viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2019

2019 2019-09-02T11:53:11+0300 2019-09-02T15:55:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vokladka_august_2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Як вынікае з лістоў, стан яго здароўя значна пагоршыўся;
  • 19 жніўня судовыя выканаўцы наклалі арышт на маёмасць вядомага брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна, раней асуджанага да штрафу ў памеры 360 базавых (9 180 рублёў) судом Ленінскага р-на г. Брэста за паклёп і абразу супрацоўнікаў міліцыі. Беларуская праваабарончая супольнасць лічыць пераслед блогера С. Пятрухіна палітычна матываваным;
  • 5 жніўня прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ аб прызначэнні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Прадстаўнікі БХК і ПЦ “Вясна” абвясцілі пра пачатак кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”;
  • на працягу месяца фіксаваліся выпадкі адміністратыўнага пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў;
  • 20 жніўня прэзідэнт краіны А. Лукашэнка выступіў з рэзкай крытыкай у дачыненні да некаторых прадстаўнікоў МУС і следчых органаў на нарадзе з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Сярод іншага ён указаў на наяўнасць фактаў незаконных метадаў вядзення следства, незаконнага ўжывання гвалту ў дачыненні да грамадзян і фальсіфікацыі крымінальных справаў. Выступленне прэзідэнта атрымала вялікі грамадскі рэзананс, аднак прававыя наступствы агучаных Лукашэнкам фактаў пакуль невядомыя;
  • 27 жніўня ў Мінску прайшла арганізаваная Саветам Еўропы і Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь канферэнцыя «Грамадская думка і смяротнае пакаранне ў Рэспубліцы Беларусь». Як вынікае з выступу на канферэнцыі кіраўніка працоўнай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, які ўжываецца ў Беларусі, Андрэя Навумовіча, увядзенне мараторыя на прымяненне смяротнай кары цi яе поўная адмена ў бліжэйшы час у Беларусі не прадбачыцца ў сувязі з падтрымкай беларускім грамадствам гэтага віду пакарання;
  • у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай, без бачных пазітыўных зменаў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

На працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Пасля таго, як палітвязень Міхаіл Жамчужны 70 сутак правёў у ШІЗА, адміністрацыя папраўчай калоніі №9, дзе ён адбывае пакаранне, перавяла яго на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Як паведамляе “Віцебская Вясна”, за час знаходжання ў ізалятары Жамчужны страціў усякую сувязь са знешнім светам, не атрымаў ніводнага ліста або газеты. У сваім лісце Міхаіл Жамчужны паведамляе таксама аб праблемах са здароўем.

За два апошнія гады ён падаў 9 заяваў на набыццё вітамінаў. Ніводная з іх не была разгледжаная ні начальнікам медчасткі, ні тэрапеўтам, ні начальнікамі атрада і калоніі. Скаргі, накіраваныя ў ўпраўленне аховы здароўя Магілёўскай вобласці, у абласныя і рэспубліканскія органы выканання пакарання, таксама вынікаў не далі.

З-за недахопу вітамінаў ў палітвязня пачалі крываточыць дзясны, расхістваюцца і выпадаюць цалкам здаровыя зубы. Лечаць гэтыя праблемы сімптаматычна — антыбіётыкамі і болесуцішальнымі сродкамі.

19 жніўня судовыя выканаўцы з аддзела прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста ў межах крымінальнай справы наклалі арышт на маёмасць вядомага брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна.

Нагадаем, 18 красавіка гэтага года суд Ленінскага раёна прызнаў Сяргея Пятрухіна вінаватым у публічных паклёпе і абразе міліцыянтаў і прысудзіў да штрафу ў памеры 360 базавых (9 180 рублёў) у даход дзяржавы. Акрамя таго, блогера абавязалі пакрыць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам міліцыі (у агульнай складанасці 7 500 рублёў) і выдаткі на адваката.

За ўхіленне ад выплаты штрафу прадугледжана крымінальная адказнасць.

Парушэнне свабоды мірных сходаў

1 жніўня суддзя Вольга Гусакова (суд Маскоўскага раёна Мінска) вынесла рашэнне па пазове аб скасаванні дамовы на аказанне паслуг па ахове правапарадку падчас мітынгу і канцэрта 24 сакавіка 2019 года да ГУУС Мінгарвыканкама заяўнікаў акцыі Дзень Волі ў Кіеўскім скверы з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР — Юрася Губарэвіча, Вольгі Кавалькова, Мікалая Казлова і Ігара Барысава і сустрэчным — аб спагнанні з арганізатараў сродкаў па дамове. У задавальненні пазову палітыкам адмоўлена. З арганізатараў на карысць ГУУС спагнана з улікам пені 8 013 рублёў.

Арганізатары мірнага сходу настойваюць на тым, што ГУУС няякасна аказала паслугі па дамове на ахову грамадскага парадку на масавым мерапрыемстве і завысіла суму аплаты.

Раней, калі арганізатары адмовіліся аплачваць паслугі міліцыі і заявілі пра намер звярнуцца ў суд, на іх былі складзены пратаколы на падставе ч. 2 арт. 23.34 КаАП “Парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства”, і суд аштрафаваў кожнага з іх на 30 базавых велічыняў (765 рублёў).

Праваабаронцы негатыўна ацэньваюць заканадаўства, якое ўвяло аплату за ажыццяўленне адной з асноўных свабодаў. Новы парадак аплаты за паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас мірных сходаў ужо стаў эфектыўным інструментам уладаў па падаўленні не толькі пратэстнай актыўнасці, але і ў цэлым любых грамадскіх публічных ініцыятываў, якія могуць ахопліваць заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах (уключаючы адзіночныя пікеты).

