«Мала прыняць добры закон: трэба яго ўкараніць у практыку»
Праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч распавяла Беларускаму дому правоў чалавека пра круглы стол, прысвечаны свабодзе сходаў, які прайшоў у Вене ў пачатку ліпеня 2019 года.
Сустрэчу арганізавала БДІПЧ АБСЕ. Акрамя Беларусі, удзельнічалі прадстаўнікі НДА з Албаніі, Арменіі, Босніі-і-Герцагавіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Ірландыі, Малдовы, Расіі, ЗША і Харватыі.
Наталля Сацункевіч распавяла, што ў беларускіх праваабаронцаў наладжана даўняе супрацоўніцтва з АБСЕ:
- Калегі з АБСЕ ведаюць, што мы праводзім маніторынг мірных сходаў у Беларусі і ўсяляк падтрымліваюць гэтую ініцыятыву. Інфармацыю аб нашых маніторынгах мы накіроўваем у АБСЕ, і іх эксперты выкарыстоўваюць сабраныя намі дадзеныя ў сваёй аналітыцы.
- Хто з прадстаўнікоў НДА быў запрошаны на сустрэчу?
- Гэта была экспертная сустрэча тых, хто працуе з мірнымі сходамі. Эксперты АБСЕ запрашалі прадстаўнікоў розных НДА: тых, хто праводзіць маніторынг у сваіх краінах, тых, хто займаецца даследаваннямі; акрамя таго, там былі супрацоўнікі АБСЕ, якія ўваходзяць у маніторынгавую місію. Як раз нядаўна змянілася кіраўніца, якая адказвае за напрамак маніторынгу мірных сходаў у краінах АБСЕ; эксперты нядаўна скончылі чацвёрты цыкл маніторынгу і павінны выпусціць справаздачу; даследавалі свабоду сходаў у 30 краінах. І цяпер пачынаецца пяты цыкл маніторынгу.
Круглы стол быў прысвечаны распрацоўцы індыкатараў, якія дапамогуць ацаніць, наколькі эфектыўна дзяржава спрыяе рэалізацыі права на мірны сход:
- У АБСЕ яшчэ не было такіх індыкатараў, і вось калегі прапануюць іх распрацаваць усім разам, зрабіць гэтыя індыкатары ўніверсальнымі, таму што ў кожнай краіне ёсць свае асаблівасці да прыкладу, заканадаўчыя. І мы прама на месцы спрабавалі, падзяліўшыся на групы па тэмах - падрыхтоўка да мірнага сходу, яго правядзенне, наступная праца - выпрацаваць па меншай меры напрамкі, у якіх можна шукаць гэтыя індыкатары.
- Навошта патрэбныя гэтыя індыкатары?
- АБСЕ не збіраецца выстаўляць краінам нейкія балы і потым іх параўноўваць. Ніякага спаборніцтвы краін - хто лепш, хто горш - не будзе. Мы спадзяемся, і нашы калегі ў АБСЕ таксама, што гэтыя індыкатары дапамогуць самім краінам зразумець, дзе ў іх нешта не ў парадку са свабодай сходаў і што варта выправіць.
- Як у іншых краінах ідуць справы са свабодай мірных сходаў?
- Праблемы ёсць усюды. Напрыклад, эксперты кажуць, што вельмі добрыя новыя законы аб мірных сходах прынятыя ў Малдове і Арменіі, але вельмі дрэнная іх імплементацыя і практыка прымянення: паліцыя працягвае працаваць па старых схемах, не разумее, чаго ад яе хочуць. Аднаго прыняцця закона недастаткова: трэба яго ўкараняць у практыку. Напрыклад, калегі з Грузіі распавядалі, што падчас нядаўніх пратэстаў шмат людзей было арыштавана і пацярпела ад гумовых куляў. Дык вось у Грузіі ёсць такая ж практыка, як і ў нас у Беларусі: адміністрацыйныя арышты за ўдзел у мірных сходах; гэтак жа ў чалавека няма часу падрыхтавацца да судовага пасяджэння, гэтак жа, як у Беларусі, ён атрымлівае невялікі тэрмін пазбаўлення волі.
- Мы звыкла лічым, што ў Беларусі са свабодай мірных сходаў справы ідуць горш няма куды. А як мы выглядаем на фоне іншых краін-удзельніц АБСЕ?
- У параўнанні з іншымі краінамі ў Беларусі ўсё не вельмі добра: ва ўладаў павінна быць хаця б якое-небудзь імкненне спрыяць рэалізацыі свабоды мірных сходаў. Мне здаецца, у іншых краінах яно ёсць, у адрозненне ад Беларусі. У нас і колькасць сходаў памяншаецца: цяпер, у сувязі з увядзеннем аплаты, значна менш людзей хочуць іх арганізоўваць і ўдзельнічаць. Наколькі я бачу, калегі з іншых краін ўспрымаюць Беларусь як краіну з вялікімі праблемамі ў сферы правоў чалавека і ў сферы мірных сходаў канкрэтна.
- Ці ёсць у іншых краін спецыфічныя праблемы са свабодай сходаў, адрозныя ад праблем у Беларусі?
- Вялікі блок на сустрэчы мы надалі недыскрымінацыйнаму падыходу да правядзення мірных сходаў: забеспячэнню ўдзелу ў іх дзяцей і моладзі, жанчын, прадстаўнікоў нацыянальнасці рома, людзей з інваліднасцю; якія ўмовы павінна забяспечыць дзяржава, каб уразлівыя групы былі ўключаны і маглі ў роўнай меры рэалізаваць свае права. Але мне здаецца, што ў Беларусі такой праблемы не стае: у нас свабода сходаў зачыненая для ўсіх. У мяне было дваістае ўражанне: з аднаго боку, мы абмяркоўваем правільныя рэчы; але з іншага, Беларусі яшчэ далёка да дыскрымінацыі. Нам бы разабрацца са свабодай сходаў у цэлым!
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96