Валянцін Стэфановіч: Гэтая сістэма парадзіла беспакаранасць
Рэзкая ацэнка кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён даў працы сілавікоў, не здзівіла беларускіх праваабаронцаў. Па словах юрыста праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянціна Стэфановіча, ужо шмат гадоў прыходзіцца сутыкацца са свавольствам супрацоўнікаў міліцыі, з выпадкамі грубага парушэння правоў грамадзянаў, у тым ліку катаваннямі, жорсткім бесчалавечым абыходжаннем, цытуе словы праваабаронцы Беларускае Радыё Рацыя.
– Нашыя праваахоўныя органы, не толькі МУС, але і Следчы камітэт, і пракуратура, фактычна не рэагуюць на скаргі, не ўзбуджаюць крымінальныя справы, дзе павінны быць узбуджаны, не прыцягваюць вінаватых да крымінальнай адказнасці, згодна закону, за здзяйсненне злачынстваў у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і г.д. Лічаныя выпадкі былі даведзены да суда, калі сапраўды вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці. Гэта параджае беспакаранасць сістэмы, таму што калі супрацоўнік міліцыі ведае, што ў любым выпадку яго ніхто не пакарае, то ён і можа весці сябе, як сказаў кіраўнік краіны, „абарзеўшы” і „абурэўшы”.
Аднак па меркаванню Валянціна Стэфановіча, гэтыя нарады наўрад ці дадуць нейкі плён — пакрычыць кіраўнік краіны і супакоіцца. Патрэбны сістэмныя рэформы, большая празрыстасць органаў, стварэнне нацыянальных інстытутаў па абароне правоў чалавека, у прыватнасці, офіса адмысловага ўпаўнаважанага.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96