У Брэсце суддзя Сяргей Маручак за ўдзел у акцыі пратэсту супраць будаўніцтва экалагічна небяспечнага завода аштрафаваў Віктара Мігалюка на 76,5 беларускіх рублёў.

Адвольныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў

Праваабаронцы “Вясны” праінфармавалі Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытаннях заахвочвання і абароны правоў чалавека ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам Фіянуалу Ні Аолайн пра выпадкі незаконнага выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў Беларусі і пераслед грамадзян за публікацыю кантэнту, які, на думку ўладаў, можа прывесці да распальвання расавай, нацыянальнай ці іншай нянавісці і варожасці.

У розных абласцях Беларусі сутыкнуліся з пераследам па месцы вучобы актывісты кампаніі «Пратэст BY», якія заявілі пра намер правесці адзінкавыя пікеты. Так, у Магілёве навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Аляксей Майсееў падвергнуўся ціску дырэктара з прапановай адклікаць заяўку на пікет. Тая ж гісторыя адбылася ў Оршы: аб заяўцы студэнта Аршанскага каледжа ВДУ імя Пятра Машэрава супрацоўнік выканкама паведаміў па месцы вучобы, у сувязі з чым са студэнтам была праведзена гутарка аб неабходнасці адклікаць пададзеную заяўку.

Выбары

5 жніўня прэзідэнт падпісаў указ аб прызначэнні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і ПЦ “Вясна” ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” распачалі назіранне за выбарчым працэсам.

Забароненае абыходжанне і катаванні

Праваабаронцы “Вясны” звярнуліся да Спецыяльнай дакладчыцы ААН па пытанні аб гвалце ў адносінах да жанчын Дубраўкі Шымановіч з просьбай заклікаць беларускія ўлады правесці эфектыўнае і дбайнае расследаванне фактаў зневажальнага годнасць абыходжання супрацоўнікамі праваахоўных органаў у дачыненні да непаўналетняй А.: тая паведаміла, што стала ахвярай грубага абыходжання з боку супрацоўнікаў міліцыі, таксама былі груба парушаныя яе працэсуальныя правы.

Праваабаронцы з Магілёва запатрабавалі ў тэрміновым парадку правесці праверку ўмоваў і ўзроўню натуральнага асвятлення ў камерах СІЗА і турмы. У якасці тэрміновай меры па выпраўленні сітуацыі яны патрабуюць абавязаць кіраўніцтва ВУ «Турма №4» прыбраць з вокнаў камер жалезныя жалюзі-«вейчыкі» і замяніць іх на краты, якія забяспечваюць бесперашкоднае максімальнае пранікненне дзённага святла ў турэмныя камеры.

Зняволены ВК-15 г. Магілёва Пётр Кучура 3 красавіка звярнуўся ва Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да начальніка калоніі за перавышэнне ім службовых паўнамоцтваў (арт. 424 КК): зняволены абвінаваціў прадстаўніка адміністрацыі калоніі ў нанясенні пяці удараў. Праверка Следчага камітэта завяршылася вынясеннем пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы; 15 жніўня пастанова была адмененая, праверка працягнутая. Пра сітуацыю апавешчаны Спецдакладчык ААН па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання.

Адноўленая праверка па справе Яны Яцыновіч, якая была жорстка затрыманая амапаўцамі ў сакавіку 2017 года. На Дзень Волі 25 сакавіка 2017 года адзін з амапаўцаў, які затрымліваў дзяўчыну, нанёс ёй некалькі ўдараў па галаве, пасля чаго ў Яны пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем. Паваротным момантам стала далучэнне да скаргі Яцыновіч відэа, дзе выразна відаць твар амапаўца, які яе затрымліваў, і голас яго “калегі”, які яе потым збіў.

Пасля таго, як прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка агучыў сур'ёзныя прэтэнзіі на адрас сілавых ведамстваў у сувязі са шматлікімі фактамі парушэння імі правоў грамадзян, аднавіліся праверкі па заявах пацярпелых ад міліцэйскай жорсткасці. Сярод іх — праверкі па заявах Дзмітрыя Серады з Мінска і Барыса Змітровіча са Смаргоні.

Смяротнае пакаранне

27 жніўня ў Мінску прайшла канферэнцыя “Грамадская думка і смяротнае пакаранне ў Беларусі”. Падзея арганізавана Саветам Еўропы і працоўнай групай Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнай кары.

На мерапрыемстве прысутнічаў і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

Нягледзячы на ​​тое, што ў час яе правядзення начальнік галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі МЗС Беларусі Андрэй Бушыла заявіў, што ў Беларусі і Савета Еўропы “няма прынцыповых рознагалоссяў з нагоды перспектыў вышэйшай меры пакарання”, кіраўнік працоўнай групы Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблематыкі смяротнага пакараньня як інструмента пакарання, які ўжываецца ў Беларусі, Андрэй Навумовіч у чарговы раз агучыў пазіцыю афіцыйнага Мінска па дадзенай праблеме — мараторый на прымяненне смяротнай кары будзе ўведзены толькі калі колькасць яго прыхільнікаў у грамадстве стане меншым за колькасць яго праціўнікаў.

Такім чынам, увядзенне мараторыя або поўная адмена смяротнага пакарання ў Беларусі ў бліжэйшы час не прадбачыцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства