viasna on patreon

У Мазырскай калоніі да канца года 40 чалавек асудзяць па 411 артыкуле?

2019 2019-07-09T18:05:56+0300 2019-07-09T18:05:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/turma-list-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Камера і арыштаваны. Ілюстрацыя з сацыяльных сетак

Камера і арыштаваны. Ілюстрацыя з сацыяльных сетак

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся асуджаны Сяргей Вараў, які адбывае пакаранне ў ПК №20 г. Мазыра са снежня 2018 года. У лісце ён апісвае сітуацыю, якая склалася з ім у сценах пенітэнцыярнай установы, і просіць праваабаронцаў прыцягнуць увагу да беззаконных дзеянняў і свавольства ў дачыненні да асуджаных з боку адміністрацыі калоніі.

«Ні для каго не сакрэт, што ў папраўчай сістэме Рэспублікі Беларусь грубейшым чынам парушаюцца як правы чалавека, так і Канстытуцыя.

Асабліва відавочна выказана грэблівае стаўленне да асуджаных у такой спецыфічнай калоніі як ПК №20 г. Мазыра. Не буду вам распісваць пра ўсе факты парушэнняў, паколькі іх вялікае мноства і ў адным лісце іх не выкласці, бо прыйдзецца пісаць кнігу. А пакажу вам на сваім прыкладзе.

Я прыбыў ва ўстанову 8 снежня 2018 года, мяне змясцілі ў халоднае памяшканне, чамусьці названае карантынам, у той час як астатніх асуджаных размясцілі дзесьці ў іншым месцы.

На працягу трох дзён я не бачыў нікога з прадстаўнікоў адміністрацыі, хто мог бы даць мне тлумачэнні па гэтым факце. На чацвёрты дзень майго знаходжання ў гэтым «хляву», мяне наведаў начальнік каранціну. На маё пытанне аб тым, што адбываецца, і просьбу запрасіць медыцынскага работніка мне было прапанавана падпісаць так званыя абавязацельствы, а потым задаваць пытанні. Дарэчы, абед я таксама павінен быў атрымаць толькі пасля гэтага.

Наколькі мне вядома я маю права адмовіцца ад падпісання якіх-небудзь абавязацельстваў, і ніхто не мае права да чаго-небудзь прымушаць. Я адмовіўся. Пасля гэтай размовы я зноў жа без абавязковага агляду лекарам быў змешчаны ў ШІЗА, як мне патлумачылі, на нявызначаны тэрмін», - апісвае сваю сітуацыю Сяргей Вараў.

Мужчына падкрэслівае, што падчас знаходжання ў ШІЗА ён быў пазбаўлены мінімальных чалавечых правоў: яму не давалі магчымасці памяняць ніжнюю бялізну, супрацоўнікі ўстановы звярталіся груба і прыніжалі яго чалавечую годнасць, медыцынскія агляды ўсё яшчэ не праводзіліся. У пачатку вясны Сяргей Вараў быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу, прэсінг з боку адміністрацыі працягваўся, а медработнікаў ён усё так жа не бачыў.

«Першы час я плакаў. Праз паўтара месяца мяне ў цяжкім стане вывезлі ў Мазырскую гарадскую бальніцу, але як толькі мяне больш-менш прывялі ў пачуцці, адразу ж вярнулі ў ПК-20.

Пасля высветлілася, што ў той час, калі я ў вельмі цяжкім стане знаходзіўся ў камеры ПКТ, я павінен быў зрабіць нейкі даклад. Што і каму дакладваць для мяне так і засталося не высветленым. Тым не менш я атрымаў чарговае спагнанне, па прычыне якога на мяне была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 411 КК», - распавядае асуджаны.

3 чэрвеня да Сяргея Варава прыехалі медработнікі з «Мазырскай псіхіятрычнай бальніцы» з мэтай правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы. Ад іх мужчыне і стала вядома, што супраць яго распачатая крымінальная справа. Палічыўшы, што гэта нейкая памылка, Сяргей Вараў адмовіўся ад правядзення экспертызы.

«Праз тыдзень мяне ва ўстанове наведала следчая Мазырскага СК Новікава С.В. Яна азнаёміла мяне з тым, што я з'яўляюся падазраваным па арт. 411 ч. 1 КК, але з правамі падазраванага, нахабна ухмыляючыся, дадзеная следчая адмовілася азнаёміць мяне. Праз тыдзень следчая з'явілася зноў азнаёміць мяне з тым, што мне прызначаная судова-псіхіятрычная экспертыза, я заявіў, што нейкія эксперты ўжо да мяне прыязджалі і дзеянні следчага вядуцца ў зваротным парадку, на што атрымаў адказ: «Ад перамены месцаў складнікаў сума не мяняецца». Я запатрабаваў адваката».

Праз некалькі дзён следчая прыехала з другім следчым Лапцевым А.М., але прадставіла яго адвакатам:

«Гэтая асоба замест таго, каб абараняць мае інтарэсы проста перайшла да пагрозаў, а менавіта Лапцеў А.М. сказаў мне прамым тэкстам, што калі я не прызнаю віну, то ўсё роўна буду асуджаны, ды яшчэ і ніколі не вызвалюся. З правамі ў той дзень мяне ніхто не азнаёміў, допыт таксама не праводзіўся. Не бачачы сэнсу свайго знаходжання ў кабінеце з Новікавай і Лапцевым, я выйшаў. З тых часоў і па сённяшні дзень да мяне ніхто не прыходзіў, а я сяджу і гадаю у чым выяўлялася злоснае непадпарадкаванне з майго боку. Так як у каментарах да крымінальнага кодэксу чорным па белым напісана:

Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі - гэта адкрытая адмова ад выканання звернутага да пэўнага асуджанага законнага патрабавання прадстаўніка адміністрацыі, якое асуджаны быў абавязаны выканаць і меў магчымасць зрабіць (адмова ад працы па непаважлівых прычынах, адмова спыніць азартныя гульні, адмова выдаць прадметы або рэчывы, захоўванне i выкарыстанне якіх забароненае, і да т.п.) або ўчыненне асуджаным дзеянняў, якія перашкаджаюць ажыццяўленню яе функцый.

А я знаходзячыся ў камеры за двума рашоткамі змог прымудрыцца не толькі «займацца паборамі і ўціскам» (бо на такім профуліку па невядомых мне прычынах я знаходжуся), але яшчэ і прымудрыўся перашкаджаць працы адміністрацыі. У дадзенай установе я не адзіны такі: з пачатку 2019 года было асуджана каля 15 чалавек».

Сяргей Вараў сцвярджае: супрацоўнікі адміністрацыі не хаваюць, што існуе нейкі план, і да канца года яны павінны асудзіць 40 чалавек.

«Апроч гэтага, у дадзенай рэжымнай установе лік асуджаных, якія знаходзяцца на профуліку, перавышае ўсе мажлівыя лічбы. Складваецца ўражанне, што ўсіх парушальнікаў Рэспублікі Беларусь сабралі ў адну ўстанову. І гэта кропля таго, што дзеецца ў гэтай калоніі», - падкрэслівае асуджаны.

Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на праблему наяўнасці артыкула 411 ў крымінальным заканадаўстве, якая ўскладняецца тым, што спагнанне за парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній. Гэта спараджае практыку адвольнага і выбарчага прымянення артыкула 411 - напрыклад, супраць непажаданага адміністрацыі папраўчай установы зняволенага або пры палітычным матыве уладаў.

Нагадаем, што па гэтым жа артыкуле за некалькі дзён да вызвалення прадаўжаўся тэрмін былым палітвязням Мікалаю Дзядку, Дзмітрыю Дашкевічу. Верагодна, гэты ж артыкул можа быць прыменены і да цяперашняга палітвязня Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі, дзе для яго створаныя невыносныя ўмовы, а адміністрацыя калоніі шматкроць выносіла спагнанні ў выглядзе сутак у ШІЗА і пераводу ў ПКТ за адмовы яго накіроўвацца ў атрад, сфармаваны з асуджаных з «нізкім статусам».

Арсенал ціску на зняволеных: штрафны ізалятар, ПКТ, артыкул 411

Жорсткае абыходжанне можа знешне выглядаць як цалкам законнае дзеянне. Напрыклад, адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі змяшчаюць зняволеных, якія не хочуць выконваць прыніжаючыя ўказанні, займацца зневажальнымі відамі работ у загадзя больш цяжкія ўмовы: штрафны ізалятар, ПКТ, у турму. Ім адмаўляюць у заслужаным скарачэнні тэрміну адбыцця пакарання, а то і падаўжаюць яго. Магутным рычагом для такіх дзеянняў з'яўляецца артыкул 411 Крымінальнага кодэкса, які захаваўся хіба што ў беларускім заканадаўстве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства