Расія заплоціць кіраўніку "Камітэта супраць катаванняў» кампенсацыю за незаконнае затрыманне
Еўрапейскі суд па правах чалавека абавязаў Расею выплаціць кіраўніку «Камітэта супраць катаванняў» Ігару Каляпіну тысячу еўра за затрыманне на «Маршы нязгодных» у 2007 годзе. Рашэнне апублікавана на сайце суду.
Акрамя таго, як піша Медыязона, Расея абавязаная заплаціць Каляпіну за 2 600 еўра судовых выдаткаў.
Каляпіна затрымалі на няўзгодненай акцыі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Праваабаронца тлумачыў, што прыйшоў туды назіраць за дзеяннямі міліцыі, баючыся сілавога разгону акцыі (што ў выніку і адбылося). Яго даставілі ў аддзел і пратрымалі там некалькі гадзін, пасля чаго адпусцілі без пратаколу.
Кіраўнік «Камітэта супраць катаванняў» двойчы падаваў скаргу на затрыманне, але суды прызнавалі дзеянні міліцыі законнымі. Тады Каляпін звярнуўся ў ЕСПЧ.
Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў, што паліцыянты, якія ў той дзень затрымалі Каляпіна, парушылі артыкул 5 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека (права на асабістую свабоду і недатыкальнасць).
Ці затрымліваюць назіральнікаў у Беларусі?
У Беларусі ж пад час маніторынгу за акцыямі пратэсту нярэдка затрымліваюць і караюць адміністрацыйна праваабаронцаў і назіральнікаў. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся 25 сакавіка 2019 года, калі шэсць валанцёраў-назіральнікаў ад РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт» былі затрыманыя «людзьмі ў цывільным» падчас несанкцыянаванай акцыі 25 сакавіка 2018 года на мінскай плошчы Якуба Коласа. Усе яны мелі адпаведныя камізэлькі з надпісам «ControlBY" і "Назіральнік", а таксама бэйджы . Усіх іх, разам з іншымі затрыманымі, загрузілі ў аўтазак і адвезлі ў Савецкі РУУС Менску для складання пратаколаў адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
А 27 кастрычніка 2018 года праваабаронца “Вясны” з Гародні Віктар Сазонаў прыехаў у Свіслач і Якушоўку на Дзень памяці паўстанцаў 1863 года выключна як праваабаронца весці маніторынг масавага мерапрыемства. Ён прысутнічаў у Свіслачы, назіраў за мерапрыемствам і рабіў фотаздымкі. Характэрна, што ў аніводным рапарце міліцыянтаў не адлюстравана, што Віктар Сазонаў нешта рабіў на гэтай акцыі. Нягледзячы на ўсю юрыдычную абсурднасць гэтай адміністрацыйнай справы суд вынес пастанову і аштрафаваў праваабаронцу на 15 базавых велічынь.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96