viasna on patreon

Чаму Лукашэнка абрынуўся на сілавікоў? Адказ – у кейсах “Вясны”

2019 2019-08-20T15:00:39+0300 2019-08-21T13:35:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/silaviki-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрыншот з камеры відэаназірання Смаргонскага РАУС.

Скрыншот з камеры відэаназірання Смаргонскага РАУС.

Падчас нарады па пытаннях якасці працы праваахоўных органаў пры выяўленні і расследаванні злачынстваў, якая праходзіць 20 жніўня, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка жорстка крытыкаваў метады дзейнасці прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія нярэдка выкарыстоўваюць жорсткія сілавыя метады.

“Гэта бязмозглыя людзі, якім … не месца ў праваахоўнай сістэме!», – цытуе словы кіраўніка дзяржавы TUT.BY.

Праваабарончы цэнтра "Вясна" шмат год займаецца выяўленнем выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур, пры неабходнасці аказвае ахвярам неабходную прававую дапамогу.

Нагадаем некалькі падобных гісторый:

Справа Дзмітрыя Серады

Раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконных дзверэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай». 

Дзмітрый Серада ў судзе. Фота: ПЦ
Дзмітрый Серада ў судзе. Фота: ПЦ "Вясна".

На працягу трох гадоў Дзмітрый Середа атрымаў сем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, апошняя з якіх была вынесеная 20 ліпеня 2018 года следчым А.В. Супічэнкам.

І толькі 23 ліпеня суд Партызанскага раёна Мінска пастанавіў скаргу Дзмітрыя Серады задаволіць, пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў ОУС адмяніць, а матэрыялы адправіць на дадатковую праверку. 

Справа Аляксандра Акуліча

Аляксандр Акуліч памёр 26 траўня 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС ад рук супрацоўнікаў міліцыі, якія не выклікалі своечасова арыштанту хуткую дапамогу, а таксама збівалі яго і прымянялі спецсродкі. Гэта былі чацвёртыя з пяці сутак, на якія Аляксандр Акуліч быў змешчаны ў ІЧУ. Пасля таго, як Валянціна Акуліч прайшла ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі па факце гвалтоўнай смерці сына і не дамаглася ніякіх вынікаў, яна з дапамогай праваабаронцаў падрыхтавала і накіравала зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.

Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску
Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску.

Зварот быў зарэгістраваны ў КПЧ 12 чэрвеня 2017 года за нумарам 2987/2017. Затым кампетэнтныя органы Рэспублікі Беларусь накіравалі Пярэчанні ў Камітэт па правах чалавека ААН у сувязі з індывідуальным зваротам.

 Справа Святланы Сакалоўскай

Ноччу 1 студзеня 2018 года Святлана Сакалоўская ў прыўзнятым настроі і з сябрамі па традыцыі прыйшла на навагоднюю ёлку да Чыжоўка-арэны, дзе ў гэты час праходзіў святочны канцэрт. Ад той трагічнай ночы прайшоў ужо год, але гісторыя мінскай актрысы, якая тады абляцела ўсе беларускія СМІ, ніяк не можа прыйсці да свайго лагічнага завяршэння.

Справа ў тым, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яе сяброўку і хлопца. Жадаючы разабрацца ў сітуацыі, Святлана падбегла да аўтобуса, але раптам адзін з супрацоўнікаў міліцыі рэзка ляпнуў дзверцамі аўтобуса, спецыяльна, каб ударыць па руцэ. А затым яна атрымала моцны ўдар па галаве дубінкай і ўпала, страціўшы прытомнасць. У бальніцы хуткай дапамогі канстатавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсенне галаўнога мозгу і удар кісці рукі.

Святлана Сакалоўская. Фота: ПЦ
Святлана Сакалоўская. Фота: ПЦ "Вясна".

Упраўленне Следчага камітэта па Заводскаму раёну Мінска пачало праверку па заяве пацярпелай, аднак, відаць, там не надта дбалі пра яе вынікі. Некалькі разоў праверку працягвалі і ўрэшце канчаткова адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Апроч таго, доўгі час следчыя адмаўлялі Святлане і яе адвакату ў законным праве азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, парушаючы тым самым законныя правы дзяўчыны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна", занепакоены сітуацыяй вакол парушэння правоў актрысы Святланы Сакалоўскай, звярнуўся да спецыяльных  дакладчыкаў ААН.

Праваабаронцы палічылі, што беларускія ўлады парушылі правы дзяўчыны, а таксама правы яе адваката, якому чыніліся перашкоды пры азнаямленні з матэрыяламі крымінальнай справы з боку супрацоўнікаў Упраўлення Следчага камітэта па Заводскім раёна г. Мінска. Нарэшце, больш чым праз год, Цэнтральны апарат Следчага камітэта РБ прызначыў новую праверку па гэтай зацягнутай па часе справе. Зараз ізноў аднавіліся следчыя дзеянні і, магчыма, крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўніка АМАПу будзе нарэшце ўзбуджаная.

Справа Барыса Змітровіча

... У жыхара Смаргоні Барыса Змітровіча дробная спрэчка з жонкай ўвечары 14 студзеня 2017 года паслужыла падставай для затрымання, падчас якога ён быў моцна збіты і атрымаў хімічны апёк вачэй. Збіццё працягвалася ў памяшканні дзяжурнай часткі міліцыі, куды яго даставілі неўзабаве.

zmitrobich-1.png
Барыс Змітровіч. Фота: ПЦ "Вясна".

За гэты час у Следчым камітэце прынялі 3 пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця. Ва ўсіх пастановах дзеянні супрацоўнікаў прызнаныя правамернымі. Скаргу на апошнюю пастанову зараз разглядае Гарадзенская абласная пракуратура. Адхіленыя былі і скаргі па факце збіцця пры затрыманні, пададзеныя ў службу асабістай бяспекі міліцыі. Наталля Змітровіч поўная рашучасці адстаяць справядлівасць у дачыненні да сына і працягвае абскарджанне неправамерных дзеянняў смаргонскіх міліцыянтаў.

Справа Дзмітрыя Качановіча

Увечары 16 кастрычніка 2018 года кампанія маладых людзей адпачывала ў адной з менскіх кавярняў – у аднаго з сяброў нарадзіліся блізняты. Сталі разыходзіцца рана, каля 9-й вечара. На вуліцы прыяцелі ў жартаўлівай форме пачалі змагацца, дэманструючы свае спартыўныя навыкі. Хтосьці з мінакоў, відаць, прыняў жарты мужчын за сапраўдную бойку і выклікаў міліцыю. Міліцэйскі патруль сяброў затрымаў.

kachanovich-3.png
Дзмітрый Качановіч. Фота: ПЦ "Вясна".

«Адзін з працаўнікоў, мяркуючы па пагонах – старэйшы сяржант, раптам нанёс мне не менш за тры ўдары нагой. Вось прама як я быў у вісячым стане на круку… Біў па рэбрах, а затым, накінуўшы на твар капюшон маёй курткі, ударыў нагой па твары. Прыяцель мой, які знаходзіўся за дзвярыма, пытаўся ў іншых працаўнікоў міліцыі ўсхвалявана: «Чаму ён там так крычыць?» Але яму толькі казалі, што твой сябар проста забаўляецца. Пасля таго, як мяне змясцілі ў камеру, я неаднаразова прасіў выклікаць лекара, але на ўсе просьбы чуў толькі адно: «Ды не здохнеш ты, нічога з табой не здарыцца», – успамінае Дзмітрый.

Дзмітрый Качановіч звярнуўся ў раённы аддзел Следчага камітэту з заявай аб правядзенні праверкі па факце ягонага збіцця ў міліцыі.

Справа Ігара Пцічкіна 

У 2013 годзе на «Валадарцы» раптоўна памёр нібыта ад сардэчнай хваробы малады мінчук Ігар Пцічкін. Ён адбываў тры месяцы арышту за паўторную язду на аўтамабілі без правоў.

Сваякі не пагадзіліся з заключэннем афіцыйнай экспэртызы пра прычыны смерці вязня, бо ўбачылі на ягоным целе сляды катаванняў і звярнуліся да праваабаронцаў і медый. Гісторыя атрымала вялікі розгалас. Суд па справе аб смерці Ігара Пцічкіна адбыўся ў 2016 годзе.

 Ігар Пцічкін

На судзе стала вядома, што Ігара Пцічкіна ахоўнікі прывязвалі да ложка, больш за суткі не давалі піць і хадзіць у прыбіральню. У выніку фельчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў быў асуджаны на 2 гады і 9 месяцаў абмежаваньня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў.

Збіццё затрыманага супрацоўнікам міліцыі – гэта службовае злачынства

Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў – наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, альбо дзяржаўным або грамадскім інтарэсам.

Наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства