viasna on patreon

Мікола Дзядок: "Адказнасць за экстрэмісцкія матэрыялы будзе ўзмацняцца"

2019 2019-07-11T16:06:31+0300 2019-07-30T12:01:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzyadok_say_11-660x440.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Праваабаронцы зафіксавалі, што за першыя шэсць месяцаў 2019 году колькасць судоў па артыкуле “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” павялічылася больш, чым у два разы ў параўнанні з другой паловай 2018 году. З чым гэта звязана?

Пра гэта сайту palitviazni.info распавёў прадстаўнік анархічнага руху і былы палітвязень Мікола Дзядок.

За першыя шэсць месяцаў 2019 года вырасла колькасць судоў па артыкуле 17.11 КаАП (“распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”). Іх колькасць павялічылася больш, чым у два разы ў параўнанні з другой паловай 2018 (было 7, стала 16).

З пачатку 2019 года 12 чалавек атрымалі вялікія штрафы, 4 справы спыненыя ці вернутыя на дапрацоўку. Праваабаронцы ўжо звярталі ўвагу, што ў 2019 годзе памеры штрафаў па “экстрэмісцкім” артыкуле значна ўзраслі.

– Так, сапраўды аб’ёмы штрафаў узрастаюць за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў, і, як мне падаецца, яны ўзрастуць яшчэ больш, – кажа Мікола Дзядок. – Не так даўно ў другім чытанні быў прыняты законапраект, па якім барацьба з экстрэмізмам павінна ўзмацніцца. Па новым заканадаўстве, штрафы павялічацца амаль у два разы, а таксама ўводзіцца шэраг дадатковых крымінальных адказнасцей.

– З чым гэта найперш звязана?

– Дзяржава ў апошнія пяць гадоў актыўна пачала змагацца з экстрэмізмам і актыўна прасоўваць гэта ў жыццё. Я б назваў тры фактары, які на гэта ўплываюць.

Першы фактар – улада баіцца Майдана. Яны пабачылі, што нефармальныя групоўкі (у тым ліку, моладзевыя) могуць быць падчас масавых пратэстаў вельмі радыкальнымі і могуць быць рэальна небяспечнымі для рэжыма. Таму можна ўбачыць вельмі выразную карэляцыю таго, што адразу пасля Майдана сілавікі шчыльна ўзяліся за футбольных фанатаў і анархістаў.

Другі фактар – абсалютнае банкруцтва апазіцыйных партый і рухаў у плане змены рэжыма і арганізацыі масавых пратэстаў. Яны паказалі, што не здольныя ўяўляць небяспеку для ўладаў. Апазіцыя ўбудавана ў сістэму, яна прама ці ўскосна падкантрольная спецслужбам і абмяжоўвае сябе дзеяннямі ў межах закона. А радыкальныя групоўкі падкрэсліваюць, што яны не абмяжоўваюць сваю дзейнасць выключна межамі закона і іх, у адрозненні ад апазіцыі, вельмі складана кантраляваць. Для загнання гэтых груповак у гета патрэбны радыкальныя меры, нішто іншае не працуе, бо сябры гэтых суполак вельмі ідэйна матываваныя, чаго не скажаш пра многіх апазіцыйных лідараў. Таму ў дачыненні да радыкалаў і ўжываюцца метады жорсткага кантролю і рэпрэсій. І каб іх ажыццяўляць, патрэбны прававыя рамкі, для чаго і прымаецца законапраект.

Трэці фактар – гэта тое, што ў Беларусі вельмі вялікі рэпрэсіўны апарат, і яму неабходна пастаянна чымсьці займацца. Каб апраўдваць сваё існаванне, патрэбна ўвесь час шукаць новых ворагаў, а калі іх няма, то варта іх прыдумаць. Бо відавочна, што колькасць радыкалаў у Беларусі не адпавядае тым велізарным высілкам, якія ўжываюцца супраць іх. Гэта не тая небяспека, дзеля якой трэба прыцягваць на мірныя сходы атрады хуткага рэагавання, але градус напружанасці пастаянна падтрымліваецца самімі ж сілавікамі. Яны паказваюць, што “экстрэмісты” стараюцца захапіць краіну.

– Наступ па гэтым накірунку будзе працягвацца?

– Мяркую, што далей будзе толькі горш. Будуць судзіць за выказванні ў Інтэрнэце, што ўжо адбываецца, такія пробныя шары ўжо пакаціліся за распальванне сацыяльнай варажнечы. І паколькі міліцыянты называюць сябе сацыяльнай групай, то калі ёсць незадаволеныя выказванні ў дачыненні да міліцыі, то гэта ўжо кваліфікуецца, як распальванне варожасці.

Беларусь бярэ ўсё горшае з расейскага досведу барацьбы з эсктрэмізмам. Вядома, напрыклад, што нашы камісіі, якія вызначаюць матэрыялы на прадмет экстрэмізма, ездзяць на стажыроўкі ў Расію.

Думаю, адказнасць за экстрэмісцкія матэрыялы будзе ўзмацняцца, і гэта будзе працягвацца роўна да таго часу, пакуль грамадства не скажа сваё слова ў абарону сваіх правоў. Не выключана, што ў хуткім часе спіс тых, каго запішуць у экстрэмісты, значна пашырыцца.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства