viasna on patreon

Дзень Волі-2019: арганізатары абскардзілі штраф у Мінгарсуд

2019 2019-09-05T16:27:13+0300 2019-09-05T17:19:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dv-2019-arganizatary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Арганізатары Дня волі на мітынгу-канцэрце ў Кіеўскім скверы. 24 сакавіка 2019 г. Фота: Радыё Свабода

Арганізатары Дня волі на мітынгу-канцэрце ў Кіеўскім скверы. 24 сакавіка 2019 г. Фота: Радыё Свабода

Як паведамляе "Беларускі партызан", заяўнікі Дня Волі-2019 года абскардзілі ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда рашэнне суда Маскоўскага раёна, які аштрафаваў іх на 8013.11 рублёў.

Нагадаем, арганізатары мерапрыемства разарвалі дамову аб ахове грамадскага парадку з ГУУС Мінгарвыканкама, таму што падчас мерапрыемства былі выкрадзеныя некалькі актывістаў.

1 жніўня суд Маскоўскага раёну Мінску адмовіў Ігару Барысаву, Мікалаю Казлову, Вользе Кавальковай і Юрыю Губарэвічу ў задавальненні іскавых патрабаванняў да ГУУС Мінгарвыканкама аб скасаванні дамовы аб аказанні паслугаў па ахове грамадскага парадку.

Суд задаволіў іскавыя патрабаванні мінскай міліцыі аб спагнанні сумы запазычанасці, працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі, няўстойкі ў агульнай суме 8013.11 рублёў.

22 жніўня арганізатары Дня Волі атрымалі матывавальную частку судовага рашэння на рукі. Пазоўнікі не згодныя з рашэннем, лічаць яго незаконным і неабгрунтаваным, а таму - падлягаючай адмене. Суд не даў ацэнку довадаў заяўнікаў аб тым, што ГУУС Мінгарвыканкама няякасна аказала паслугі па ахове грамадскага парадку.

Сума працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі склала 197.36 рублёў, сума ж няўстойкі - 1440.75 рублёў. Арганізатары Дня Волі лічаць, што "памер няўстойкі перавышае памер стаўкі рэфінансавання, устаноўленай Нацбанкам Рэспублікі Беларусь (9.50% з 14 жніўня 2019 г.)", а таксама больш чым у сем разоў перавышае памер працэнтаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі (197.36 рублёў).

Акрамя таго, суд не ўлічыў, што чацвёра заяўнікаў Дня Волі раней аштрафаваныя судом Цэнтральнага раёна г. Мінска (пастановы ад 30 красавіка 2019 г. i ад 02 мая 2019 г.) за нясплату паслугаў па ахове грамадскага парадку па ч. 2 арт. 23.34 КаАП.

Разам з тым, пастанова Савета Міністраў №49 ад 24 студзеня 2019 г. "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслугаў па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства" у пункце 6 вельмі выразна і даступна рэгулюе сітуацыі, калі паміж бакамі праваадносінаў узнікаюць рознагалоссі:

"Урэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і АУС, спецыялізаванай арганізацыяй па пытаннях аплаты паслуг і выдаткаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дамоваў шляхам правядзення перамоваў або ў судовым парадку".

Суд пры вынясенні рашэння і вызначэнні сумы асноўнага доўгу, адсоткаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі, а таксама няўстойкі не ўлічыў, што Ігар Барысаў, Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова і Юрась Губарэвіч былі аштрафаваныя кожны на 30 базавых велічынь на суму 765 рублёў насуперак працэдуры, названай у п. 6 Пастановы Савета Міністраў №49 - шляхам правядзення перамоваў паміж бакамі або ў судовым парадку.

Пазоўнікі просяць адмяніць рашэнне суда Маскоўскага раёна, адмовіць ГУУС Мінгарвыканкама ў задавальненні іскавых патрабаванняў да іх, вынесці новае рашэнне па сутнасці спрэчкі аб скасаванні дамовы заяўнікоў з ГУУС Мінгарвыканкама па аказанні паслуг па ахове грамадскага парадку.

"Пакуль Мінскі гарсуд не разгледзеў нашу скаргу, няма сэнсу нічога плаціць. А калі Мінгарсуд не прыме нашыя аргументы і пакіне рашэнне ў сіле, тады ў нас будзе 30 дзён, каб усе выплаціць. Не аплацім - значыць, да нас у госці прыйдуць судовыя выканаўцы, апішуць маёмасць, арыштуюць тэлефоны і накладуць забарону на выезд за мяжу", - жартуе старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства