"Вячэрні Магілёў" прайграў такі суд супраць антыэкстрэмісцкай камісіі Дапоўнена
Сёння, 16 жніўня, у Эканамічным судзе горада Мінска працягваецца разгляд справы па скарзе газеты “Вячэрні Магілёў”, рэдакцыя якой аспрэчвае рашэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праяваў экстрэмізму. "Вясна" будзе весці анлайн-рэпартаж наўпрост з залі суда.
Нагадаем, раней камісія ўгледзела прыкметы экстрэмізму ў двух матэрыялах выдання, у якіх ішла гаворка пра гвалт над ЛГБТ-людзьмі: «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» і «У ва што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў». На падставе рашэння камісіі Ленінскі РАУС Магілёва пачаў у дачыненні да газеты адміністрацыйны працэс па арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд і выраб інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць). Падчас судовых разбіральніцтваў у судзе Ленінскага раёна г. Магілёва юрыст выдання Станіслаў Леўчанка заявіў, што «Вячэрні Магілёў» абскарджвае рашэнне экспертнай камісіі. На падставе гэтага суддзя Аляксандр Бушкевіч часова прыпыніў разгляд справы ў магілёўскім судзе.
Суддзя Эканамічнага суда г. Мінска неаб'ектыўная?
На сённяшні суд прыйшло каля 12 чалавек: рэдакцыя "Вячэрняга Магілёва", іх група падтрымкі і журналісты. Таксама на судзе прысутнічаюць прадстаўнікі Акадэміі наук, у тым ліку з Цэнтра даследавання беларускай мовы і культуры. Судовы працэс пачаўся са спрэчкі. Журналіст "БелаПАН" хацеў сфатаграфаваць залю суда да пачатка судовага разбіральніцтва, але група падтрымкі "Вячэрняга Магілёва" пачала замінаць гэтаму і крычаць, што ён сваімі дзеяннімі нібы "тэрарызуе нормы Канстытуцыі". Сакратар суддзі спрабаваў данесці да іх, што да забароны суддзёй здымаць залю суда можна. Пры гэтым сакратар суддзі сабраў пашпарты ўсіх прысутнічых, у тым ліку журналістаў, каб перапісаць дадзеныя. Пасля ўнясення звестак у кампутар ён вярнуў пашпарты.
Як і папярэдняе, сённяшняе пасяджэнне вядзе суддзя Алеся Касьянчык. Але прадстаўнікі "Вячэрняга Магілёва" заявілі адвод суддзі. Яны выказалі недавер на падставе таго, што суддзя неаб'ектыўная, таму што ў папярэдні раз адмовіла ў хадайніцтвы ў лінгвістычнай экспертызе.
Для вырашэння хадайніцтва аб'яўлены перапынак, падчас якога ў залі суда гучыць верш "Стойка трымаўся юнак на дапросе"...
Заключэнне экспертнай камісіі несапраўднае?
Прадказальна, хадайніцтва ў адводзе суддзі адхілена.
Рэдакцыя "Вячэрняга Магілёва" прад'яўляе прэтэнзіі да Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, якія зводзяцца да наступных пытанняў:
- Як Камісія магла засядаць 11 гадзінаў, калі працоўны дзень складае 8 гадзін?
- Чаму Камісія не збіралася некалькі месяцаў?
- Ці сапраўды людзі з камісіі падпісалі экспертнае заключэнне?
- Чаму ні адзін спецыяліст з Акадэміі навук не можа даць тлумачэнне слову "пе**раст"?
На падстве гэтага прадстаўнікі газеты зрабілі выснову аб адсутнасці прэзумпцыі недаверу да камісіі. Далей "Вячэрні Магілёў" і спецыялісты Акадэміі навук спрабуюць вызначыцца наконт слова "пе**раст". Першыя, спасылаючыся на тлумачальныя слоўнікі, заяўляюць, што гэтае слова не з'яўляецца вульгарызмам.
Юрыст выдання Станіслаў Леўчанка просіць прызнаць заключэнне экспертнай камісіі несапраўдным. На што прадстаўнікі Акадэміі заявілі, што камісія дзейнічала кампетэнтна і ў рамках закона.
У сваю абарону рэдакцыя "Вячэрняга Магілёва" пачала спасылацца на тое, што яны цалкам салідарныя з патрыярхам ўсея Русі, які не лічыць гомасэксуалізм нормай. "Гэта грэх, які разбурае годнасць чалавека", — заяўляе рэдакцыя "ВМ". Таксама яны лічаць, што маральныя нормы не з'яўляюцца пытаннем права, таму і ніякага судовага разбіральніцтва ўвогуле не павінна быць. У якасці аргумента "ВМ" выдвінуў тое, што Беларусь з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай ААН, якія заклапочаны пытаннямі сям'і і ўвогуле ў грамадзян Беларусі ёсць "права на традыцыйныя каштоўнасці".
Прадстаўнікі "Вячэрняга Магілёва" ўвогуле ставяць пад сумневы кампетэнтнасць Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, таму што:
- яна не з'яўляецца дзяржаўным органам. Гэта грамадска-кансультацыйны орган;
- там засядаюць людзі з розных месцаў працы, яны "прымаюць удзел у камісіі на грамадскіх пачатках".
Прадстаўнікі "Вячэрняга Магілёва" таксама вырашылі звярнуць увагу суда на іншыя беларускія сродкі масавай інфармацыі:
"Маса СМІ Беларусі поўная праслаўленню неканстытуцыйнай змены ўлады, але чамусьці яны не выклікаюць рэакцыі ў Мінінфармацыі... Чаму не бачаць канфліктагенны патэнцыял ва ўсякіх перформансаў, якія ладзяць палітычныя структуры, фінансуемыя захадам?"
Па стане на 11:50, "Вячэрні Магілёў" працягвае выступаць у судзе, будуючы свой выступ на словах "вычварэнства", "хрысціянска-патрыятычныя каштоўнасці", "садамія", "біблейскія каштоўнасці" і гэтак далей...
"П**дэраст" — медыцынскі тэрмін?"
У судзе выступаюць прадстаўнікі зацікаўленага боку. Яны не прызнаюць скаргу, пададзеную “Вячэрнім Магілёвам”.
"Высновы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі можна абвергнуць па месцы знаходжання заяўніка – у судзе Леніскага раёна Магілёва, а ў эканамічным судзе разглядаюцца толькі працэсуальныя моманты", - сказаў зацікаўлены бок падчас свайго выступу.
На пытанне суддзі, як Камісія прыйшла да такой высновы, яе прадстаўнік падкрэслівае, што ў заключэнні яны не пісалі "знайшлі прыкметы экстрэмізму", паколькі яны не даюць прававой ацэнкі, а знаходзяць толькі негатыўныя моманты, а потым суд вырашае, ці маюць яны прыкметы экстрэмізму.
Пры вынясенні заключэння эксперты абапіраюцца на методыкі Расіі, паколькі ў Беларусі такіх экспертаў няма, - адзначае прадстаўнік Камісіі.
Прадстаўнік “Вячэрняга Магілёву” пытаецца, ці знаёмыя эксперты з практыкай Свярдлоўскага цэнтра процідзеяння экстрэмізму і просяцць час, каб звярнуліся да цэнтра Э са Свярдлоўска, які не лічыць экстрэмізмам дрэннае стаўлення да гомесэксуалізму.
Суддзя адхіляе хадайніцтва.
Даюць слова прафесару Інстытута беларускай мовы НАН Аляксандру Лукашанцу, які кажа, што не лічыць слова педэр**т вульгарыстам, а ўсяго толькі медыцынскім тэрмінам.
"З тых матэрыялаў, якія былі дасланыя, бачна, што слова педэ**ст выкарыстоўваецца ў прамым значэнні, а не ў пераносным. Аднак яно можа быць крыўдным для прадстаўнікоў гэтай групы людзей", - кажа навуковец.
Бакі спрачаюцца наконт адценняў значэння рознага напісання гэтага слова.
Суддзя пытаецца, што азначаюць словы канфліктагенны патэнцыял?
Загадчык кафедры псіхалогіі РІВШ Аляксандр Сізанаў кажа пра здольнасць ствараць канфлікты. І гэта не з'яўляецца навуковым паняццем. Гэта ўласцівасць тэксту, асобы, жыццёвае, карацей.
Суддзя: “А публікацыю “Вячэрняга Магілёва" можна назваць канфліктагенным патэнцыялам?
- Для адных так, для іншых – не, усё суб'ектыўна.
То бок, калі зэка назваць п***рам, то гэта канфлікт, а ў іншых выпадках – не, адзначае псіхолаг.
У судзе абвешчаны перапынак да 14-15.
Зачыталі 52-гі Псалом і пакінулі суд, не чакаючы рашэння
Прадстаўнік “Вячэрняга Магілёва” кажа, што двое экспертаў прызнаюць суб'ектыўнасць высноў, а значыць, і Камісія таксама была суб’ектыўнай ў сваім вывадзе.
Суд пераходзіць да даследавання пісьмовых матэрыялаў справы. Пасля спрэчак бакоў суддзя выйшла ў дарадчы пакой для прыняцца рашэння.
Пад час перапынку жанчына з групы падтрымкі зачытала 52 псалом з Псалтыра. Не чакаючы рашэння па скарзе прадстаўнікі "Вячэрняга Магілёва сышлі з судовай залі - заспяшаліся дамоў.
Суд выносіць рашэнне - у задавальненні скаргі "Вячэрняга Магілёва" аб прызнанні несапраўдным заключэння Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі адмовіць.
Рашэнне можа быць абскарджана на працягу 15 дзён.