Мінгарсуд пакінуў у сіле штраф IT-кансультанту за #яэкстрэміст
Мінскі гарадскі суд 16 ліпеня разглядзеў скаргу Глеба Рубанава на рашэнне суда Савецкага раёна, які аштрафаў яго на 40 базавых за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Вёў справу суддзя Яўген Хадкевіч. Пра гэта паведамляе “Новы Час”.
Нагадаем, 13 траўня Глеб Рубанаў пасля раптоўнага начнога затрымання атрымаў 40 базавых штрафу за ўдзел у флэшмобе #яэкстрэміст. А фактычна — за каментар са спасылкай на пост Міколы Дзядка аб флэшмобе. Як вядома, пры публікацыі спасылкі ў каментарах у Фэйсбуку да яе "падцягваецца" прэвью-карцінка. Менавіта за яе — фота Міколы Дзядка ў прэвью, і судзілі Глеба ў траўні.
Напачатку паседжання IT-кансультант яшчэ раз выклаў палажэнні сваёй касацыйнай скаргі:
- Суд пацвердзіў законнасць прыцягнення да адказнасці без фармальных і непасрэдных доказаў віны, на здагадках. А менавіта, пратакол не ўтрымлівае інфармацыі аб прадмеце правапарушэння — дзеянняў асобы, якія б былі накіраваныя на азнаямленне невызначанага кола асоб з "экстрэмісцкай" інфармацыяй, не ўтрымлівае ніякіх доказаў таго, што старонка належыць Глебу Рубанаву, і не ўтрымлівае ніякіх сведчанняў аб месцы і часу ажыццяўлення такіх дзеянняў.
- Сам пратакол мае выразныя прыкметы падробкі. Усё абвінавачанне будуецца на скрыншотах вышэй згаданага каментара, дзе да спасылкі падцягнулася прэвью. Аднак каментар, як вынікае са скрыншоту, быў запошчаны 05.03.2019, а пад ім знаходзіцца фэйсбучная паметка "9 нед", што значыць, што агляд гэтай старонкі і стварэнне пратакола адбылося праз 9 тыдняў пасля "правапарушэння". То-бок, у траўні 2019, а не 14.03.2019 — як сцвярджаецца ў самім пратаколе.
Як адзначае Глеб Рубанаў, нават гэтая "крымінальная" прэвью-карцінка да спасылкі ў многіх карыстальнікаў не адлюстроўваецца, калі праглядаць пост са смартфону альбо лэптопу. Ці не была яна пазней дададзеная ў фоташопе тымі, хто складаў пратакол?
У паседжанні суддзя запытаўся абвінавачанага: як ён патлумачыць адзін са здымкаў (Міколы Дзядка з плакатам) у пратаколе, які нібыта не з'яўляецца часткай пратаколу, а прысутнічае ў справе асобна? На што Рубанаў адказаў, што не бачыў гэтага здымку нідзе, акрамя як у пратаколе.
Тым не менш Яўген Хадкевіч прыняў рашэнне: пастанову пакінуць у законнай сіле, скаргу адхіліць.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96