Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Каментар: Ці ёсць у людзей з інваліднасцю перашкоды ў доступу да адукацыі? Пра свае гісторыі распавядуць маці дзяцей з сіндромам Даўна Ксенія ды Ірына, Сяргей Драздоўскі, які перамяшчаецца на інвалідным вазку, а таксама Надзея, дзяўчына з парушэннем зроку.
Падзея: Анансуем Тыдзень Супраць смяротнага пакарання, які адбудзецца з 5 па 10 кастрычніка. Далучыцца да Тыдня ўсіх, хто прытрымліваеца гэтай ідэі, запрашае яго арганізатар Андрэй Палуда. Ужо запланаваны мерапрыемствы разам з Беларускім Пэн-цэнтрам і яго дырэктаркай Таццянай Нядбай, з дэбатным клубам Дыспут, пра дзейнасць якога распавядзе яго каардынатар Зміцер Гамеза, ды інш. Традыцыйным мерапрыемствам падчас Тыдня з’яўляецца фэст “Рок за жыццё”, дзе выступаюць беларускія музычныя гурты, якія падтрымліваюць ідэю адмены смяротнага пакарання. Свой асабісты аргумент мае і Аляксандр Ільін, вакаліст Nizkiz, які таксама возьме ўдзел у фэсце. Па ўсіх буйных (і не толькі) гарадах Беларусі плануецца бясплатны распаўсюд спецвыпуску газеты “Народная воля”, пра што распавядзе супрацоўніца ПЦ “Вясна” Алена Лапцёнак. А ў падтрымку Тыдня ўжо выказваюцца вядомыя людзі, сярод іх — амбасадарка Швецыі ў Менску Крысціна Юханэсан.
Каментар эксперта: У Цэнтры міжнародных даследаванняў у Жэневе прайшла Еўрапейская рэгіянальная кансультацыя па Агульных заўвагах Камітэта па правах чалавека ААН па артыкуле №21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) «Права на мірныя сходы». Мерапрыемства наведала праваабаронца Наталля Сацункевіч. Разам з ёй па кроках разбярэмся, якое значэнне МПГПП мае для нацыянальнага заканадаўства Беларусі, ці адпавядае ўспрыманне мірных сходаў беларускай джяржавай міжнародным стандартам, ці могуць удзельнічаць у масавых мерапрыемствах непаўнагадовыя — і напрыканцы адкажам на пытанне, ці ў Беларусі магчымы такі ж мірны сход, як і той, які пабачыла Наталля каля Палаца нацый ААН у Жэневе.
Асоба: Таццяна Тур — дзяўчына, якая перажыла хатні гвалт у дзяцінстве. Зараз яна скончыла акадэмію мастацтваў ў Ерусаліме, а сваю дыпломную працу прысвяціла гэтай складанай тэме. Гэта вызвала рэзананс у ізраільцян. У той жа час у Беларусі дагэтуль адсутнічае закон аб хатнім гвалце.
Апытанка: Берасцейцы, якія чарговы раз выйшлі на вуліцы горада супраць АКБ, аналізуюць бягучую сітуацыю ў дачыненні да словаў Аляксандра Лукашэнка, які іх нібыта падтрымаў падчас сваго апошняга візіта.
У музычных паўзах — Harmonix college, а таксама рэп супраць смяротнага пакарання ад гурта “Прадмова”.