Адказ намесніка пракурора Магілёўшчыны праваабаронцам: у турме і СІЗА ўсё "оkey"
У адказ на скаргу ў Генеральную пракуратуру магілёўскія праваабаронцы атрымалі дзіўны адказ ад намесніка пракурора вобласці Сяргея Сільвановіча.
Скончыўшы перапіску з адказнымі за пэнітэнцыярную сістэму ў Магілёўскай вобласці чыноўнікамі, праваабаронцы «Магілёўскай вясны» месяц таму накіравалі зварот у Генеральную пракуратуру.
Гаворка ў скарзе ішла пра ўмовы ўтрымання грамадзян у папраўчай установе «Турма №4», у склад якой уваходзяць рэжымны корпус магілёўскага СІЗА і ўласна будынак турмы.
ПРАКУРАТУРА ЯК ПОШТА?
Грамадзяне, якія знаходзяцца ў СІЗА да суда, а значыць яшчэ невінаватыя, вымушаныя губляць здароўе з-за пастаяннага паўзмроку і кругласутачнага штучнага асвятлення. Прычына – ва ўжыванні «металічных жалюзі», якія прывараны з вонкавага боку да вокнаў рэжымных карпусоў. Іх металічныя палоскі не прапускаюць у камеры натуральнае святло. Такія ўмовы ўтрымання на працягу месяцаў прыводзіць да рэзкага пагаршэння зроку вязняў.
У ходзе перапіскі высветлілася, што акрамя парушэння міжнародных абавязацельстваў (Мінімальных стандартных правілаў ААН у дачыненні абыходжання з зняволенымі) установы ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС па Магілёўскай вобласці ігнаруюць і беларускія законы, не звяртаючы ўвагі на санітарна-гігіенічныя нормы.
Нажаль, у лепшых традыцыях паштовай службы Генеральная пракуратура пераслала скаргу праваабаронцаў у пракуратуру Магілёўскай вобласці. Персанальна яе вырашыў разгледзець намеснік пракурора вобласці, старшы саветнік юстыцыі Сяргей Сільвановіч.
СУПЯРЭЧЫЦЬ САМ САБЕ
Намеснік пракурора вобласці адзначыў, што на скаргі, пададзеныя праваабаронцамі раней, ужо дадзены адказ аб адпаведнасці ўмоў утрымання асоб пад вартай патрабаванням дзеючага заканадаўства. Аднак у наступным абзацы старшы саветнік юстыцыі супярэчыць сам сабе. «Замеры натуральнай асветленасці ў камерах не праведзеныя з прычыны адсутнасці магчымасці выканання методыкі вымярэння, звязанай са спецыфікай названых памяшканняў», – піша ён.
Але тады адкуль жа намеснік пракурора вобласці ведае, што ўмовы ўтрымання адпавядаюць закону, калі замеры, якія патрабуюцца законам, не былі зроблены?
Але і гэта яшчэ не ўсё. Што тычыцца Санітарных норм і правілаў, якія рэгулююць патрабаванні да асвятлення памяшканняў жылых і грамадскіх будынкаў, то намеснік пракурора вобласці лічыць, што для турмаў яны наогул не прадугледжаныя. Падобна на тое, старшы саветнік юстыцыі не здагадваецца, што ў СІЗА выкарыстоўваюцца тыя ж нормы, што і ў яго працоўным кабінеце.
Чаму чалавек, які, відавочна, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаў дзяліць грамадзян на катэгорыі: камусьці светлы пакой, а каму – вязніца?
Як трактуе закон, вязні СІЗА да рашэння суда застаюцца невінаватымі. Вялікая верагоднасць таго, што яны будуць апраўданы. І тут дарэчы будзе ўспомніць гісторыю галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача, які правёў у менскім СІЗА 50 месяцаў і ў ліпені месяцы быў апраўданы судом. Чаму яго права на здароўе было абмежавана?
Мноства падобных пытанняў пакуль застаецца без адказаў. Таму праваабаронцы рыхтуюць новую скаргу ў Генпракуратуру, у тым ліку і на адказ намесніка пракурора вобласці. Што тычыцца ўмоў утрымання ва ўстановах сістэмы ДВП МУС, то падобныя праблемы характэрныя для ўсіх беларускіх турмаў і СІЗА. Усяго такіх устаноў дзевяць: тры турмы – у Магілёве, Гродне і Жодзіна; і шэсць СІЗА – у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Баранавічах і Бабруйску. У іх утрымліваецца больш за 6 тысяч чалавек.
Паводле mspring.online