Лідзія Ярмошына агучыла дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў
Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына агучыла найбольш верагодную дату выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — 30 жніўня 2020 года.
Згодна з заканадаўствам прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.
«Гэта, думаю, з вялікай верагоднасцю і ёсць дата выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, - сказала Ярмошына ў інтэрв'ю ОНТ. - Так, гэта лета. Але 30 жніўня - гэта дзень, калі ўжо ўсё прыязджаюць, у асноўным. Прынамсі, людзі, у якіх ёсць дзеці, з'язджаюцца студэнты. У асноўным насельніцтва, па большай частцы, будзе знаходзіцца па месцы сваёй рэгістрацыі».
30 жніўня – гэта якраз дзень нараджэння Аляксандра Лукашэнкі, якому ў 2020 годзе павінна споўніцца 66 гадоў.
На мінулым тыдні старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прапанавала правесці выбары ў Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада 2019 года.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96