viasna on patreon

Шчыльная повязь экаактывізму і правоў чалавека. У Наваполацку адбыўся тэматычны летнік

2019 2019-07-16T12:47:03+0300 2019-07-30T12:10:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/eka_pravy_chalaveka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Светлагорскія праваабаронцы і экаактывісты на сумесным летніку з калегамі з некалькіх рэгіёнаў Беларусі падзяліліся сваімі праблемамі і досведам у змаганні за чыстае паветра ў родным горадзе, піша Палеская Вясна. 

Праблемы абароны навакольнага асяроддзя немінуча і вельмі шчыльна звязваюцца з правамі чалавека. Бо калі людзі спрабуюць бараніць сваё права на чыстае наваколле, яны ў нашай краіне амаль заўжды сутыкаюцца з парушэннем шэрагу іншых правоў і свабодаў: права на збор і распаўсюд інфармацыі, свабода выказвання меркаванняў, свабода мірных сходаў, права не быць адвольна затрыманымі і некаторых іншых.

Менавіта таму ў цяперашняй сітуацыі даводзіцца разглядаць экалагічныя пытанні ў сувязі з праваабарончымі, і экалагічная тэма ўсё глыбей уваходзіць у сферу зацікаўленасці праваабаронцаў. Нездарма летнік у Наваполацку ладзілі і ўдзельнічалі ў ім сумесна і экаактывісты з найбольш праблемных у такім плане гарадоў краіны, і праваабаронцы з гэтых месцаў.

Наваполацк невыпадкова абраны месцам правядзення летніка. Горад трымае першынство ў краіне сярод гарадоў з найбольш забруджаным паветрам. Таму мясцовы праваабаронца Зміцер Салаўёў, вітаючы прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў, адзначыў, што асноўная мэта летніка – дапамога тым рэгіёнам, якія маюць экалагічныя праблемы, у справе адстойвання інтарэсаў насельніцтва.

eka_pravy_chalaveka2.jpg
Зміцер Салаўёў

А менавіта прадстаўнікі з такіх рэгіёнаў і прысутнічалі на імпрэзе: Светлагорск, Маладзечна, Мінск, Рэчыца і сам Наваполацк. Былі падчас летніка не толькі абмен тэарытычнымі ведамі, але і практычныя дзеянні, як напрыклад, складанне звароту ў Наваполацкія гарвыканкам і гарсавет аб правядзенні мясцовага сходу жыхароў на экалагічную тэму ды збор подпісаў гараджан пад ім.

Пад час летніка адбылася адкрытая лекцыя намесніка кіраўніка ўкраінскай кампаніі «Прірода подан усе» («Прырода вышэй за ўсё») Алега Андраса. Ён, у прыватнасці, распавёў пра досвед змагання за чыстую экалогію жыхароў Марыупальскай вобласці, дзе, нават нягледзячы на блізкасць фронту, працягваюць працаваць шкодныя прадпрыемствы.

У арганізацыі грамадскіх кампаніяў Алег Андрас вызначыў сем крокаў, якія неабходна абавязкова зрабіць. Гэта, найперш, дакладна сфармуляваць мэту, вызначыць тых актараў, якія адказваюць за рэгуляванне вызначанага пытання, праінфармаваць аб праблеме ключавыя асобы, знайсці тых, хто можа паўплываць на ключавых асобаў, ад якіх залежыць патрэбнае вырашэнне праблемы. А потым ужо весці сістэмную працу, скіраваную ў напрамку дасягнення пастаўленай мэты, паралельна праводзячы медыякампанію і абавязкова перыядычна аналізуючы дасягнутыя вынікі.

Прадстаўнікі розных рэгіёнаў распавялі пра тыя праблемы ў экалогіі, якія яны імкнуцца развязаць. Напрыклад, Зміцер Салаўёў адзначыў, што паводле звестак, якія яму атрымалася здабыць з афіцыйных крыніцаў ў канцэрне «Белнафтахім», цяпер ад вытворчага аб’яднання «Нафтан», у склад якога ўваходзяць непасрэдна сам нафтаперапрацоўчы завод і завод «Палімір», у паветра Наваполацка выкідаюцца 34 найменні розных рэчываў, агульнай вагой амаль у 50 тонаў на год. А ачыстныя збудаванні ў асноўным абнаўляюцца толькі на нафтаперапрацоўчых вытворчасцях. Пры гэтым аб’яднанне выкарыстоўвае на мадэрнізацыю гэтых установак сродкі экалагічнага падатку, якія не выплочвае ў бюджэт. Завод «Палімір» у гэты час працягвае выкідаць бруд у паветра і раку, карыстаючыся састарэлымі ачыстнымі збудаваннямі.

Акрамя таго, зусім нядаўна ў планах прамыслоўцаў была пабудова на Наваполацкай ЦЭЦ катла, у якім бы спальваўся нафтавы кокс – яшчэ адна крыніца шкодных выкідаў у паветра гораду. Але цяпер ёсць звесткі, што, дзякуючы ў тым ліку і ціску грамадскасці, ад такіх планаў улады маюць намер адмовіцца. Гэта можна лічыць станоўчым вынікам дзейнасці кампаніі «За чыстае паветра Наваполацка».

Алена Маслюкова
Алена Маслюкова

Сітуацыю з экалогіяй у Светлагорску калегам абмалявалі экаактывіст Вадзім Болбас і праваабаронца Алена Маслюкова. Калі наваполацкім актывістам удаецца пакуль уплываць на ўладу праз пісьмовыя звароты, не выводзячы людзей на пратэстныя акцыі, дык у Светлагорску гэта рабіць цяжэй, ды і час не дазваляе. Бо атрутным метылмеркаптанам, ад якога людзі трацяць прытомнасць, пакутуюць на крывацёкі, галаўныя болі, тут смярдзіць проста цяпер. А шматлікія звароты ў розныя інстанцыі гэтыя самыя інстанцыі перапраўляюць адна адной, так і не вырашаючы праблемы. Таму светлагорскія актывісты сутыкаюцца і з праваабарончымі пытаннямі. Людзі тут баяцца рэпрэсіўных захадаў кіраўніцтва прадпрыемстваў, на якіх працуюць. Праблема сыходзіць на ўзровень кухняў. І ў такіх варунках, улічваючы, што ў адрозненне ад берасцейскага акумулятарнага завода, які мае прыватную форму ўласнасці, і дзе экаактывісты і жыхары горада дасягнулі відавочнай перамогі, у выпадку 100-адсоткава дзяржаўнага праекта Светлагорскага завода беленай цэлюлозы здабыць перамогу значна цяжэй.

«У сёняшніх варунках, прыходзячы ў актывізм, асабліва ў экалагічны і праваабарончы, мы самі мусім рабіцца і піяршчыкамі, і SMMшчыкамі. Прычым у любой барацьбе важна выкарыстоўваць сістэмныя падыходы, а для гэтага трэба мець сістэмныя веды», – адзначыў украінскі эксперт Алег Андрас.

Менавіта пэўным сістэматызаваным навыкам арганізацыі піяр-кампаніяў, працы ў сацыяльных сетках і была прысвечаная апошняя частка праграмы экалетніка. Новыя выклікі, якія выйшлі на парадак дня ў апошнія гады, патрабуюць і новых падыходаў да праваабарончай дзейнасці, і пашырэння ведаў аб правах чалавека, якія гарантуюць кожнаму не толькі права на спрыяльнае наваколле, але і правы, з дапамогай якіх гэтае права можна ажыццявіць.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства