viasna on patreon

На нарадзе АБСЕ абмяркуюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні выбараў

2019 2019-09-16T08:51:13+0300 2019-09-20T13:22:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/osce-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

У межах Нарады АБСЕ па выкананні абавязальніцтваў у галіне чалавечага вымярэння, якая распачала працу ў Варшаве 16 верасня і працягнецца два тыдні, запланаваны шэраг мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці.

Сярод іншага, на гэтай буйнейшай еўрапейскай канферэнцыі па правах чалавека беларускія няўрадавыя арганізацыі 26 верасня правядуць паралельнае мерапрыемства, прысвечанае агляду становішча з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў.

Арганізатарамі дыскусіі "Грамадзянская супольнасць і правы чалавека  ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў" з'яўляецца Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі ў супрацы з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend ды камітэтам абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць". Як чакаецца, Спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі сп-ня Анаіс Марын далучыцца да гэтай дыскусіі.

Мерапрыемства адбудзецца 26 верасня з 13:30 да 14:30 ў комплексе Варшаўскага нацыянальнага стадыёна, (PGE Narodowy), Aleja Poniatowskiego 1, GATE 1, 2-гі паверх.

У ходзе прэзентацыі прадстаўнікі беларускіх НДА ацэняць апошнія заканадаўчыя змены, якія тычацца свабоды сходаў, свабоды асацыяцый, барацьбы з прапагандай экстрэмізму, узмацненнем датычных няўрадавых арганізацыяў захадаў па барацьбе з адмываннем грошаў і фінансаваннем тэрарызму, запланаваныя ўрадам змены ў законы аб грамадзкіх аб'яднаннях і палітычных партыях, а таксама змякчэнне адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый.

Ад імя ўнутранай кааліцыі па назіранні за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" будзе прадстаўлены агляд першых этапаў выбарчай кампаніі. Удзельнікі таксама выкладуць меркаванне адносна вынікаў Міжведамаснага плана рэалізацыі рэкамендацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь у рамках механізмаў ААН (вядомага як Нацыянальны план па правах чалавека), які ажыццяўляецца ўрадам Беларусі з лістапада 2016. Таксама будуць выказаныя ацэнкі адносна падрыхтоўкі да будучага трэцяга раўнду Універсальнага Перыядычнага Агляду па Беларусі, які запланаваны на сесіі Савета ААН па правах чалавека на травень 2020 года.

Беларускія НДА падчас гэтага паралельнага мерапрыемства прадставяць свежую маніторынгавую справаздачу "Змены ў прававым асяроддзі для НКА і свабода асацыяцыяў у Беларусі", якая ахоплівае першую палову 2019 года.

Напярэдадні, на пляцоўцы АБСЭ адбудзецца яшчэ адна дыскусія па сітуацыі ў Беларусі, якую арганізуе Беларускі дом у Варшаве (пройдзе 23 верасня у залі №3, пачатак а 8:15 раніцы). З поўным пералікам паралельных мерапрыемстваў, што запланаваныя сёлета на HDIM, можна азнаёміцца па спасылцы.


Нарада па чалавечым вымярэнні (HDIM) дзяржаў-удзельніц АБСЕ  з'яўляецца найбуйнейшай канферэнцыяй па правах чалавека і дэмакратыі ў Еўропе. Яна арганізуецца кожны год Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) у якасці платформы для 57 дзяржаў-удзельніц АБСЕ, партнёраў АБСЕ па супрацоўніцтве, структур АБСЕ, грамадзянскай супольнасці, міжнародных арганізацый і іншых зацікаўленых суб'ектаў для кантролю за выкананнем абавязацельстваў АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння, абмеркавання звязаных з гэтым праблем, абмену перадавым вопытам і рэкамендацыямі па далейшым удасканаленні. У гэтым годзе HDIM пройдзе з 16 па 27 верасня.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства