viasna on patreon

Суд перагледзіць справу асуджанага на пажыццёвы тэрмін праваабаронцы Аскарава

2019 2019-07-17T13:10:16+0300 2019-07-30T12:12:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/askarau_azimzhon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзьбекскага паходжаньня, асуджаны на пажыццёвае зняволенне

Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзьбекскага паходжаньня, асуджаны на пажыццёвае зняволенне

Праваабарончая арганізацыя «Бір Дуйно - Кыргызстан» паведаміла, што справа праваабаронцы Азімжана Аскарава будзе перагледжана ў Чуйскім абласным судзе Бішкека (Кыргызстан). Дата слухання папярэдне прызначаная на 30 ліпеня, піша kloop.kg.

Пасяджэнне суда было прызначана на 16 ліпеня, але яго перанеслі з-за таго, што не ўсе суддзі змогуць быць на працэсе. Справу Аскарава пераглядаюць з-за новага Крымінальнага кодэкса, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2019 года.

Раней восем міжнародных праваабарончых арганізацый накіравалі агульны ліст Вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза па палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні, каб яна абмеркавала справу Аскарава з уладамі Кыргызстана падчас свайго візіту. У заяве праваабарончых арганізацый гаварылася пра тое, што здароўе Аскарава пагаршаецца і яго неабходна вызваліць і адправіць на лячэнне.

Падчас візіту ў Кыргызстан Магерыні заявіла, што справа Аскарава знаходзіцца «на стадыі абмеркавання», але не падала якіх-небудзь падрабязнасцяў перамоваў.

Падчас прэзідэнцтва Алмазбека Атамбаева ўлады былі перакананыя ў вінаватасці Аскарава. Яго ўзнагароджанне з боку Дзярждэпартамента ЗША нават выклікала міжнародны скандал, які прывёў да разрыву базавага двухбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж краінамі.

Прэзідэнт Сааранбай Жээнбекаў, які прыйшоў у лістападзе 2017 года да ўлады, пакуль ніяк публічна не каментаваў справу Аскарава.

Асуджаны праваабаронца

Азімжана Аскараў - этнічны узбек і праваабаронца з поўдня Кыргызстана, які стаў вядомы сваімі расследаваннямі катаванняў з боку міліцыі. На працягу 15 гадоў ён узначальваў праваабарончую арганізацыю «Паветра».

Яго затрымалі 15 чэрвеня 2010 года падчас міжэтнічнага канфлікту на поўдні Кыргызстана - праваабаронцу абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальванні міжнацыянальнай варожасці» і «саўдзеле ў забойстве».

Суд асудзіў Аскарава ў канцы 2010 года да пажыццёвага зняволення, але сам праваабаронца не прызнаў сваёй віны. Разам з ім былі асуджаныя яшчэ восем чалавек.

Абарона Аскарава неаднаразова заяўляла, што абвінавачванні ў адрас праваабаронцы - неабгрунтаваныя. Сведкі сцвярджалі, што Аскараў не прысутнічаў на месцы падзеяў. Яго адвакаты неаднаразова сцвярджалі, што ў дачыненні да праваабаронцы прымяняюцца катаванні, а расследаванне справы ідзе з грубымі працэсуальнымі парушэннямі.

Камітэт ААН па правах чалавека рэкамендаваў ў 2016 годзе перагледзець справу праваабаронцы і вызваліць яго з-за кратаў. Рэкамендацыя была часткова выкананая, але Чуйскі абласны суд пакінуў у сіле пажыццёвы тэрмін.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэй пасля гэтага заявіў, што пажыццёвы прысуд Чуйскага абласнога суда ў дачыненні да праваабаронцы Азімжана Аскарава «прама процілеглы рашэнню Камітэта ААН па правах чалавека».


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства