viasna on patreon

"Нічога для нас без нас". Чаму чалавек у інвалідным вазку балатуецца ў дэпутаты

2019 2019-09-20T16:54:20+0300 2019-09-20T22:48:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sheuka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдатам у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў вылучаецца чалавек у інвалідным вазку - Яўген Шэўка. У выпадку яго абрання ў Парламент, ён "абнуліць" 30-гадовы тэрмін адсутнасці там чалавека з бачнай інваліднасцю (адзіным дэпутатам на вазку каля 30 гадоў таму быў Мікалай Калбаска).

Евгений Шевко. Фото: ПЦ
Яўген Шэўка. Фота: ПЦ "Вясна".

Сам Яўген з'яўляецца старшынёй Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. "Вясна" вырашыла пацікавіцца, што ў першую чаргу Яўген хоча даказаць самому сабе, а таксама грамадскасці сваім рашэннем вылучыцца ў кандыдаты.

"Палата прадстаўнікоў – гэты орган дзяржаўнай улады, на мой погляд, больш прадстаўнічы, а не парламентарыйскі. Так ужо склалася ў Беларусі, – кажа Яўген. – Таму павінна быць прадстаўніцтва розных груп насельніцтва, кожная з якіх адстойвала б свае пазіцыі. У тым ліку і прадстаўнікі групы з інваліднасцю".

Вылучэнец адзначае, што «інваліднасць» – нашмат больш шырокае паняцце, чым проста людзі ў інвалідных вазках. Карысці ад дзейнасці ў імя людзей з інваліднасцю атрымліваюць і тыя, хто належыць да фізічна аслабленых людзей: гэта і цяжарныя жанчыны, і людзі з дзіцячымі вазкамі, і маленькія дзеці і г.д.

"І ўсе гэтыя людзі могуць быць атрымоўцамі карысці ад той дзейнасці, якую я вяду зараз, і планую праз парламент ўзмацняць", – падкрэслівае Яўген.

Успамінаючы пра адзінага дэпутата у Беларусі на вазку Мікалая Калбаска, Яўген адзначае, што ён змог зрабіць шмат для людзей з інваліднасцю.

"Як раз падчас яго дэпутацтва з'явіўся Закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў. Гэта быў 1991 год, і дагэтуль ён дзейнічае. Але зараз надышоў час мяняць гэты закон, і я лічу важным, што пры змене старых законаў і прыняцці новых павінна быць прадстаўніцтва ад групы людзей з інваліднасцю ў тых органах, якія прымаюць заканадаўчыя змены", – адзначае Яўген.

Вядома, ў занясенні правак і прапаноў у рэдакцыі законаў і ў новыя законы прымае ўдзел і грамадзянская супольнасць (і Яўген Шэўка быў сярод іх). Але гэтыя праўкі часта губляюцца ў тых органах, якія маюць права вырашаць, прымаць іх ці не. Таму абранне ў Парламент для Яўгена важна, так як гэты орган мае ўладу над тым, каб пакідаць нейкія папраўкі або дадаць новыя.

"Вось там «нашага» чалавека няма", – падкрэслівае Яўген.

Акрамя гэтага, у 2016 годзе Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю (у той час як сусветнай грамадскасці яна была прадстаўлена ў 2006 годзе).

"Падпісанне Канвенцыі сведчыць пра тое, што Беларусь хоча мяняцца, па-іншаму глядзець на праблему інваліднасці. Трэба мяняць і законы, і падыходы, і лад жыцця. Таму гэта таксама своеасаблівы сімвал і знак да таго, што ў органах улады неабходны прадстаўнікі людзей з інваліднасцю, якія б гучна заявілі пра гэтую важную для іх пазіцыю. Зразумела, што [існуючыя] дэпутаты – людзі разумныя, з вопытам і гэтак далей, але паколькі яны не прадстаўляюць нашу мэтавую групу і ім не «баліць» гэта дзесьці ў душы, то яны ставяцца да гэтага па-свойму. Тыя праблемы, пра якія я і мае калегі крычым і гаворым, яны могуць лічыць не вельмі важнымі. «Перабесяцца» і не варта прымаць да ўвагі, [думаюць яны]".

Бо хто як ня людзі з інваліднасцю могуць разумець, як будзе лепш для іх саміх? «Нічога для нас без нас» – такім прынцыпам кіруецца Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю, дзе ў сувязі з гэтым падкрэсліваецца: у органах кіравання павінны быць прадстаўлены і людзі з інваліднасцю. Хоць у Парламенце ўжо 30 гадоў не было дэпутата з інваліднасцю (а калі і былі, то іх інваліднасць зрокава невідавочная), то і ў органах мясцовай улады людзей з інваліднасцю вельмі мала або няма наогул.

"За той час, як Канвенцыя падпісана, я пакуль не чуў, каб нейкі райвыканкам або аддзел чаго-небудзь прыняў да сябе на працу чалавека з інваліднасцю на якую-небудзь пасаду", – заўважае Яўген Шэўка. – Гэта таксама прабел, і, спадзяюся, што яго зачыню хоць у нейкай маленькай частцы".

Яўген лічыць, што не толькі ў Парламенце павінны быць людзі з інваліднасцю, але і ў мясцовых Саветах дэпутатаў, у органах дзяржкіравання, у Міністэрствах працы, аховы здароўя, адукацыі ... Увогуле, людзі з інваліднасцю павінны быць прадстаўлены ў як мага большай колькасці органаў улады.

"Гэта ўсё дазволіць дасягаць мэтаў, да якіх мы ідзем", – падкрэслівае Яўген.

Але пры гэтым сам вылучэнец у кандыдаты адзначае, што не ставіць для сябе ніякай палітычнай павесткі:

"Лічу, што акрамя палітыкі ў краіне шмат іншых пытанняў. Многія палітыкі зацыкленыя на нейкіх сваіх пытаннях, накшталт «класавай барацьбы». Я думаю, ёсць іншыя вялікія пытанні, якія блізкія народу і іх трэба таксама вырашаць. Вось я па гэтай лініі і рухаюся", – каментуе Яўген, і дадае: "Я за тое, каб такіх людзей, як я, было больш. Зараз ідзе своеасаблівая шуміха: "як гэта так, інвалід на калясцы вылучыўся"!  Але я [выступаю] за тое, каб я быў не адным такім, бо тады б мы змаглі больш шырокім фронтам адстойваць свае пазіцыі".

Аднак у іншых людзей, якія патэнцыйна маглі б прадставіць праблемы інваліднасці ў Парламенце, пакуль няма такой жа рашучасці.

Разам з тым, Яўген лічыць, што нават калі не патрапіць у Парламент, то ён дзейнічаў не дарма. Бо яго дзейнасць зможа прыцягнуць большую ўвагу да праблем людзей з інваліднасцю (а таксама фізічна аслабленых людзей).

"Бо органы ўлады як бы за тое, каб нешта мянялася ў лепшы бок: каб людзі з інваліднасцю жылі лепш, багацей і камфортней і каб не ўшчамляліся іх правы. Яны ўсё за гэта. Але на жаль шлях да гэтага светлай будучыні занадта доўгі. І нашымі актыўнымі дзеяннямі яго трэба скарочваць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства