viasna on patreon

18 дзён у шпіталі. Міліцыянта, які збіў кіроўцу, хаваюць, бо ягоны кіраўнік ідзе на павышэнне

2019 2019-09-24T12:10:23+0300 2019-09-24T12:12:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/saroka-2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віталь Сарока пасля збіцця. Фота: belsat.eu

Віталь Сарока пасля збіцця. Фота: belsat.eu

Напаў упоцемку са спіны і біў міліцэйскімі ботамі ў твар са словамі: «Наступным разам – заб’ю». Гэтак святкаванне Вялікадня скончылася для кіроўцы паштовага аддзялення Узды, 42-гадовага Віталя Сарокі. Паводле інфармацыі belsat.eu, дагэтуль мужчына не здолеў прыцягнуць да адказнасці крыўдзіцеля, працаўніка мясцовага РАУСу Андрэя Карачуна. Паводле Віталя Сарокі, нападніка хаваюць ад пакарання ў шпіталях, бо начальнік РАУСу ідзе на павышэнне, а аддзел не першы год лідзіруе ў рэйтынгу найлепшых у краіне.

«Наступным разам – заб’ю»

У 1990-я Віталь Сарока служыў у памежных войсках, а пазней, каб пракарміць сям’ю, пайшоў у дальнабойнікі. Апошнія дваццаць гадоў працуе кіроўцам у паштовым аддзяленні. 27 красавіка ўвечары мужчына адпачываў у суседа на шашлыках.

Каля 22:00 да іх прыехала інспектарка ў справах няпоўнагадовых Алена Сяргеева з участковым Алегам Казлоўскім. Сямʼя знаёмца Віталя Сарокі стаіць на ўліку як праблемная. Алена Сяргеева прыехала спраўдзіць, ці спіць дачка суседавай сужыцелькі, але паводзіла сябе па-хамску. Жанчына лаялася і звярталася да ўсіх на «ты».

«Я сказаў, што дзіцё паесць і пойдзе спаць. Папрасіў супакоіцца і не абражаць прысутных, мяне, маю сямʼю, і не тыкаць. На што яна сказала: ты яшчэ пашкадуеш. Разам з участковым Казлоўскім яны з’ехалі», – распавядае belsat.eu Віталь.

Віталь Сарока пасля збіцця. Фота: belsat.eu
Віталь Сарока пасля збіцця

Мужчына не звярнуў увагі на пагрозы і працягнуў смажыць мяса, але праз 15 хвілінаў нехта напаў на яго са спіны, паваліў на зямлю і пачаў збіваць нагамі. У нападніку Віталь пазнаў сужыцеля Сяргеевай інспектара ДАІ Андрэя Карачуна.

«Ён называў мяне ўродам і пагражаў наступным разам забіць. Збіваў мяне ў службовых ботах, я не біў у адказ. Сяргеева і ўчастковы ўсё бачылі ды не спынілі яго. Інспектарка трымала майго знаёмца, каб ён не ўмешваўся. У нейкі момант яна сказала: «Андрэй, хопіць, кінь яго». Яны разам з’ехалі, кінуўшы мяне пад плотам. Знаёмы выклікаў міліцыю», – кажа мужчына.

18 дзён у шпіталі

Віталь самастойна дайшоў да дому, дзе яго сустрэлі жонка і дачка. Яны ж аказалі першую дапамогу. Пазней з’явіліся працаўнікі міліцыі. Праваахоўнікі ўзялі тлумачэнні, але скаргу на Андрэя Карачуна браць адмовіліся і везці на медагляд не захацелі.

«Яны пачалі бл*каць: маўляў, на сваіх скаргаў не прымаем. На агляд і ў панядзелак сам можаш паехаць. Прыйшоў следчы, ён прыняў маю заяву, мы паехалі ў хуткую».

У мясцовы шпіталь Віталя завезла жонка. Мужчыну зрабілі аналізы і здымкі, уначы ён трапіў у палату хірургіі. Следчы запэўніў мужчыну, што ў панядзелак 29 красавіка яго накіруюць на судова-медычную экспертызу, але і медыкі і праваахоўнікі перашкаджалі Сароку трапіць да спецыяліста.

«У нашым горадзе такога эксперта няма. Яны не хацелі выпускаць са шпіталю і даваць накіраванне: маўляў, мне нельга цяпер варушыцца. Я патрабаваў зрабіць МРТ галавы, бо балела, тэмпература трымалася 37,2, а неўролаг сказаў, што мне не патрэбная тамаграфія».

Віталь Сарока ўсё ж дамогся экспертызы. У высновах эксперта, акрамя гузакоў на галаве і твары, было страсенне галаўнога мозгу і ўдар нырак – разам васямнаццаць траўмаў. Пад кропельніцай у шпіталі ён прабыў 18 дзён.

«Ніхто не верыў, што я пайду ў суд»

Пацярпелы распавядае, усе былі ў шоку, што ён напісаў заяву на міліцыянта.

«Сяргеева пагражала суседу, каб ён замоўк і не сведчыў супраць Карачуна. Яны думалі, што выйду, забяру скаргу. У шпіталь прыходзілі калегі Карачуна, некалькі асобаў за раз, – паглядзець, што ён са мной зрабіў. Яны кажуць, што ён тады быў цвярозы. Некаторыя мяне шкадавалі, ёсць і тыя, хто спыніў кантакты са мной і маёй жонкай. А я акрамя пошты развожу пенсіі, таму мне выдаюць зброю. Кожны дзень я атрымліваю і здаю пісталет, бачу іх у аддзяленні і не разумею, як ім не сорамна глядзець мне ў вочы».

 Віталь Сарока пасля збіцця. Фота: belsat.eu

Атрымаўшы адмову на прапанову не падаваць ў суд, Алена Сяргеева хацела адпомсціць, прыцягнуўшы Віталя да адміністратыўнай адказнасці за знявагу. Маўляў, у ноч збіцця Сарока першы яе абразіў, і ў яе ёсць відэадоказ. Аднак суд высветліў, што жанчына першая пачала лаяцца і справакавала скандал.

Начальнік РАУСу хацеў заплаціць за маўчанне

Мужчыну абяцалі, што крыўдзіцеля звольняць, інспектарку Сяргееву разжалуюць да капітана, аднак да справы не дайшло. Віталь распавядае, што кіраўнік Уздзенскага РАУСу Андрэй Бярозка прыязджаў і прасіў памірыцца, не даводзіць справы да суда. Сказаў, што кампенсуюць маральную і матэрыяльную шкоду, якую мужчына ацаніў на $ 2500.

«Грошы, гаварылі, перададуць праз трэцюю асобу. Я сказаў, што не, дасылайце на картку або электронны перавод. На гэтым і скончылася, ніхто са мной не звязваўся».

Віталь Сарока пасля збіцця. На галаве бачны след ад бота

Супрацоўнікі міліцыі не рабілі дакладнага правярання паводле заявы, сцвярджае Віталь Сарока. Мужчына кажа, што допыт сведкаў адцягвалі, а ягоная жонка сама бегала, шукала сведкаў.

Следчы камітэт кваліфікаваў справу паводле артыкулу 153 КК («Лёгкія цялесныя пашкоджанні»). Правяранне скончылі 10 чэрвеня і напісалі пацярпеламу, што той можа звярнуцца ў суд, каб распачаць крымінальную справу супраць Карачуна.

Разгляд справы зайшоў у тупік

Андрэй Карачун за ўвесь гэты час ані разу не з’явіўся на паседжаннях. Кожны раз за яго прыносілі бальнічныя лісты, адкрытыя за дзень да судовага разгляду.

«Карачун хаваецца ў шпіталях. Нібыта ўвесь час хварэе. Я пытаюся: чаму вы не камісуеце яго, калі ён хварэе з красавіка? У той жа час ён гойсае па горадзе, і бачылі яго неаднаразова. Суддзя таксама стаміўся ад гэтага фарсу. Аднойчы ён спрабаваў зрабіць выязное паседжанне. Пакуль збіраў даведкі, Карачуна рэзка выпісалі. Усё ідзе па коле. Як толькі прызначаецца паседжанне, Карачун – зноў у шпіталі. І кожны раз у новым».

Заключэнне доктара пасля збівання Віталя Сарокі
Заключэнне доктара пасля збівання Віталя Сарокі

Віталь Сарока пісаў міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву, але атрымаў адпіску з УУС Менаблвыканкаму, што бальнічныя – сапраўдныя, і хворага нельга прыцягнуць да адказнасці, пакуль ён не выздаравее. Таксама яму параілі самастойна знайсці Карачуна, каб даказаць, што ён ашуквае. Такія паводзіны Віталь тлумачыць тым, што ў лістападзе Андрэй Карачун датэрмінова выходзіць на пенсію.

«Відаць, цягнуць час. Пагатоў начальнік РАУСу ідзе на павышэнне, не хочуць псаваць статыстыку, паводле якой Уздзенскае аддзяленне міліцыі – у тройцы найлепшых у краіне».

У пятніцу 20 верасня Андрэя Карачуна павінныя былі выпісаць з чарговага шпіталю. Суд загадаў прывесці яго ў суд сілком. Аднак пакуль інфармацыі пра наступнае паседжанне няма.

Рэдакцыя belsat.eu спрабавала ўзяць каментар у кіраўніка Уздзенскага РАУСу Андрэя Бярозкі, аднак ён не адказаў на тэлефанаванні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства