viasna on patreon

Праваабаронцы патрабуюць адкрытага судовага разбіральніцтва па справе Дзмітрыя Паліенкі

2019 2019-09-23T17:26:11+0300 2019-09-26T15:38:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palienka_6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Патрабуем адкрытага судовага разбіральніцтва крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі з забеспячэннем прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва

Мінск, 23 верасня 2019 г.

Як стала вядома праваабаронцам, судовы працэс па крымінальнай справе актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі 25 верасня ў Мінскім гарадскім судзе будзе адбывацца ў закрытым рэжыме.

Дзмітрый Паліенка, прызнаны ў перыяд адбыцця папярэдняга пакарання беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнем і вязнем сумлення Amnesty International, быў ізноўку затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 20 сакавіка 2019 г. па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (прымяненні газавага балончыка ў дачыненні грамадзяніна, з якім у Дзмітрыя нібыта адбыўся канфлікт) і змешчаны ў СІЗА.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў лютым 2019 г. Дзмітрый ужо затрымліваўся міліцыяй па падазрэнні ў нанясенні графіці пра супрацоўнікаў міліцыі на адным з будынкаў г. Мінска ў межах узбуджанай па гэтым факце крымінальнай справы па арт. 341 КК .

Пазней яму было прад’яўленае абвінавачванне адразу па некалькіх артыкулах КК – ч.3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, альбо іншай сацыяльнай варожасці ці розні), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Як нам стала вядома, Дзмітрый Паліенка на дадзены момант не прызнае віны па ўсіх інкрымінаваных яму абвінавачваннях.

Пры гэтым некаторыя з прад’яўленых яму абвінавачванняў, па нашым меркаванні, з’яўляюцца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання і ствараюць новыя небяспечныя формы пераследу грамадзянаў за публічную крытыку дзейнасці дзяржаўных органаў і прадстаўнікоў улады.

Так, у прыватнасці, Дзмітрыю Паліенку прад’яўлена абвінавачванне ў распальванні варожасці, якое, па меркаванні следства, ажыцяўлялася ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы – супрацоўнікаў міліцыі.

Дадзенае абвінавачванне было прад’яўлена на падставе аналізу органамі следства  відэароліка, распаўсюджанага ў сеці Інтэрнэт, на якім невядомыя асобы робяць графіці пра супрацоўнікаў міліцыі на фоне песні расійскага гурта “Тэлевізар” “Менты убивают молодых”. На прыканцы роліка з’яўляюцца некалькі плакатаў і лозунгаў з крытыкай міліцыі, у тым ліку і выява былога міністра ўнутраных справаў І. Шуневіча. На падставе гэтага ж аналізу следства прыйшло да высновы аб наяўнасці ў роліку яшчэ і  прыкметаў абразы прадстаўніка ўлады – былога міністра ўнутраных спраў І. Шуневіча.

У сувязі з гэтым мы адзначаем, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў і органаў міліцыі ў прыватнасці не з’яўляюцца асобнай сацыяльнай групай, а крымінальная адказнасць за распальванне варожасці найперш павінна прадухіляць ад распальвання варожасці ў дачыненні да  ўразлівых групаў грамадства па забароненых дыскрымінацыйных прыкметах, а ніяк не да  прадстаўнікоў улады, дзяржаўных органаў і міліцыі ў прыватнасці.

Тое ж датычыцца і крымінальнай адказнасці за абразу прадстаўніка ўлады.

Артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе права на свабоду перакананняў і іх выказвання. Пры гэтым, у мэтах павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў устаноўлены дапушчальныя абмежаванні гэтага права.

Аднак дадзеныя абмежаванні не павінны звязвацца са службовым становішчам тых асобаў, пра якіх распаўсюджаны звесткі або інфармацыя. 

Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі скасаваць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, або, як мінімум, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Парламенцкая Асамблея АБСЕ заклікала да адмены ўсіх законаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асобаў, дзяржавы або яе органаў. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ і ААД па пытаннях свабоды слова заяўлялі, што «крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы пра крымінальны пераслед за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці».

Такім чынам, узровень абароны супраць дыфамацыйных формаў выказвання меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюду зневажальных звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару) у службовых асобаў дзяржавы, у тым ліку прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзянаў.

Справа Дзмітрыя Паліенкі ў чарговы раз падкрэслівае неабходнасць скасавання крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя правапарушэнні ў якасці першага кроку да адмены артыкулаў 367, 368, 369, 369-1, 391 Крымінальнага кодэкса.

Мы лічым, што службовай асобе, якая была прызнаная пацярпелай па крымінальнай справе па абвінавачванні Дзмітрыя Паліенкі, павінны быць забяспечаныя іншыя меры прававой абароны яе гонару і годнасці, у тым ліку ў грамадзянска-прававым парадку на роўных умовах з іншымі асобамі.

Таксама адзначаем, што нанясенне графіці, якое інкрымінавана Дзмітрыю Паліенку і кваліфікавана як апаганьванне і псаванне маёмасці, з'яўляецца злачынствам мінімальнай грамадскай небяспекі, пакаранне за якое не звязана з пазбаўленнем волі.

Адносна рашэння Мінскага гарадскога суда правесці закрытае судовае паседжанне па дадзенай крымінальнай справе, мы адзначаем, што ў адпаведнасці з Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, прад'яўлянага яму, на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона. СМІ і публіка могуць не дапускацца на ўсе судовае разбіральніцтва або частку яго па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або - у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, - пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя.

Пры ацэнцы справядлівасці судовага разгляду неабходна сыходзіць і з ацэнкі спосабаў атрымання доказаў. Прынцып справядлівасці суда патрабуе не толькі адпаведнасці дзеянняў праваахоўных органаў нацыянальнаму заканадаўству, але таксама закранае якасць закона, патрабуючы ад яго адпаведнасці прынцыпу вяршэнства права.

Таксама нагадваем, што згодна з палажэннямі Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, прынятага ў тым ліку і беларускай праваабарончай супольнасцю, пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах альбо Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў, пры наяўнасці палітычных матываў такога пераследу, з’яўляецца падставай для прызнання такіх асобаў палітычнымі зняволенамі. 

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Правядзення адкрытага судовага пасяджэння па крымінальнай справе Дзмітрыя Паліенкі з захаваннем усіх гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва.
  2. Пры судовым разглядзе справы Дзмітрыя Паліенкі кіравацца міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, якія вынікаюць з міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, ратыфікаванага краінай.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”

Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend"

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта"»

Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства