У спатканні — адмоўлена! Што рабіць палітвязню, калі ў яго няма сваякоў?
Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік атрымаў адмову ад адміністрацыі папраўчай калоніі №9 у Горках на сваю просьбу аб кароткачасовым спатканні з палітвязнем Міхаілам Жамчужным. Спатканне не даюць, бо Жамчужны “не мае ніякіх выключных абставінаў для яго атрымання”, паведамляе "Віцебская Вясна".
Сваё жаданне сустрэцца з палітвязнем Леанід Свецік аргументаваў тым, што знаходзіцца з Жамчужным у сяброўскіх і прафэсійных стасунках, ужо больш за тры гады вядзе з ім пастаянную перапіску. Апроч таго, зазначыў, што магчымасць кароткачасовага спаткання з тымі, хто адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі, прадугледжаная заканадаўствам (ч.3 арт.83 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
Аднак на просьбу аб спатканні адміністрацыя горацкай калоніі адказала адмоўна. Начальнік ПК-9 Петраковіч тлумачыць у лісце, што Жамчужны “...адбывае меру дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе пераводу ў памяшканне камэрнага тыпу і не мае ніякіх выключных абставінаў для спаткання”.
Праваабаронца напісаў скаргу ў ДВП
З такім рашэннем праваабаронца Леанід Свецік не згодны. Ён лічыць, што пры вырашэнні пытання аб дазволе на кароткачасовае спатканне, неабходна найперш кіравацца прынцыпамі гуманнасці і недыскрымінацыі.
Міхаіл Жамчужны – пенсіянер, ён не мае блізкіх людзей, з якімі мог бы перыядычна сустракацца. Тым больш, што ў апошні час ён больш за 400 сутак правёў у ШІЗА і ПКТ – то бок ва ўмовах жорсткай ізаляцыі, і практычна разарваў сацыяльныя сувязі з сябрамі, сваякамі і з праваабарончай супольнасцю краіны. Гэта ёсць сур'ёзным аргументам для дазволу на першае кароткае спатканне за больш чым 4 гады знаходжання Міхаіла Жамчужнага ў месцах адбыцця пакарання.
“Для абароны правоў і законных інтарэсаў палітвязня Жамчужнага я звярнуўся са скаргай ва ўпраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. У скарзе прашу адмяніць рашэнне начальніка ПК-9 Петраковіча і дазволіць мне кароткачасовае спатканне са зняволеным Жамчужным у любы прадугледжаны законам перыяд часу”, – паведаміў “Віцебскай Вясне” Леанід Свецік.
Псіхалагічнае катаванне Жамчужнага працягваецца
Леанід Свецік расказаў, што палітвязень Міхаіл Жамчужны працягвае знаходзіцца ў ізаляцыі. “Прычым ізаляцыя гэтая мае тэндэнцыі да ўзмацнення жорсткасці”, – паведаміў праваабаронца.
У апошнім лісце палітвязень паведаміў, што пачынаючы ад 26 ліпеня адправіў праваабаронцу чатыры лісты, два з якіх былі знішчаныя адміністрацыяй калоніі “за шкоду ахоўваных законам правам дзяржорганаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзянаў”.
Жамчужны просіць папярэдзіць усіх сваіх адрасатаў, што лісты, у якіх піша пра здароўе і ўмовы ўтрымання, не будзе прапускаць служба пэрлюстрацыі калоніі. Апроч віцебскага праваабаронцы, не атрымалі лісты ад палітвязня Мікола Дзядок і Вольга Нікалайчык.
Міхаіл Жамчужны збіраецца абскардзіць дыскрымінацыйныя дзеянні кіраўніцтва калоніі “як від псіхалагічнага катавання і разарвання сацыяльных сувязяў”.
"Хачу напісаць вязню!" Распавядаем, як гэта зрабіць
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96