўчанка зрабіў здагадку, што гэта звязана з магчымымі фальсіфікацыямі з боку камісіі. Ён заявіў, што газета ўжо падала скаргу на экспертную камісію ў эканамічны суд г. Мінска. Вынікаў пакуль няма — дакументы, па сцвярджэнні Леўчанка, паступілі ў мінскі суд толькі 8 ліпеня.

Каб пераканацца ў гэтым, суддзя Аляксандр Бушкевіч абвясціў перапынак у працэсе да 11 ліпеня.

Калі суд пагодзіцца з аргументамі экспертаў, то па арт. 17.11 КаАП можа пакараць рэдакцыю штрафам у памеры ад 50 да 200 базавых велічыняў (да 5100 рублёў). Раней рэдакцыя ў сацыяльных сетках ужо абвясціла збор сродкаў на яго выплату, загадзя «не верачы ў справядлівасць правасуддзя».

Газета "Вячэрні Магілёў" набыла вядомасць сваімі агрэсіўнымі артыкуламі з нападкамі на прадстаўнікоў ЛГБТК+. Як адзначыў магілёўскі праваабаронца "Вясны" Аляксандр Буракоў "Белсату", у параўнанні з іншымі мясцовымі СМІ, мова варожасці "Вечернего Могилёва" больш жорсткая і агрэсіўная:

«У адрозненне ад іншых СМІ, мова варожасці ў "Вечернего Могилёва" ў дачыненні да ЛГБТ, феміністак, розных празаходніх арганізацый, у тым ліку ААН і Еўрасаюза, — гэта была частка рэдакцыйнай палітыкі».

Суд па экстрэмізму над «Вечерним Могилевом» перанеслі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства